top of page

Лукашэнка ведае, што перамога Украіны — гэта яго канец, кажа міністр у выгнанні


Павел Латушка ў інтэрв'ю для чэшскага партала Seznam Zprávy Неафіцыйны пераклад з чэшскай мовы

«Пуцін і яго васал Лукашэнка хочуць жыць у іншым свеце. У свеце без свабоды і стандартаў правоў чалавека», — кажа Павел Латушка, міністр ва ўрадзе Святланы Ціханоўскай у выгнанні, які на радзіме быў асуджаны да 18 гадоў пазбаўлення волі.

«Мы шукаем партнёраў у Еўропе і ў свеце. У нас іх шмат, але ў асноўным для поціскаў рук і фатаграфій, на гэтым усё і заканчваецца. Потым у нас ёсць саюзнікі, якія гатовы нас падтрымаць, і яны гэта робяць. Але мы шукаем актыўных саюзнікаў», сказаў у інтэрв'ю парталу «Seznam Zpravу» Павел Латушка, міністр у беларускім урадзе Святланы Ціханоўскай у выгнанні.

Менавіта таму, апроч выступу на «Форуме 2000», Латушка правёў шэраг сустрэч з чэшскімі чыноўнікамі, звяртаючыся да іх па актыўную падтрымку. У прыватнасці, ён звярнуўся за падтрымкай беларусам, якія пражываюць у Чэхіі, якім улады дыктатара Аляксандра Лукашэнкі не падаўжаюць пашпарты. Калі б яны вярнуліся на радзіму, шмат каму з іх пагражала б турэмнае зняволенне.

«На жаль, адзінай краінай, якая мае выразную стратэгію ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, з'яўляецца Расія. Ні ў Бруселі, ні дзе-небудзь яшчэ ў свеце ніхто гэтага не робіць», кажа Латушка, сцвярджаючы, што свет забывае ягоную краіну, а беларуская нацыя паступова знікае пад уплывам Расіі.

Спачатку задам актуальнае пытанне: што Вы думаеце пра вынікі выбараў у Польшчы? Большасць галасоў, верагодна, атрымае апазіцыя, ці зменіцца нешта ў адносінах паміж Польшчай і Беларуссю ці Польшчай і беларускай апазіцыяй?

На гэтае пытанне цяжка адказаць, Вы пытаецеся ў мяне як члена беларускага ўрада ў выгнанні, і таму я наўрад ці магу каментаваць унутраную палітыку іншай краіны. Тым не менш, 300 000 беларусаў вырашылi жыць у Польшчы, таму польскія ўлады і польскае грамадства прыязна ставяцца да беларусаў. Польшча краіна нумар адзін для беларусаў, якія шукаюць прыстанішча. У нас добрыя і канструктыўныя адносіны з цяперашнім польскім урадам, і я ўпэўнены, што такія ж адносіны будуць і з апазіцыяй, бо Беларусь і падтрымка яе дэмакратызацыі не з'яўляюцца ў Польшчы прадметам абмеркавання.

Я б хутчэй згадаў пытанне аб рэферэндуме па пытанні аб мяжы паміж Польшчай і Беларуссю і зносе сцяны паміж дзвюма краінамі. Вынік аказаўся несапраўдным, паколькі прагаласавала недастатковая колькасць выбаршчыкаў. Але 97% з іх прагаласавалі за тое, каб сцяна засталася.

Аднак я ня думаю, што палякі прагаласавалі так з-за жадання адарвацца ад беларускага грамадства. Я ўпэўнены, што гэта рэакцыя на палітыку рэжыму Лукашэнкі, які кожны дзень правакуе канфлікты на мяжы. У будучыні гэтая сцяна знікне, я ў гэтым упэўнены. Беларусы жадаюць быць часткай Еўропы, і мы ўжо прынялі адпаведную рэзалюцыю на Кангрэсе беларускіх дэмакратычных сіл у Варшаве ў жніўні.

