top of page

Латушка замест Ціханоўскай? У чым каварны план майго ўдзелу ў выбарах Каардынацыйнай рады 3 склікання?


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

Давайце расставім кропкі над «і». І паставім кропку ў спекуляцыях на гэтую тэму.

Не паспела стартаваць выбарчая кампанія ў Каардынацыйную раду, як у інфаполе закруціўся наратыў, што Павел Латушка збіраецца замяніць Святлану Ціханоўскую. Не буду хаваць, мне лісліва, што мяне як палітыка, маю каманду, нашу кааліцыю з Рухам «За Свабоду» і нашу працу ацэньваюць гэтак высока, што палёт чыіхсьці фантазій спараджае такія сцэнары. Аднак мяне расчароўвае, што такія сцэнары агучваюцца ў тым ліку людзьмі, якія адносяць сябе да аналітыкаў. 

Выбары Каардынацыйнай рады, якія пройдуць 25-27 траўня — гэта выбары калектыўнага прадстаўнічага органа. Гэта выбары 80 дэпутатаў, кожны з якіх атрымае свой мандат менавіта ў гэтай плоскасці, для выканання менавіта такой ролі. Роля дэпутата. Гэта НЕ выбары прэзідэнта. Таму нават па сваёй сутнасці дадзеная электаральная кампанія не можа быць накіравана на аспрэчванне пазіцыі Святланы Ціханоўскай, якая перамагла на ПРЭЗІДЭНЦКІХ выбарах у 2020 годзе.

Зараз аб непрыемным. Падобныя спекуляцыі, скажу прама, шкодныя. Спроба выстаўляць матывацыю ўдзелу таго ці іншага кандыдата ў выбарах у КР як жаданне ўнесці раскол у дэмакратычны рух, справакаваць ўнутры яго канфлікт — сама гэта спроба з'яўляецца маніпуляцыяй, якая гэты раскол і ўносіць. Лепшага падарунка для прапаганды і дэматывацыі для выбаршчыкаў напярэдадні выбараў складана прыдумаць.

Так што няма ў Паўла Латушкі ніякіх планаў прэтэндаваць на крэсла Святланы Ціханоўскай. Або адабраць у яе партфель. 

Таму што, па-першае, няма ніякіх крэслаў і партфеляў, а ёсць процьма працы і зоны адказнасці, якія неабходна выконваць вельмі абмежаванымі рэсурсамі. І выбары ў КР — гэта таксама магчымасць вырашыць у тым ліку кадравае пытанне ў дэмакратычных сілах. Выбары дазволяць уключыць у працу 80 абраных дэпутатаў, гатовых прысвячаць сябе ўзняццю хвалюючых беларусаў пытанняў на ўсіх даступных на дадзены момант пляцоўках.

А па-другое, адзіная матывацыя, якая рухае мной і нашай камандай увесь гэты час, якая дае сілы ўвесь гэты час працаваць 24/7 і якая ляжыць у аснове нашага рашэння ўдзельнічаць у выбарах у КР — гэта жаданне змяніць палітычную сітуацыю ў нашай краіне. Жаданне зрабіць яе свабоднай, незалежнай, еўрапейскай, дэмакратычнай. Менавіта таму нам, не толькі Паўлу Латушку, не толькі кааліцыі Латушкі і Руха «За Свабоду», а ўсім нам, беларусам і беларускам, важна і трэба ўдзельнічаць у выбарах у Каардынацыйную раду.

Каолиция №9
Фота: Руслана Серадзюка

30 гадоў нашы галасы нікому не былі важныя, іх ніхто не лічыў і ніхто не лічыўся з імі. Іх толькі кралі і фальсіфікавалі. А тых, хто павінен быў прадстаўляць нашы інтарэсы — проста прызначалі, ператварыўшы выбары ў пустую фармальнасць. За ўвесь гэты час у нас ні разу не было пазітыўнага досведу ўдзелу ў электаральных кампаніях.

25-27 мая мы можам упершыню атрымаць гэты досвед. Упершыню адчуць каштоўнасць свайго голасу і яго ўплыў. Упершыню за 30 гадоў мы разам зможам стварыць рэальна абраны орган, які будзе прадстаўляць і абараняць інтарэсы выбаршчыкаў — там, дзе гэта сёння магчыма.

«Нічога пра нас без нас» — гэта адзін з ключавых прынцыпаў, якія ляжаць у аснове нашай выбарчай праграмы. Бо можна сядзець і казаць, што хтосьці там за мяжой замест нас адвольна нешта вырашае, а можна непасрэдна ў гэтым удзельнічаць праз выбары і наўпрост на гэтую палітыку ўплываць.

Ні я, ні наша кааліцыя не ставіць сваёй мэтай замяніць сабой Святлану Ціханоўскую. Мы выступаем за ўмацаванне, развіццё і эфектыўнае ўзаемадзеянне створаных з 2020-га года палітычных інстытутаў.

Адзіныя крэслы і пасады, якія мы хочам вызваліць — гэта тыя, што незаконна захопленыя рэжымам Лукашэнкі і яго памагатымі, прыцягнення да адказнасці якіх мы будзем дамагацца.

Галасуйце, выбірайце, уплывайце. Выбары ў Каардынацыйную раду пройдуць 25-27 траўня. Наш нумар у бюлетэні — дзявяты.

Жыве Беларусь!

 

Comments


bottom of page