Намеснік кіраўніка НАУ Уладзімір Астапенка ў інтэрв'ю каналу Маланка Live
Еўрапейскія палітыкі ўжо неаднаразова заяўлялі, што ў цяперашняй сітуацыі ніякіх перамоваў з Лукашэнка быць не можа. Сёння, калі рэжым спрыяе правядзенню агрэсіі супраць Украіны і ўчыніў мноства злачынстваў не толькі супраць уласнага народа, але і супраць чалавечнасці, Лукашэнка лічыцца абсалютна недагаворным, ён таксічны для любога палітыка. Даўшы сваю тэрыторыю для ажыццяўлення агрэсіі, Беларусь у адпаведнасці з міжнародным правам стала саўдзельнікам агрэсіі.
Лукашэнка не рызыкнуў аддаць загад аб уводзе беларускіх узброеных сіл ва Украіну, паколькі баявы дух арміі быў далёкі ад неабходнага для вядзення вайны, ніякай матывацыі ў нашых салдат не было і не магло быць. Яны хутчэй кінулі б зброю ці здаліся ў палон, таксама была высокая верагоднасць таго, што яны маглі развярнуцца і пайсці ў іншы бок. У тым, што Лукашэнка быў змушаны адмовіцца ад прыняцця такога рашэння, вялікая заслуга беларускага народа і дэмакратычных сіл.
Украіне даводзіцца прыкрываць сваю паўночную мяжу, аслабляючы важныя для сябе ўсходнія і паўднёвыя напрамкі, таму што беларуская мяжа ўжо аказалася «празрыстай» для вялікай колькасці расійскіх танкаў, якія бесперашкодна праехалі ва Украіну і ў значна меншай колькасці вярнуліся назад.
Сёння тэрыторыя Беларусі аказалася ва ўладзе акупацыйных войскаў, з якімі цесна супрацоўнічае марыянеткавы ўрад. Прызнанне гэтага факта азначае, што акупацыйныя ўлады не маюць права прымаць рашэнні, якія мянялі б юрыдычны статус захопленай тэрыторыі і ва ўстаноўлены момант павінны яе пакінуць. Важна прасоўваць гэтую тэму на міжнародным узроўні.
Мы павінныя патрабаваць вываду расейскіх войскаў, мы павінныя настойваць на тым, што Беларусь застанецца незалежнай і суверэннай дзяржавай, а народ Беларусі атрымае магчымасць на сумленных выбарах выбіраць для сябе легітымныя органы ўлады. У сувязі з гэтым марыянеткавым урадам тут няма месца.
Commenti