Кіраўнік НАУ Павел Латушка расказаў у калонцы для MOST у Дзень народзінаў Кастуся Каліноўскага расказаў пра карціну з паўстанцамі 1863−1864 гадоў, якая вісела ў яго кабінеце, калі ён працаваў міністрам культуры Беларусі
Арыгінал артыкула: mostmedia.io
Кіраўнік НАУ Павел Латушка расказаў у калонцы для MOST у Дзень народзінаў Кастуся Каліноўскага расказаў пра карціну з паўстанцамі 1863−1864 гадоў, якая вісела ў яго кабінеце, калі ён працаваў міністрам культуры Беларусі.
Я хацеў бы, каб вы звярнулі ўвагу на работу рукі Пятра Сергіевіча «Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 года».
Гэта работа цяпер знаходзіцца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. І з гэтай работай таксама звязана і мая асабістая гісторыя.
Я ўзгадваю 2011 год і размову з тагачасным кіраўніком адміністрацыі Лукашэнкі Уладзімірам Макеем. Мы разглядалі магчымасць рэалізацыі кінапраекта — серыяла, прысвечанага паўстанню Кастуся Каліноўскага.
Гэты праект ішоў складана. Адміністрацыя ставіла палкі ў колы, і мне прыйшлося гутарыць на гэты конт з Макеем. На што Макей мне выказаў сваю заўвагу: «Гэты праект не можа быць рэалізаваны з прычыны таго, што Кастусь Каліноўскі — антырасійская гістарычная асоба».
Мой адказ Уладзіміру Макею быў наступны: «Калі мы паглядзім на гісторыю беларускага народу, то большасць гістарычных падзей звязана менавіта з барацьбой беларусаў за сваю незалежнасць супраць Расійскай імперыі».
Гэта факты, якія нельга выкрасліць з гісторыі — нашай гісторыі, якая сёння пераходзіць у сучаснасць. Сёння мы таксама вядзём барацьбу за сваю Незалежнасць: выклік Незалежнасці нашай дзяржавы кінуў якраз наш усходні сусед.
Што мог тады зрабіць я як міністр культуры? Так, былі прыклады, калі мы пачыналі рэалізацыю кінапраектаў, нягледзячы на катэгарычную забарону адміністрацыі Лукашэнкі… Тут якраз магу прыгадаць здымкі фільму «У тумане» паводле твора Васіля Быкава, які нам удалося рэалізаваць.
У сітуацыі, якая склалася, я прыняў рашэнне, якое мог прыняць у той момант: размясціць у кабінеце міністра культуры работу, якую вы зараз можаце бачыць перад сабой — Пятра Сергіевіча, «Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 года», напісаную ў 1955 годзе.
Можаце сабе ўявіць, што гэтая работа — прыкладна два на тры метры. Гэта была ўся сцяна ў кабінеце міністра культуры, дзе размясціўся гэты твор мастацтва.
Для мяне гэта было важна як сімвал таго, што, нягледзячы на ідэалогію, якая заўсёды прапаведвалася рэжымам Лукашэнкі, нам важна адстойваць і дэманстраваць, што мы з’яўляемся нацыяй, якая мае права на сваю дзяржаўнасць, Незалежнасць — тое, за што і змагаўся наш нацыянальны герой Кастусь Каліноўскі.
Работу згарнулі ў рулон (яе немагчыма было пранесці ў дзвярны праём) і даставілі з Нацыянальнага мастацкага музея. Дапамагаў, дарэчы, мне тады чалавек, які сёння рэпрэсуе супрацоўнікаў музея, — тагачасны і цяперашні генеральны дырэктар Уладзімір Пракапцоў.
Пасля таго, як палатно размясцілі на сцяне, я сказаў сваім калегам у міністэрстве культуры: «Цяпер я магу запрасіць у гэты кабінет любога пасла і на прыкладзе гэтай карціны дэманстраваць нашае жаданне быць свабоднымі і незалежнымі». Але я зрабіў адну рэмарку: «Адзіны пасол, які, напэўна, не прыйдзе ў гэты кабінет, — гэта будзе пасол Расійскай Федэрацыі».
Пазней Барыс Святлоў, які прыйшоў на пасаду міністра культуры пасля мяне, вельмі хуценька прыбраў гэты твор з кабінета.
Comments