top of page

Куды рэжым хавае лекі?


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

А. М. Грушкоўскі
А. М. Грушкоўскі Крыніца: minzdrav.gov.by

Так званы прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь начальнік аддзела знешніх сувязяў Анатоль Грушкоўскі прыняў удзел у 154-й сэсіі Выканаўчага камітэта Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, якая праходзіла ў г. Жэневе.

Здавалася б, ну прыняў і прыняў. Але праблема ў тым, што ў прадстаўнікоў рэжыму дагэтуль ёсць не проста магчымасць удзельнічаць у такіх мерапрыемствах, але выказвацца і трансляваць адкрытую хлусню на міжнародных пляцоўках. Так зрабіў і Грушкоўскі, распавёўшы ўдзельнікам сэсіі ў корані недакладную і скажоную інфармацыю аб праблемах з пастаўкамі замежнай фармпрадукцыі ў Беларусь.

Сярод іншага прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя рэжыму Лукашэнкі заявіў, што (цытата) «у ліку неспрыяльных знешніх фактараў адзначаюцца праблемы з пастаўкай лекавых прэпаратаў і вырабаў медыцынскага прызначэння з-за ўведзеных у дачыненні да Беларусі аднабаковых абмежавальных мер. Гэта наносіць шкоду найбольш уразлівым групам насельніцтва, якія залежаць ад падтрымкі дзяржавы».

Мы ўжо неаднаразова абвяргалі падобныя заявы адносна лекаў, аднак дадзены прапагандысцкі тэзіс працягвае набіраць абароты і выходзіць на міжнародны ўзровень. Падобную сітуацыю мы назіралі і з хлуслівым наратывам пра пагрозу «сусветнага голаду», якая нібыта выкліканая санкцыямі на калійныя ўгнаенні. Метадычная праца па абвяржэнні дадзенага наратыву дала свае вынікі і хлусню рэжыму на дадзены момант атрымоўваецца купіраваць. У выпадку ж з лекамі, маніпуляцыі рэжыму ў сваім абсурдызме заходзяць яшчэ далей. Бо ў рэальнасці абсалютна ніякіх санкцый на лекавыя прэпараты і вырабы медыцынскага прызначэння не ўводзіліся. Больш за тое, сама магчымасць прымянення такіх абмежаванняў нават не абмяркоўвалася.  

Пры гэтым шматлікія кампаніі, сярод іх ёсць і фармакалагічныя, па ўласнай ініцыятыве адмаўляюцца ад супрацоўніцтва з Беларуссю. Але прычынай гэтага з'яўляюцца не эканамічныя санкцыі, а таксічнасць непасрэдна рэжыму Лукашэнкі, з якім міжнародны бізнэс не хоча мець спраў: з-за масавых рэпрэсій, з-за дзеянняў рэжыму, якія падрываюць міжнародную бяспеку, такіх як захоп грамадзянскага самалёта, справакаваны рэжымам міграцыйны крызіс, але галоўным чынам — з-за ўдзелу рэжыму ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны.

Але нават пры гэтым, па статыстычных дадзеных Еўрастата, Беларусь за апошнія 8 гадоў штогод павялічвае закупкі еўрапейскай фармацэўтычнай прадукцыі, у тым ліку ў папярэднія тры санкцыйныя гады. Такім чынам, нават нібыта «ва ўмовах аднабаковых санкцый», на якія спрабуюць скардзіцца нелегітымныя прадстаўнікі Беларусі ў ААН, імпарт лекаў пастаянна расце.  Аж да таго, што Лукашэнка збіраецца нарошчваць пастаўкі лекаў ва Узбекістан, што даказвае: рэальнага дэфіцыту няма.

Імкнучыся даказаць адваротнае, так званы прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя Грушкоўскі прывёў некалькі прыкладаў, якія на яго думку, паказваюць на ўздзеянне санкцый на пастаўкі лекаў у Беларусь.

Першы прыклад тычыўся шведскай кампаніі Molnlycke Health Care. Па словах Грушкоўскага гэтая кампанія адмаўляецца пастаўляць у Беларусь перавязачныя матэрыялы, неабходныя для паліятыўнага лячэння дзяцей, якія пакутуюць ад прыроджанага генетычнага захворвання — булёзны эпідэрмаліз. Пра гэта ж заяўляла Алена Доўгань — нібыта незалежны спецдакладчык ААН па правах чалавека, а па факце прадстаўнік цяперашніх нелегітымных уладаў Беларусі. Яна нават накіравала ліст па гэтым пытанні ў адрас урада Швецыі. 

Аднак зноў жа — санкцыі не маюць да гэтага ніякага дачынення. Дадзеная кампанія абмежавала пастаўкі сваёй прадукцыі ў Расію і Беларусь, якая па віне рэжыму Лукашэнкі стала саўдзельнікам расійскай агрэсіі, адкрыта заявіўшы сваю салідарнасць з Украінай, пра што нават размясціла інфармацыю на сваім афіцыйным сайце. 

