top of page

Карпянкоў і Талай — рускія, з імі Пуцін


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

Аляксей Талай атрымаў узнагароду з рук Пуціна. У Расіі па вартасці ацанілі яго ўклад у незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі. На ўзнагароджанні Талай абвясціў сябе рускім, з якім, вядома ж, бог.

І вось такія Талаі, якія адкрыта лічаць сябе рускімі, складаюць сетку расійскага ўплыву ў Беларусі. Мы ўжо распавядалі яшчэ аб адным рускім «патрыёце» — Мікалаі Карпянкове і яго асяроддзі, якое абслугоўвае персону «генерала» і сілавікоў вакол яго на прапагандысцкім узроўні, накшталт таго ж Рыгора Азаронка або Вадзіма Гігіна.

Усе гэтыя персанажы, як і сам Карпянкоў, з'яўляюцца неад'емнай часткай сістэмы Лукашэнкі. Вонкава яны ўсяляк дэманструюць адданасць дыктатару. Але ці так гэта на самай справе? І хто звязвае актыўнасць «генерала» і прапагандыстаў у адзінае цэлае?

Цяпер мы крыху прыадчынім заслону таямніцы і раскажам вам пра людзей, якія фармальна не з'яўляюцца часткай сістэмы Лукашэнкі, аднак выступаюць прамымі праваднікамі інтарэсаў Расіі ў Беларусі, рэгулярна ездзяць на акупаваныя Расіяй тэрыторыі Украіны, удзельнічаюць, а таксама самі арганізуюць мерапрыемствы ў расійскай амбасадзе і г. зв. расійскіх дамах, створаных Рассупрацоўніцтвам.

Гаворка пра рух «Саюз». А дакладней — арганізацыйны камітэт стваранай у Беларусі палітычнай партыі. Варта сказаць, што Мінюст Лукашэнкі не стаў рэгістраваць гэтую партыю. Мабыць спецслужбы Лукашэнкі ўчулі пэўную пагрозу з боку новай прарасійскай сілы.

Сяргей Лушч
Сяргей Лушч

Лідар партыі — Сяргей Лушч, у мінулым неанацыст, а цяпер рэспектабельны малады палітык і прапагандыст. Як сказана ўсё на тым жа сайце аргкамітэта «па перакананнях паслядоўны прыхільнік беларуска-расійскай інтэграцыі».

Таксама Лушч з'яўляецца намеснікам старшыні савета кіраўнікоў «беларускіх грамадскіх аб'яднанняў расійскіх суайчыннікаў пры пасольстве Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь», гэта значыць аб'яднання ўсіх расійскіх арганізацый у Беларусі. Раней Лушч браў удзел у грамадскай арганізацыі «Русь» і ўзначальваў уласную моладзевую арганізацыю «Русь маладая».

Лушч — заўзяты прадстаўнік «рускага свету» ў Беларусі і прыхільнік паглынання Беларусі Расіяй, ліквідацыі беларускай ідэнтычнасці. Лушч актыўна прасоўвае ідэі так званай «інтэграцыі» з Расіяй, а па сутнасці — займаецца падрыхтоўкай паглынання Беларусі. Адным з важных кірункаў дзейнасці Лушча і руху «Саюз» з'яўляецца падтрымка расійскай агрэсіі.

За сваю дзейнасць Лушч быў «адзначаны прэстыжнымі знакамі адрознення»: падзякай і медалём Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Пуціна, падзякай Рассупрацоўніцтва, а таксама падзякай пасольства РФ у Беларусі.

Мы таксама не засталіся ў баку і ўключылі гэтага персанажа ў нашы нядаўнія прапановы з абгрунтаваннямі для прымянення персанальных санкцый ЕС, ЗША і Канады.

Прадстаўнікі «Саюза» пры падтрымцы расійскага пасольства актыўна праводзяць прапагандысцкія сустрэчы беларускіх школьнікаў і кадэтаў, удзельнікаў г. зв. патрыятычных клубаў з іх аднагодкамі з Расіі і, у асаблівасці, акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны.

Мікалай Карпянкоў, Сяргей Лушч, Аляксей Талай, Вадзім Гігін, Рыгор Азаронак, Алег Раманаў, Ала Веруш — гэтыя прозвішчы не сустрэнеш у спісах «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў». Але менавіта яны і арганізацыі, якія іх аб'ядноўваюць — сапраўдная пагроза нацыянальнай бяспецы і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі.

І яны чакаюць зручнага моманту, каб ажыццявіць іх мэту — канчаткова ліквідаваць нашу дзяржаўнасць і зрабіць нашу краіну часткай Расіі.

 

Comments


bottom of page