Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол
19 мая Мікалай Карпянкоў абвясціў аб стварэнні як бы дабрачыннага фонда «Маладая гвардыя», у задачы якога будзе ўваходзіць фінансаванне 18 «ваенна-патрыятычных клубаў», раней гэтак жа створаных Карпянковым.
У склад апякунскай рады фонду, па словах Карпянкова, увайшлі «прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых ведамстваў, у тым ліку работнікі СМІ, прадпрымальнікі і палітыкі». Палітыкі? Мы не недачулі? І каго ж Карпянкоў лічыць палітыкам? Сябе?
А мы ж памятаем, што ў сістэме Лукашэнкі ёсць толькі адзін палітык. З такіх заяў становіцца зразумела, што стаць новым Прыгожыным Карпянкоў зусім не адмовіўся.
Карпянкоў стварае інфраструктуру, здольную ў будучыні прэтэндаваць на рэальную ўладу. Спачатку ён стварыў атрады спецназа, інфільтраваныя вагнераўцамі, затым заняўся выхаваннем падрастаючага пакалення, ну а цяпер прыйшла чарга для фарміравання матэрыяльнай базы свайго палітычнага праекта.
Не варта падманвацца словам «фонд» — тое, што будуе Карпянкоў, на справе з'яўляецца рэальным плацдармам для барацьбы за ўладу. Адэпт, а хутчэй за ўсё агент, т. зв. «рускага свету» актыўна прасякае сваё «акно магчымасцяў» і рыхтуецца ім скарыстацца.
Цікавай дэталлю з'яўляецца і тое, што зарэгістравалі фонд «Маладая гвардыя» яшчэ 3 мая па адрасе Нацыянальнай бібліятэкі. Месца рэгістрацыі зусім не выпадковае. Пасаду дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі ў цяперашні час займае такі ж агент «рускага свету» — Вадзім Гігін. Раней мы таксама звярталі ўвагу, што інфармацыйна Карпянкова і яго бурную дзейнасць найбольш актыўна асвятляў прапагандыст Рыгор Азаронак — яшчэ адзін аматар рускамірскіх «духоўных умацаванняў». Абодва — члены кіраўніцтва партыі Белая Русь, узначальвае якую рускамірац Алег Раманаў.
Фактычна на прыкладзе Карпянкова і ягонага атачэння мы ўжо можам разглядзець сетку прарасійскіх агентаў уплыву, тую павуціну, якой яны актыўна аблытваюць Беларусь.
На чале ж фонду «генерал» Карпянкоў паставіў асабліва даверанага чалавека — сваю даўнюю знаёмую Алу Веруш. Хто яна такая і чым можа быць цікавай?
Падрабязна пра Алу Веруш — у відэа Паўла Латушкі, у тым ліку пра тое, як яна звязаная з Расіяй і рэпрэсіямі ў дачыненні да футбольных фанатаў і анархістаў, а таксама пра тое, якая яе роля ў развіцці канцэпцыі «экстрэмізму» ў Беларусі.
Comments