Некалькі тыдняў таму я пісаў пра тое, што рэжым Лукашэнкі спыніў выдачу пашпартоў у амбасадах і што заяўнікі вымушаныя вярнуцца дадому. Адзін беларускі студэнт сказаў мне, што ў яго будуць праблемы, бо чэхі выдаюць студэнцкія візы на падставе пашпарта. Цяпер ён не ведае, што яму рабіць. Ці будзеце Вы абмяркоўваць гэтае пытанне з чэшскімі чыноўнікамі?

Так, мы абмяркоўваем гэта з Міністэрствам замежных справаў, з кіраўніком парламента і з Міністэрствам юстыцыі. Гэта беспрэцэдэнтная сітуацыя, калі ўлады краіны вырашаюць не падтрымліваць сваіх грамадзянаў за мяжой і не даваць ім магчымасці атрымаць сапраўдныя дакументы. Гэта важна вырашыць, у нас 1,5 мільёна беларусаў за мяжой. Паўмільёна чалавек вырашылі з'ехаць пасля фальсіфікацыі выбараў і гвалту з боку рэжыму Лукашэнкі, які працягваецца да гэтага часу. Людзей арыштоўваюць кожны дзень.

Павел Латушка
Павел Латушка

У нас ёсць два варыянты. Першы — пачаць выдаваць пашпарты Новай Беларусі — мы ўжо пачалі гэтую працэдуру і атрымалі станоўчую рэакцыю з Бруселя. Аднак, рашэнне аб тым, ці прызнаваць іх, застаецца за нацыянальнымі ўрадамі. Мы вядзем з імі перамовы аб гэтым, у тым ліку і з Чэхіяй.

Другi варыянт — выкарыстоўваць заканадаўства тых краін, дзе пражываюць беларусы. Напрыклад, у Польшчы і Літве мы вядзем перамовы аб тым, каб гэтыя краіны выдавалі ім уласныя праязныя дакументы тэрмінам на тры гады. У Чэхіі гэта пытанне закону, а не рашэння міністэрства. Змяніць закон у кароткія тэрміны немагчыма, сітуацыя крытычная. Таму мы звяртаемся да ўрада Чэхіі. У краіне пражывае каля 10 000 беларусаў, з якіх 3000 будуць вырашаць гэтую праблему. Вы, Чэхія, з'яўляецеся сімвалам барацьбы за свабоду, і ваша падтрымка вельмі важная для нас.

У сваім першым адказе Вы згадалі аб сцяне на мяжы з Польшчай. Некалькі дзён таму я паглядзеў новы фільм Агнешкі Холанд, у якім адлюстраваны гуманітарны крызіс у гэтай краіне. Якая сітуацыя там зараз?

Яна па-ранейшаму драматычная, гуманітарная праблема працягваецца. Але важна зразумець, хто стварыў гэты крызіс. Ініцыятары — Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Яны справакавалі гэтую сітуацыю на мяжы па дзвюх прычынах. Лукашэнка хоча, каб яго прызналі прэзідэнтам, таму ён цісне на Еўрапейскі саюз. Ён таксама хоча, каб Захад спыніў санкцыі супраць ягонага рэжыму. Літва ўжо перадала гэтую справу ў міжнародны суд ААН у Нью-Йорку.

Як Вы ацэньваеце прапанаванае Лукашэнкам трохбаковае супрацоўніцтва паміж Расiяй, Беларуссю і Паўночнай Карэяй? Ці можа гэтая група краін змяніць сітуацыю?

Шмат гадоў таму былы кіраўнік амерыканскай дыпламатыі Кандаліза Райс казала аб «восі зла». Цяпер мы бачым новую вось зла: Пхеньян, Тэгеран, Масква і — мне цяжка гэта казаць — Мінск. Лукашэнка і Пуцін жадаюць жыць у іншым свеце, без стандартаў правоў чалавека.

Учора (інтэрв'ю было дадзена 16.10.2023 — рэд.) былы прэс-сакратар Лукашэнкі, зараз галоўны рэдактар найбуйнейшай газеты Беларусі, выступіў у першай праграме беларускага тэлебачання. Ён заявіў, што ўсе людзі, якія гавораць аб правах чалавека ў Беларусі, з'яўляюцца ворагамі дзяржавы.

