top of page

Карупцыя пры Лукашэнку непераможная


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

Дыктатар цягам 30 гадоў змагаецца з карупцыяй, аднак перамагчы яе ўсё ніяк не можа. А можа быць не хоча?

Бо так зручна ўзначальваць усе значныя і не вельмі карупцыйныя схемы, а за некалькі месяцаў да чарговых выбараў вызначыць, выкрыць і паказальна асудзіць якога-небудзь «буйнога» карупцыянера. А ў міжвыбарны перыяд пад выглядам барацьбы з карупцыяй распраўляцца з непажаданымі. 

Чаму барацьба Лукашэнкі з карупцыяй прыводзіць да павелічэння гэтай самай карупцыі? А яна рэальна павялічваецца. У 2022 годзе за здзяйсненне злачынстваў карупцыйнай накіраванасці асуджана 686 асоб, а ў 2023 годзе — 717.

У Беларусі на гэты момант фактычна ўсталяваны паўваенны рэжым ва ўмовах бесперапынных рэпрэсій, а ўся карупцыя сканцэнтраваная ў руках набліжаных да дыктатара груп людзей. Бо ўзначальвае і гадамі ўдасканальвае і адточвае карупцыйныя схемы Лукашэнка. Вось і прычына, чаму 30 гадоў змагаючыся з карупцый, гэтая самая карупцыя толькі павялічваецца. Таму што Лукашэнка не можа перамагчы самога сябе.

У дэмакратычных краінах грамадзянская супольнасць мае магчымасць грамадскага кантролю над дзейнасцю дзяржаўных служачых і чыноўнікаў. І калі няма кантролю з боку грамадзян, СМІ, апазіцыі, то тады вярхушка ўзурпуе не толькі ўладу, але і кантроль над усімі працэсамі, у тым ліку карупцыйнымі магчымасцямі. Але ў Беларусі гэтага няма. Усе парасткі грамадскага кантролю ўнутры краіны рэжым Лукашэнкі знішчыў.  

Беларусы за 30 гадоў убачылі і зразумелі, што антыкарупцыйная дзейнасць ператварылася для адных у расправу з непажаданымі і жудасныя жорны людскіх лёсаў, а для іншых — у паверанне ў сваю выключнасць і ўсёдазволенасць. І ўвесь працэс барацьбы з карупцыяй праходзіць нават не пад лозунгам «часам не да законаў», а ўжо пад лозунгам «Законаў няма. Ёсць загад Лукашэнкі».

Па-сапраўднаму знізіць узровень карупцыі ў нашай краіне будзе магчыма пасля перамогі над рэжымам Лукашэнкі, пасля правядзення сумленных і празрыстых выбараў, у выніку якіх урад будзе несці справаздачнасць перад грамадзянамі.

 

Comments


bottom of page