top of page

Лукашэнка асабіста падпісаў рашэнне аб фінансаванні вывазу дзяцей з Украіны


Дэпартацыя ўкраінскіх дзяцей у лагер у Беларусі
Дэпартацыя ўкраінскіх дзяцей у лагер у Беларусі. Крыніца: belsat.eu

Павел Латушка: больш за 2100 дзяцей былі незаконна вывезеныя ў Беларусь з Украіны, а Лукашэнка асабіста падпісаў рашэнне аб фінансаванні іх вывазу

Крыніца: holosameryky.com

Больш за 2100 украінскіх дзяцей былі незаконна вывезеныя ў Беларусь з часова акупаваных тэрыторый Украіны ў перыяд паміж вераснем 2022 года і маем 2023 года. Самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка асабіста падпісаў дакументы, у якіх ён прыняў фінансаванне вывазу ўкраінскіх дзяцей.

Пра гэта ў інтэрв'ю ўкраінскай службе Голасу Амерыкі заявіў Павел Латушка, намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і былы міністр культуры Беларусі.

Паводле слоў Латушкі, украінскіх дзяцей прымусова вывозілі ў Беларусь яшчэ ў 2021 годзе. Дзясяткі з гэтых дзяцей пазней знайшлі на тэрыторыі Расіі, дзе яны прайшлі праз працэдуру ўсынаўлення, і дзе яны, верагодна, знаходзяцца да гэтага часу.

Дэпартацыя дзяцей у Беларусь адбывалася з чатырох акупаваных абласцей Украіны — у прыватнасці гэта тычылася Данецкай і Луганскай абласцей — і мінімум 20 населеных пунктаў.

А. Лукашэнка
А. Лукашэнка. Крыніца: glavnoe.in.ua

У размове Латушка адзначыў, што дзяцей спачатку вывозяць з Украіны ў Расію, у прыватнасці ў Растоў-на-Доне, пасля чаго яны трапляюць у Беларусь. Частка дзяцей потым могуць вяртаць у Расію, таму прасачыць іх цяперашняе месца знаходжання няпроста.

Каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, кіраўніком якой з'яўляецца Павел Латушка, ужо неаднаразова перадавала ў міжнародныя структуры доказы незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны на тэрыторыю Беларусі.

У прыватнасці, апошняя партыя доказаў на мінулым тыдні была перададзена ў Міжнародную незалежную камісію ААН па расследаванні парушэнняў ва Украіне, якая месціцца ў Вене.

Таксама дакументы з доказамі, якія сведчаць аб датычнасці вышэйшага кіраўніцтва Беларусі да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей, былі перададзеныя ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе.

Са слоў Латушкі, перадаючы доказы па гэтай справе ў МКС у чэрвені і лістападзе 2023 года, яго каманда падала «дакументы, падпісаныя асабіста Лукашэнкам, дзе ён прыняў рашэнне аб фінансаванні вывазу ўкраінскіх дзяцей».

У дадатак у МКС былі пададзеныя дакументы, падпісаныя ў рамках Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі, якія тычацца вялікага кола асоб, арганізацый і фондаў, такіх як, напрыклад, кампанія «Беларуськалій», якія былі датычныя да арганізацыі вывазу ўкраінскіх дзяцей.

«Наш пункт гледжання — ёсць усе падставы, каб выдаць ордэр на арышт Лукашэнкі», — заявіў Латушка, спасылаючыся на шырокі спектр доказаў, уключаючы заявы самога Лукашэнкі, сабраныя Народным антыкрызісным упраўленнем.

Заклікаючы да больш цеснага супрацоўніцтва з украінскім бокам у гэтым пытанні, Латушка дадаў, што яго каманда працягне расследаванне і збор доказаў, аб'ём якіх, на думку юрыстаў арганізацыі, ужо цяпер з'яўляецца цалкам дастатковым для выдачы міжнароднага ордэра на арышт Лукашэнкі.

Нагадаем, што ў сакавіку 2023 года, Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанага па правах дзяцей Марыі Львовай-Бяловай па абвінавачванні ў здзяйсненні ваенных злачынстваў, у прыватнасці выкрадання ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый.


Commentaires


bottom of page