Гэта іх цывілізацыя: без правоў чалавека і без свабоды. Яны супрацоўнічаюць, каб выжыць. Яны не сябры, але маюць агульныя інтарэсы. Пхеньян ніколі б не выжыў без Расіі, а Расіі зараз патрэбна зброя з Паўночнай Карэі. А Лукашэнку зразумела, што перамога Украіны ў вайне будзе азначаць для яго канец.

Давайце паглядзім на вашыя адносіны з Украінай. Выглядае, што прэзідэнт Уладзімір Зяленскі трымае дзверы адчыненымі для Лукашэнкі, ён пакуль не прызнаў урад Святланы Ціханоўскай. Што Вы можаце сказаць на гэты конт?

У мяне было некалькі канфідэнцыйных сустрэч з украінскімі афіцыйнымі асобамі на гэтую тэму. Калі недзе ідзе вайна, урад заўсёды ў першую чаргу клапоціцца пра свае інтарэсы і інтарэсы свайго народа. Як дыпламат, я разумею Зяленскага. Я не магу пацвердзіць, што ўкраінцы вядуць перамовы з Лукашэнкам, яны яго афіцыйна не прызнаюць. Нават краіны Еўрасаюза не прызнаюць Ціханаўскую і наш урад. Дык чаму мы павінны крытыкаваць Украіну за гэта?

Пасля кароткачасовага паўстання вагнераўцаў у Расіі частка іх войскаў была накіравана ў Беларусь. Гэта неяк паўплывала на сытуацыю ў вашай краіне?

Лукашэнка вырашыў падтрымаць Пуціна ў рашаючы момант. У той момант, калі Прыгожын рушыў на Масквы, ён зразумеў, што яны з Пуціным у адной лодцы і могуць загінуць разам. Таму ён вырашыў выратавацца сябе.

Памылку ён здзейсніў толькі потым – стаў публічна заяўляць, што менавіта яму ўдалося вырашыць вялізную праблему для Расіі і Пуціна.

А Пуцін ніколі яму гэтага не даруе і не забудзе. Менавіта з гэтай прычыны яны на месяц спынілі зносіны, Пуцін перастаў даваць Лукашэнку грошы і падтрымліваць яго

Сёння ў нас у Беларусі 500-1000 вагнераўцаў, і Лукашэнка сцвярджаў, што Вагнер жывы, жыў і будзе жыць. Ну, вы ведаеце, чым гэта абярнулася. Лукашэнка думаў, што Пуцін дасць яму грошай на вагнераўцаў, але ён нічога не атрымаў.

Некалькі дзён таму ўкраінскія спецслужбы заявілі, што Расiя можа весці вайну як мінімум да 2025 г. Колькі пратрымаецца Лукашэнка, рэжым якога знаходзіцца пад санкцыямі?

Нядаўна адзін журналіст спытаў мяне аб нашай матывацыі, як доўга яна пратрымаецца. Я адказаў, што я асуджаны на 18 год, таму ў мяне матывацыя на 18 год. Пажартаваў, вядома.

Лукашэнка пачаў масавыя рэпрэсіі ў 2020 годзе, у 2021 годзе скралі грамадзянскі самалёт Ryanair, у тым жа годзе ён пачаў міграцыйную вайну супраць Еўрасаюза. У 2022 годзе ён аддаў нашу тэрыторыю Расіі для яе агрэсіі супраць Украіны, у 2023 годзе ў Беларусі знаходзяцца вагнераўцы і ядзерная зброя. Чаго мы чакаем? Пытанне не толькі да беларусаў, але і да чэхаў, палякаў, літоўцаў і іншых, што мы можам зрабіць. Мы будзем падтрымліваць Украіну, як можам, там гінуць беларусы, якія ваююць супраць Расіі. Падтрымліваючы Украіну, мы падтрымліваем і сябе. Перамога Украіны – гэта адна з умоў нашай перамогі.

Мы не хочам быць балконам Расіі і заставацца ў сферы яе інтарэсаў. Мы хочам быць часткай еўрапейскай супольнасці, таму наша мэта — сяброўства ў Еўрапейскім саюзе. Не заўтра і не паслязаўтра, але гэта нашая стратэгічная мэта.

Comments


bottom of page