top of page

«Калі ў нацыі ёсць героі, значыць, у нацыі ёсць будучыня.»


Павел Латушка, намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення выступіў з вітальным словам з нагоды ўрачыстага мерапрыемства да Дня Волі — 106-ай гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

«У Беларусі ёсць свае героі. Героі, якія змагаюцца ва Украіне; героі — беларускія партызаны; героі, якія, на жаль, сядзяць у турмах. Большасць беларусаў — прагнуць свабоды, прагнуць дэмакратыі. Жадаюць незалежнасці і працягваюць змагацца за яе», — адзначыў Павел Латушка.

Урачыстае мерапрыемства адбылося 21 сакавіка 2024 года ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве.

З відэазваротамі таксама выступілі старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла, кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская.

Удзел у мерапрыемстве прынялі прадстаўнікі канцылярыі прэзідэнта Польшчы, Сейма і Сената Польшчы, Міністэрства замежных спраў Польшчы, у тым ліку дырэктары дагаворна-прававога і консульскага дэпартаментаў, прадстаўнікі Міністэрстваў культуры, унутраных спраў, юстыцыі, спорта, а таксама паслы Аўстрыі, Бельгіі, Іспаніі, Люксембурга, Харватыі, Латвіі, Літвы, Францыі, Румыніі, Балгарыі, Італіі, Эстоніі, Нарвегіі, Ірландыі, Малдовы і дыпламаты іншых краін, прадстаўнік урада Фландрыі.

У вітальным слове віцэ-маршалка Сейма Польшчы Пятра Згажэльскага адзначана сумесная гісторыя беларускага і польскага еўрапейскіх народаў і далейшая падтрымка Польшчы ў барацьбе за свабодную і незалежную Беларусь. У выступленні на ўрачыстасці першы намеснік міністра юстыцыі Польшчы Кшыштаф Сьмішэк падкрэсліў падтрымку з боку ўладаў Польшчы дэмакратычнага выбару беларускага грамадства.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі незалежных беларускіх і замежных медыя: «Белсат», Financial Times, Rzeczpospolita, Радыё Рацыя, TVP World і іншых.

Мерапрыемства аб’яднала сабой прадстаўнікоў беларускай дыяспары і беларускай этнічнай меншасці, прадстаўнікоў дэмакратычных сіл і грамадскіх актывістаў, кіраўнікоў беларускіх ініцыятыў. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, члены Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, члены Каардынацыйнай рады, прадстаўнікі аб'яднанняў сілавікоў Беларусі ByPol і BelPol, Беларускай Рады культуры, аб’яднання беларускіх палітвязняў «Да Волі», Partyzanka і іншых.

У культурнай праграме ўрачыстасці адбыўся паказ фрагмента пастаноўкі «Слова з-за кратаў» тэатральнай трупы «Вольныя Купалаўцы» ў складзе народнай артысткі Беларусі Зоі Белахвосцік, Алега Гарбуза, Сяргея Чуба, Крысціны Дробыш, адбыўся выступ хора Concordia пад кіраўніцтвам мастацкага кіраўніка і дырыжора Галіны Казіміроўскай, Варшаўскага Вольнага аркестра, адбылося адкрыццё выставы REVISION 30 Сяргея і Дзмітрыя Брушко — бацькі і сына, якія ў сваіх працах зафіксавалі апошнія 30 гадоў шляху Беларусі да пераменаў. Адвакат Ганна Маціеўская перадала ў фонды Музея Вольнай Беларусі мастацкія работы Юрыя Стыльскага, Антона Радзівонава і Яны Шостак.

«Адзначаючы сёння пакуль не юрыдычна, але фактычна дзяржаўнае свята Беларусі, мы павінны ўсвядоміць гістарычную паралель, у якой на дадзены момант знаходзіцца Беларусь і беларускі народ. У цяжары выпрабаванняў куюцца сапраўдныя нацыі. Мы, беларусы, павінны выканаць свой гістарычны абавязак. Цяпер наш час вырашаць лёс Беларусі. Мы павінны захаваць краіну. Гэта наша адказнасць. І мы вернемся, абавязкова вернемся ў вольную, незалежную Беларусь», — падкрэсліў падчас мерапрыемства Павел Латушка.

Фінансаванне дадзенага мерапрыемства адбылося выключна са сродкаў мецэнатаў Музея Вольнай Беларусі.

Comments


bottom of page