У сваім адказе спадарыні Доўгань урад Швецыі адзначыў, што рашэнні не прадаваць пэўныя прадукты ў Беларусь — гэта прыватнае рашэнне прыватнай кампаніі. Шведскія прыватныя кампаніі не знаходзяцца пад кантролем урада і могуць свабодна прымаць уласныя рашэнні. Са свайго боку можам выказаць здагадку, што дадзенае рашэнне кампаніі абумоўлена тым, што перавязачныя матэрыялы могуць актыўна выкарыстоўвацца для патрэб Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі ў ходзе агрэсіі супраць Украіны. І ў гэтым кантэксце рашэнне выглядае больш чым лагічным і абгрунтаваным.

А. Ф. Доўгань
А. Ф. Доўгань Крыніца: fir.bsu.by

Акрамя таго, урад Швецыі лічыць дапушчаную Аленай Доўгань інтэрпрэтацыю кіруючых прынцыпаў ААН у галіне бізнесу ў аспекце правоў чалавека занадта шырокай, паколькі яна паказвае на адказнасць кампаній па пастаўцы медыцынскай прадукцыі на канкрэтныя рынкі. Аднак жа, адказнасць за забеспячэнне адэкватнай медыцынскай дапамогі ляжыць у першую чаргу на дзяржавах. 

За забеспячэнне неабходнымі лекамі жыхароў Беларусі адказвае беларуская дзяржава, якая на гэты момант захопленая рэжымам Лукашэнкі. 

Як адзначыў урад Швецыі, рэзідэнты ЕС могуць свабодна весці свой бізнэс па сваім меркаванні, у адпаведнасці з заканадаўствам ЕС і нацыянальным заканадаўствам. Гэта азначае, што прыватныя кампаніі, такія як Molnlycke Health Care, могуць пачаць, працягваць ці спыняць свой бізнэс з трэцімі краінамі.

Крыніца: chance.by

Што тычыцца рэдкага захворвання булёзнага эпідэрмалізу, якім спрабуе спекуляваць Доўгань — раней дапамогу дзецям з гэтым захворваннем аказваў дабрачынны фонд «Шанец». Напрыклад, яшчэ 11 ліпеня 2017 года Міжнародны дабрачынны фонд дапамогі дзецям «Шанец» і Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь падпісалі новую праграму «Дапамога дзецям з булёзным эпідэрмалізам».

Аднак падзеі апошніх двух гадоў у Беларусі, звязаныя з надыходам на структуры грамадзянскай супольнасці і масавымі рэпрэсіямі, адбіліся на працы фонду наўпрост. Да прыкладу, «Шанец» упершыню застаўся без спонсарскай дапамогі «Белгазпрамбанка», які на працягу 13 гадоў быў адным з галоўных партнёраў фонду.  А старшынёй апякунскага савета фонду «Шанец» быў... так, Віктар Бабарыка, які і быў ініцыятарам праграмы дапамогі дзецям з гэтым рэдкім захворваннем. Зараз жа Віктар Бабарыка з'яўляецца палітычным зняволеным. Гэта значыць, зноў жа, галоўным вінаватым сітуацыі, якая склалася, з'яўляецца менавіта рэжым Лукашэнкі, а не нехта яшчэ. 

Іншыя кампаніі, якія згадваліся так званым прадстаўніком Міністэрства аховы здароўя на сэсіі Выканаўчага камітэта СААЗ і па прыведзеных дадзеных спынілі пастаўкі асобных лекаў на беларускі рынак, вырабляюць лекі, якія маюць шматлікія аналагі, якія пастаўляюцца ў Беларусь.  

Так, па дадзеных таго ж Міністэрства аховы здароўя, польская кампанія Tarchomin Pharmaceutical Works Polfa S. A. з 2022 года спыніла пастаўляць у Беларусь прэпараты Клоназепам, Рэліум і іншыя лекі, неабходныя для лячэння эпілепсіі і саматычных захворванняў. Аднак Клоназепам мае некалькі поўных аналагаў, якія вырабляюцца на Кіпры і ў Расіі, а таксама 183 назалагічных аналагі, якія выпускаюцца больш чым у дзесятцы краін свету. Прэпарат Рэліум мае таксама больш за 50 аналагаў (напрыклад, такіх як Сібазон, Дыязепекс), якія вырабляюцца ў некалькіх краінах, у тым ліку ў Расіі. 

Акрамя таго, Рэліум або Дыязепам з'яўляецца прэпаратам спісу IV у Канвенцыі аб псіхатропных рэчывах ААН. Гэта азначае, што ў дачыненні да рэчываў, уключаных у спіс IV, устаноўленыя патрабаванні да вытворцаў, экспарцёраў і імпарцёраў, згодна з якімі яны павінны весці рэгістрацыйныя запісы, паказваючы колькасць вырабленых, экспартаваных і імпартаваных рэчываў.

