Як прайшла нядаўняя сустрэча Лукашэнкі з губернатарам Новасібірскай вобласці і чаму мы наогул вырашылі звярнуць на яе ўвагу? Давайце разбярэм яе змест.
«Спакойна не будзе! Нас хочуць разарваць!» — ледзь не з парога заявіў Лукашэнка губернатару Траўнікаву і амбасадару Расіі Грызлову, забыўшыся хіба што паказаць карту, адкуль рыхтуецца разрыў.
І тут жа пачаў распавядаць, што трэба зрабіць, каб не «разарвалі». А трэба, правільна, нафтадаляры не на замежную «жратву» марнаваць (гэта цытата), а на яго, на любімага сябра Сашу. Але гэта далёка не ўсе запыты Лукашэнкі.
Яшчэ, на ягоную думку, трэба «не дубляваць вытворчасці» ў Расіі і Беларусі, а купляць у Лукашэнкі тое, што ў яго ёсць. Напрыклад, самазагаральныя аўтобусы.
Таксама трэба даць Лукашэнку магчымасць «дапамагчы» рускім і ў працы на «далёкай дузе» — гэта значыць прапусціць яго з палаткай «купляйце беларускае» не толькі на расійскі, але і на суседнія рынкі. Рынкі тых краін, якія ўсё яшчэ гандлююць з Расіяй.
І, вядома, трэба даць Лукашэнку пабольш цэнтраў, праз якія ён «будзе працаваць у Расіі». Новасібірск тут для Лукашэнкі асабліва важны, бо без яго, як ён выказаўся, «няма Расіі ці, як мінімум, паловы».
Увогуле, Лукашэнка сабраўся асвойваць Сібір. А праз яе — і ўсё астатняе.
Бо на Беларусь і ў Расіі, і на «далёкай дузе», з ягоных слоў, «попыт найвялікшы». Праўда, у чым выяўляецца гэты попыт — так і засталося незразумелым.
Вось толькі чамусьці на еўрапейскім рынку, ды і ў цэлым на заходнім, «найвялікшага попыту» не назіраецца... Пад санкцыямі цэлыя сектары эканомікі, замежныя кампаніі сыходзяць з Беларусі. Вось і ўвесь попыт.
«Сышлі — да пабачэння!» — харахорыцца на гэта Лукашэнка.
А чаму сышлі? А чаму ўведзеныя санкцыі? Гэта ж не ты, а табе сказалі «да пабачэння», бо ніхто ў цывілізаваным свеце не хоча працаваць з дыктатарамі, вайсковымі агрэсарамі і злачынцамі.
І самае цікавае, што нават у той жа Расіі не вельмі хочуць «працаваць» так, як прапануе Лукашэнка — яны ж там таксама самі з вусамі. Таксама пад санкцыямі, таксама ізгоі. Ім таксама патрэбныя грошы.
Вось толькі ў іх ёсць нафта, газ, якія можна худа-бедна прадаваць нават цяпер. А вось у Лукашэнкі — нічога няма. Акрамя рэшткаў беларускага суверэнітэту. Гэта і ёсць тое адзінае, што ён на самай справе можа Расіі прапанаваць наўзамен на ўсе свае хацелкі, наўзамен на допуск да рынкаў, на Сібір і нафтадаляры. І што яе насамрэч цікавіць.
«Трэба рабіць сваю Айчыну» — так ён гэта называе. І менавіта гэта ён і робіць. І намякае, маўляў, калі і далей будуць такія «рухі ў эканоміцы і добрыя стасункі з Расіяй» — пад якімі ён, мяркуючы з усяго, мае на ўвазе бясконцыя адтэрміноўкі крэдытаў, чарговыя 4 мільярды «бязвыплатных паступленняў ад замежных дзяржаў», а на справе — з Расіі.
Але трэба больш. Бо «грошай лішніх няма» — санкцыі працуюць, кармушкі Лукашэнкі пусцеюць, а апетыты не памяншаюцца. І вусаты жабрак ужо бессаромна і ў адкрытую патрабуе грошай і доступу на рынкі, заяўляючы, што калі яму іх даць, то тады, цытата, «і агітаваць нікога не прыйдзецца». Агітаваць на што? На ператварэнне Беларусі ў частку Расіі?
Вось што прадае Лукашэнка. Не «купляйце беларускае», а «купляйце Беларусь». Але разумеючы, што цяпер ён задзірае цану нават па расійскіх мерках, ён па звычцы ўключае шантажыста і палохае Крэмль «шырокімі дакладамі» сваёй разведкі і спецслужбаў: «Спакойна не будзе! Нас разарвуць, разбураць адзінства!»
Ці купіць гэта Расія? Гандляр з 30-гадовым стажам, відаць, разлічвае, што так. Але ці ў тым ён становішчы, каб шантажаваць свайго «старэйшага брата»? А вось гэта наўрад ці.
І чакаць яшчэ 5 гадоў, якія выпрошвае для сябе Лукашэнка, там, падобна жаданнем не гараць. Бо гэтак жа як і ён, там разумеюць, што ўсе інтэграцыйныя праекты Расіі і так ужо трашчаць па швах разам з украінскім фронтам. Што ў іх «дружалюбных дзяржаў» па тым жа СНД, АДКБ ёсць свае нацыянальныя інтарэсы. І ў гэтыя інтарэсы не ўваходзіць быць ізгоямі.
Казахстан і нават Кыргызстан адкрыта гавораць пра важнасць выканання санкцый. Арменія ратыфікавала Рымскі статут Міжнароднага крымінальнага суда, што накладвае на яе абавязацельствы ў тым ліку затрымаць Пуціна, на якога Міжнародным крымінальным судом выдадзены ордэр на арышт за ваенныя злачынствы. Гэта значыць карціна вымалёўваецца абсалютна для Расіі нерадужная — ранейшыя хаўруснікі ўсё больш актыўна дрэйфуюць ад яе далей.
А тут яшчэ і Лукашэнка вырашыў папалохаць Крэмль разрывам т. зв. «Саюзнай дзяржавы» — праекта паглынання Беларусі Расіяй.
«Трэба разбурыць адзінства Беларусі і Расіі» — так Лукашэнка «працытаваў» на сустрэчы з Новасібірскім губернатарам выказванні нейкіх заходніх службовых асоб, «датаваныя вераснем-кастрычнікам».
І вось тут мы цалкам згодныя. Трэба. Як мага хутчэй. І беларусам, і ўсім тым чыноўнікам, пра запланаваны раскол якіх таксама стаў казаць дыктатар, варта сур'ёзна задумацца над гэтым.
Лукашэнка і так палітычны труп. Але вам, нам і краіне дакладна не трэба ісці да дна разам з ім. І ўжо тым больш нам не трэба ісці ў Расію.
Беларусы заўсёды дамовяцца з беларусамі. Ну а дыктатара — можна і ў Сібір, куды ён так напрошваўся на сустрэчы з губернатарам Новасібірскай вобласці. Хоць лепш у Гаагу.
Commentaires