top of page

Лукашэнка ведае, калі ў Беларусь прыйдзе вайна


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

Заява дыктатара, што ён рыхтуецца да вайны, нарабіла шмат шуму. Як гэта ацэньваць? Гэта бура ў шклянцы або пагроза вайны для Беларусі сапраўды існуе?

Гэта ўжо не першая заява ўзурпатара на гэтую тэму. Нешта падобнае ён заяўляў у канцы лютага на сустрэчы з кіраўніцтвам сваіх сілавікоў.

На той момант у якасці пагрозы ён выстаўляў вучэнні NATO. Але няўжо Лукашэнка сапраўды верыць у тое, што NATO стане нападаць на Беларусь пад прыкрыццём вучэнняў?

Варта нагадаць, хто паступіў менавіта такім чынам у лютым 2022 года. Хто здзейсніў поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну пад прыкрыццём вучэнняў «Саюзная рашучасць 2022». Адказ — Расія і рэжым Лукашэнкі, які забяспечыў уварванне ва Украіну з тэрыторыі нашай краіны. Пры гэтым ні адна бомба, ні адна ракета не прыляцела ў Беларусь, нягледзячы на больш за 800 ракетных удараў, якія былі нанесеныя па Украіне з тэрыторыі нашай краіны. 

Дык да якой вайны рыхтуецца Лукашэнка?

Вернемся яшчэ на пару месяцаў да пачатку поўнамаштабнага ўварвання і ўспомнім, што заявіў дыктатар на сустрэчы са сваім актывам у Віцебскай вобласці 15 снежня 2021 года:

«Міма нас ніводная вайна не праходзіла ў мінулым, не пройдзе і цяпер. Не дай бог яна будзе развязана. Таму мая задача — зберагчы дзяржаву і народ ад вайны. <...> Я не хачу, каб наш народ у чарговы раз апынуўся на лініі злому і не дай бог у цэнтры нейкай вайнушкі. А каб мы не апынуліся там, мы павінны быць да гэтага гатовыя. < ... > Паглядзіце тыя аб'екты, якія вам прыйдзецца абараняць у выпадку чаго на месцах. Ва ўсім разбярыцеся»

Літаральна за месяц да гэтага была падпісана абноўленая Ваенная дактрына т. зв. Саюзнай дзяржавы. Была створана сумесная рэгіянальная групоўка войскаў Беларусі і Расіі. А праз 2 месяцы пасля заявы Лукашэнкі пачалася поўнамаштабная вайна супраць Украіны, у якой рэжым стаў суагрэсарам. 

Гэта значыць любыя размовы пра тое, што Лукашэнка не ведаў, не чакаў такога развіцця падзей — гэта поўная лухта. Ён ведаў і рыхтаваўся.

Лукашэнка ўцягнуў Беларусь у вайну. Здзейсніў акт агрэсіі. І гэты факт ужо нішто не адменіць. Дыктатар нікога не абараніў, нікога не выратаваў. 

І тут Лукашэнка зноў заяўляе, што ён рыхтуецца да вайны. Як жа разумець такія заявы?

Гэта той выпадак, калі яго словы варта разумець літаральна. Ён сапраўды рыхтуецца да вайны, як і ў снежні 2021 года. Як і раней, ён дакладна ведае, калі гэта адбудзецца. І ведае, што гэтым разам ніхто не стане трываць агрэсію з тэрыторыі Беларусі — і дзеянні ў адказ будуць. 

Лукашэнка ведае, што вайна прыйдзе ў Беларусь. Як і ў лютым 2022 года, ён нічога не збіраецца рабіць для таго, каб вайны не дапусціць.

Дзеянні рэжыму Лукашэнкі ўжо прывялі да ўчынення акту агрэсіі. І цяпер яны вядуць да таго, што вайна, якая ідзе на парозе нашай краіны, можа яго пераступіць. 

І калі Лукашэнка кажа, што ён рыхтуецца да вайны, але насамрэч хоча міру, што насамрэч ён не хоча ваяваць — ён хлусіць. Таму што калі ён сапраўды не хоча вайны — ён ведае, што трэба зрабіць.

Лукашэнка павінен сысці. Таму што менавіта ён і яго залежнасць ад Расіі — прычына, па якой нашай краіне пагражае вайна. Сыход Лукашэнкі і правядзенне дэмакратычных выбараў — самая надзейная абарона ад гэтай пагрозы.

 


Comments


bottom of page