Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол
Рэжым Лукашэнкі надае вялікую ўвагу ідэалагічнай апрацоўцы дзяцей. Гэта тычыцца як беларускіх, так і ўкраінскіх дзяцей.
З пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны каманда НАУ працуе над зборам доказаў здзяйснення Лукашэнкам і ягонымі саўдзельнікамі ваеннага злачынства — незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей, у тым ліку сірот, з часова акупаваных Расіяй украінскіх тэрыторый у Беларусь.
Каманда НАУ ўжо ўстанавіла асабістыя дадзеныя дзясяткаў украінскіх дзяцей, незаконна вывезеных з тэрыторыі Украіны. Пры гэтым усяго, паводле нашых звестак, з больш чым 20 акупаваных гарадоў і населеных пунктаў Украіны ў Беларусь было вывезена больш за 3 тысячы ўкраінскіх дзяцей.
Падчас незаконнага перамяшчэння і знаходжання ўкраінскіх дзяцей у Беларусі, сістэмай Лукашэнкі была арганізаваная праграма перавыхавання пад выглядам г. зв. рэабілітацыйнай праграмы ў лагеры «Дубрава». Сюды ўваходзяць сустрэчы з прадстаўнікамі г. зв. Саюзнай дзяржавы, рэжыму Лукашэнкі, РПЦ, мотаклубаў «Начныя Валькірыі» і «Начныя ваўкі», а таксама прадстаўнікамі БРСМ і прапагандыстамі.
Больш за тое, з апублікаваных прапагандыстамі Лукашэнкі фатаграфій відаць, што дзяцей навучаюць асновам абыходжання са зброяй.
Сыходзячы з сабраных доказаў, мы можам заявіць: дзеці ўдзельнічалі ў праграме мерапрыемстваў, якая ўтрымлівала элементы палітычнага, а менавіта антыўкраінскага, пралукашэнкаўскага і пракрамлёўскага перавыхавання.
Важным з'яўляецца тое, што падчас слуханняў па дакладзе аб сітуацыі ў Беларусі Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека прадстаўнік Украіны адзначыў, што «дэпартацыя дзяцей у Беларусь — ваеннае злачынства». Дадзенае абмеркаванне праходзіла некалькі дзён таму ў Жэневе ў рамках пасяджэння Савета ААН па правах чалавека.
НАУ адзначае важнасць заяўленай афіцыйнай пазіцыі Украіны, іншых краін і міжнародных арганізацый па пытанні незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей, іх індактрынацыі і перавыхавання на тэрыторыі Беларусі.
Мы працягнем працу па зборы доказаў і іх наступнай перадачы ў Офіс Пракурора МКС, уладам Украіны для прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці за ўчыненае ваеннае злачынства.
Comments