Брытанская кампанія Atnahs Pharma UK Limited, цяпер – Pharmanovia, якая па дадзеных Міністэрства аховы здароўя Беларусі спыніла пастаўкі прэпаратаў Бонвіва і Рокальтрол, якія ўжываюцца для лячэння астэапарозу, таксама з'яўляецца не адзіным вытворцам дадзеных лекаў. Бонвіва і Рокальтрол маюць шматлікія аналагі, што вырабляюцца ў Беларусі, Расіі, Германіі, Аўстрыі, Партугаліі, Індыі, ААЭ, Турцыі, Казахстане.

Як заявіў Анатоль Грушкоўскі, наглядным органам Вялікабрытаніі (Агенцтва па рэгуляванні лекавых сродкаў і тавараў медпрызначэння) нібыта ўсяляк зацягвалася працэдура выдачы ліцэнзіі на экспарт у Беларусь таблетак марфіну, якія ўжываюцца для палягчэння стану пацыентаў, якія пакутуюць ад анкалагічных захворванняў і наступстваў цяжкіх траўмаў. Пры гэтым аналагі брытанскіх таблетак марфіну шырока прадстаўлены на беларускім і расійскім рынку. А разам з тым марфін актыўна выкарыстоўваецца ў вайсковай медыцыне — гэта значыць у ваенных патрэбах. Што зноў жа прыводзіць да лагічнага адказу — замежныя фармкампаніі папросту не хочуць дапамагаць ваенным агрэсарам.

Такім чынам, лекі, якія спынілі або збіраліся спыніць пастаўляць на беларускі рынак шэраг вышэйпералічаных еўрапейскіх кампаній, маюць аналагі і прадаюцца ў Беларусі. Галоўнай жа прычынай недахопу асобных лекаў на беларускім рынку з'яўляецца палітыка самога рэжыму Лукашэнкі.    

Так, Дзмітрый Піневіч — да нядаўняга часу так званы міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, кажучы пра неабходнасць імпартазамяшчэння ў фармацэўтычнай галіне, заявіў, што (цытата) «задача для нас вельмі складаная, вельмі жорсткая — да канца 2025 года фармулярны пералік павінен складацца на 70% з прэпаратаў айчыннай вытворчасці, і мы прыкладаем для гэтага ўсе намаганні».

Палітыка штучнага імпартазамяшчэння на беларускім фармакалагічным рынку прывяла да росту цэн і скарачэння асартыменту лекаў у рознічнай аптэчнай сетцы Беларусі. 

Індэксы спажывецкіх цэн па Рэспубліцы Беларусь у 2023 годзе на асобныя групы нехарчовых тавараў
Крыніца: finance.npr.by

Так, цэны на лекі ў Беларусі растуць удвая хутчэй інфляцыі. У 2023 годзе яны павялічыліся на 13,36%. Прычына гэтага крыецца ў тым, што шэраг лекаў дзяржава закупляе оптам часам у разы даражэй, чым яны каштуюць, напрыклад, у расійскіх аптэках — падрабязны аналіз нядаўна прадставіў Беларускі даследчыцкі цэнтр. 

Дыктаваць свае цэны некаторыя вытворцы і пастаўшчыкі могуць з-за абмежаванай канкурэнцыі, якая выклікана ў тым ліку ўскладненай працэдурай рэгістрацыі аналагаў медыцынскіх прэпаратаў.

У Беларусі сітуацыя ўскладняецца тым, што любы, ну ці амаль любы чыноўнік на сваім шляху валодае правам вета, якое можа вельмі моцна затармазіць ці ўвогуле разбурыць ідэю рэгістрацыі нейкага прэпарата. Натуральна, калі ў гандлі любым прэпаратам будзе зацікаўлены чалавек, набліжаны да ўлады, то ніхто іншы канкурэнта не прапусціць на рынак.

Спрабуючы штучна падняць праблему недахопу лекаў у Беларусі, рэжым Лукашэнкі імкнецца ўсяляк замаўчаць, што тысячы палітычных зняволеных, якія знаходзяцца ў папраўчых установах МУС Беларусі, наўмысна пазбаўленыя доступу да гэтых самых лекаў і неабходнага ім медыцынскага абслугоўвання. Пра гэта кажуць звесткі праваабаронцаў.

У гуманітарныя спісы, складзеныя праваабаронцамі і актывістамі, уключана больш за 200 палітвязняў. Усе яны маюць сур'ёзныя праблемы са здароўем і адпаведна тэрмінова маюць патрэбу ў медыцынскім абслугоўванні і лячэнні, але гэтую праблему прадстаўнікі рэжыму ўсяляк хаваюць.

Таму наша задача ўзмацніць ціск на рэжым Лукашэнкі з мэтай іх вызвалення. На гэта накіраваны прапанаваны намі спецыяльны санкцыйны пакет на групы тавараў, аналагі якіх вырабляюцца палітвязнямі ў так званых папраўчых установах адкрытага і закрытага тыпу. Адпаведныя прапановы ўжо накіраваныя намі ў органы ЕС, а таксама дыпламатычным службам асобных краін-членаў Еўрасаюза. У выніку гэтыя прапановы на сённяшні дзень нават знайшлі адлюстраванне ў рэзалюцыі Еўрапарламента ад 8 лютага 2024 года.

Comments


bottom of page