Па запрашэнню нямецкага фонду памяці Бухенвальд-Дора Мітэльбау Павел Латушка прыняў сёння ўдзел у цырымоніі памяці ахвяр канцэнтрацыйнага лагера ў Бухенвальдзе
Гэтае мерапрыемства адбылося напярэдадні Міжнароднага дня вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў.
У сувязі з агрэсіяй Расіі і рэжыму Беларусі ў дачыненні да Украіны, пабудова міру і свабоды нашых народаў зараз як ніколі важная.
Фонд прыняў рашэнне не запрашаць дыпламатаў Расіі і Беларусі на цырымонію, адзначыўшы ў сваёй заяве, што «пасля гвалтоўнай смерці былога зняволенага Бухенвальда Барыса Раманчанкі падчас нападу Расіі на Харкаў прысутнасць афіцыйных прадстаўнікоў кіраўнікоў Расіі і Беларусі было б невыносным».
Для мяне сама прысутнасць, а таксама магчымасць выступлення сёння ў Бухенвальдзе маральны абавязак і адказ дыктатарам, якія забыліся на найвялікшую трагедыю XX стагоддзя, — адзначыў Павел Латушка
«Мы спынім нашу барацьбу толькі тады, калі апошні з вінаватых паўстане перад судом народаў» — фраза з клятвы, якая была зачытаная Паўлам Латушкам на беларускай мове ў памяць аб загінуўшых вязнях канцлагера ў 77-я ўгодкі яго вызвалення. Разам з прадстаўніком дэмсіл Беларусі клятву зачыталі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Украіны і Расіі.
Павел Латушка ўсклаў вянок з бел-чырвона-белай стужкай да манумента. Вянок з гістарычнай сімволікай Беларусі быў ініцыятыўна замоўлены арганізатарамі мерапрыемства.
У выступленні перад удзельнікамі цырымоніі кіраўнік Фонду Бухенвальда даў прынцыповую ацэнку агрэсіі супраць Украіны, развязанай Расеяй пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі.
Асобная частка цырымоніі была прысвечана памяці Барыса Раманчанкі, аднаго з былых зняволеных Бухенвальда, які загінуў у Харкаве пасля абстрэлу расійскімі войскамі.
Павел Латушка правёў сустрэчу з кіраўніком фонду памяці Бухенвальд-Дора Мітэльбау Енсам-Крыстаінам Вагнерам. Падчас сустрэчы прадстаўнік дэмсіл Беларусі адзначыў, што з першых дзён вайны, развязанай Расіяй і рэжымам Лукашэнкі супраць Украіны, у Беларусі ўжо затрымана 1,5 тысячы грамадзян краіны, якія прынялі ўдзел у антываенных акцыях. Акцыі прайшлі больш за ў 25 гарадах Беларусі.
Асаблівую ўвагу ў інтэрв'ю нямецкім СМІ Павел Латушка звярнуў на факт масавых рэпрэсій, якія ажыццяўляюцца ў Беларусі.
Фонд прыняў рашэнне не запрашаць афіцыйных прадстаўнікоў Расіі і Беларусі на цырымонію, адзначыўшы, што іх прысутнасць была б «невыноснай» з-за гібелі пад абстрэламі былога зняволенага Бухенвальда Барыса Раманчанкі.
У цырымоніі сумесна з Паўлам Латушкам прыняў удзел прадстаўнік Народнага пасольства Беларусі ў Германіі Міхаіл Таўбе.
Commenti