top of page

Канферэнцыя АБСЕ ў Варшаве — даклад НАУ


Крыніца: НАУ-медыя

7 кастрычніка б.г. прадстаўнік Народнага Антыкрызіснага Упраўлення Уладзімір Астапенка выступіў на заключным пасяджэнні Варшаўскай Канферэнцыя АБСЕ па чалавечым вымярэнні. Гэта — найбуйнейшы рэгіянальны форум па праваабарончай тэматыцы, у працы якога бяруць удзел урадавыя дэлегацыі краін-удзельніц АБСЕ, а таксама прадстаўнікі розных структур грамадзянскай супольнасці. Цягам 10 дзён больш за 1000 удзельнікаў Канферэнцыі абмяркоўвалі самыя актуальныя праблемы, звязаныя з эфектыўнай абаронай правоў чалавека, развіццём дэмакратычных інстытутаў, забеспячэннем прыярытэту права. Увесь гэты час крэсла за таблічкай «Беларусь» заставалася пустым, што з'яўляецца найлепшай ілюстрацыяй стаўлення рэжыму Лукашэнкі да правоў чалавека ў Беларусі і да выканання міжнародна-прававых абавязальніцтваў у гэтай сферы.


Асноўныя тэзісы даклада Уладзіміра Астапенкі:


— АБСЕ — першая з міжнародных арганізацый, якія зрэагавалі на востры палітычны крызіс у Беларусі ў 2020 годзе, і апублікавала адзін з першых экспертных дакладаў прафесара В. Бенедэка, у якім было адзначана, што «маюцца бясспрэчныя доказы таго, што прэзідэнцкія выбары 9 жніўня былі сфальсіфікаваныя, а ў адказ на мірныя дэманстрацыі праваахоўнікамі здзяйсняліся масавыя і сістэматычныя парушэнні правоў чалавека».


— З таго часу прававая абстаноўка ў Беларусі працягвае пагаршацца: колькасць палітвязняў за 2 гады пасля выбараў вырасла больш чым у 10 разоў (са 121 да 1347 чалавек), спіс злачынстваў рэжыму Лукашэнкі пашырыўся і цяпер уключае не толькі сістэматычныя парушэнні правоў чалавека, але і:

  • злачынствы супраць чалавечнасці, уключаючы катаванні;

  • акт паветранага пірацтва;

  • садзейнічанне незаконнай міграцыі;

  • дзеянні па ліквідацыі грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ;

  • садзейнічанне ўзброенай агрэсіі супраць Украіны і стварэнне рэальнай пагрозы суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.

— Пазіцыя Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, заснаванага Святланай Ціханоўскай — голас новай Беларусі, які павінен быць пачуты на сусветнай арэне. Савет Еўропы ўжо спыніў усе кантакты з рэжымам Лукашэнкі і распрацаваў механізмы ўзаемадзеяння з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Гэта добры прэцэдэнт для таго, каб у агляднай будучыні месцы за таблічкай «Беларусь» займалі легітымныя прадстаўнікі беларускага народа.


Прысуджэнне Нобелеўскай прэміі міру праваабаронцу Алесю Бяляцкаму — важны жэст прызнання ўкладу беларускай грамадзянскай супольнасці ў барацьбу за дэмакратычны курс і павагу правоў чалавека. Міжнароднай супольнасці трэба кансалідаваць намаганні, каб нобелеўскі лаўрэат, як і ўсе астатнія палітвязні ў Беларусі апынуліся, нарэшце, на волі.


Запампаваць PDF-версію выступу можна тут.

Comments


bottom of page