«Лукашэнка, ажыццяўляючы тэрор супраць "нелаяльнага" яму насельніцтва, выйшаў далёка за межы Беларусі. Злачынства былі здзейсненыя на тэрыторыі як мінімум 30 краін-удзельніц Рымскага Статута. Гаворка ідзе пра злачынствы супраць чалавечнасці ў форме дэпартацыі і пераследу па палітычных матывах», — адзначыў лідар фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» Павел Латушка падчас парламенцкіх слуханняў Каардынацыйнай Рады Беларусі, якія прайшлі 23 студзеня па ініцыятыве фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"».
Павел Латушка падкрэсліў ключавыя пытанні апошніх 4 гадоў:
Ці наступіць адказнасць для Аляксандра Лукашэнкі за гэтыя злачынствы?
Ці будуць хаця б часткова адноўлены правы ахвяр?
Ці магчыма і як забяспечыць правасуддзе ў Беларусі?
«Першае, на што неабходна звярнуць увагу, — гэта даступныя механізмы забеспячэння правасуддзя. Буду максімальна катэгарычным і адзначу, што такіх механізмаў усяго два: расследаванне гэтых злачынстваў у рамках нацыянальных сістэм правасуддзя на аснове прынцыпу ўніверсальнай юрысдыкцыі і расследаванне ў рамках працэдур Міжнароднага крымінальнага суда.
Што датычыцца магчымасцяў расследавання гэтых злачынстваў на аснове прынцыпу ўніверсальнай юрысдыкцыі, важна звярнуць увагу на тое, што гэты механізм выключае магчымасць прыцягнення да адказнасці асоб, якія маюць персанальны імунітэт. Няхай нам гэта падабаецца ці не, але Лукашэнка карыстаецца гэтай прывілеяй. У гэтай сувязі абсалютным прыярытэтам для нас з’яўляецца механізм Міжнароднага крымінальнага суда», — падкрэсліў Павел Латушка.
Павел Латушка адзначыў, што карыстаючыся падобнай практыкай сітуацыі ў М’янме і Бангладэш, калі адна з краін не з’яўляецца ўдзельніцай Рымскага Статуту, было вырашана, што МКС вылодае юрысдыкцыяй па злачынствах, прадугледжаных Рымскім Статутам, калі хаця б адзін з іх элементаў быў здзейснены на тэрыторыі краін-удзельніц Рымскага Статута. Народнае антыкрызіснае ўпраўленне сабрала пераканаўчыя доказы таго, што здзейсненае Лукашэнкам злачынства дэпартацыі і пераслед па палітычных матывах як злачынства супраць чалавечнасці, падпадаюць пад юрысдыкцыю МКС.
«2 кастрычніка 2024 года з'явілася афіцыйная інфармацыя аб запуску Офісам пракурора МКС папярэдняга расследавання "беларускай сітуацыі". Аднак канчатковы вынік шмат у чым залежыць ад таго, якія сведкі будуць у распараджэнні Офіса пракурора МКС. Кожны з нас можна садзейнічаць таму, каб сведчанні здейсненых злачынстваў былі перададзены ў МКС», — адзначыў Павел Латушка.
«Я хацеў бы звярнуцца да чальцоў Каардынацыйнай Рады і ўсіх беларусаў з просьбай дасылаць нам любую інфармацыю: дакументы, аўдыё/відэазапісы, любыя іншыя матэрыялы, якія могуць пацвердзіць факты арганізацыі Лукашэнкам і прадстаўнікамі яго рэжыму палітыкі пераследу беларускага грамадства і стварэння ўмоў, якія вымушаюць жыхароў Беларусі пакідаць сваю краіну. Дадзеныя матэрыялы будуць ацэнены і ў рамках усталяваных працэдур перададзены ў Офіс пракурора МКС. На дадзены момант каля 30 праваабарончых арганізацый узялі на сябе абавязак перадаць адпаведную інфармацыю ў Офіс пракурора МКС.
Таксама надзвычай важныя заяўленыя пазіцыі іншых краін. У гэтай сувязі я звяртаюся да ўсіх членаў Каардынацыйнай Рады зрабіць усё магчымае ў камунікацыі з парламентарыямі краін-саюзнікаў, каб яны далучыліся да рэфералу Літвы ў МКС», — звярнуўся Павел Латушка да чальцоў і чалінь КР.
Comments