top of page

Калі ж мы зможам дамагчыся справядлівасці?



Круглы стол «Механізмы універсальнай юрысдыкцыі. Агульныя падыходы і асаблівасці прымянення ў Рэспубліцы Польшча»


«Калі ж мы зможам дамагчыся справядлівасці і прыцягнем да адказнасці хаця б аднаго паспешнiка рэжыму, які здзекаваўся над людзьмі ў турмах, ужываючы катаванні і фізічны гвалт? Ці магчыма гэта ў прынцыпе — пакуль дыктатар утрымлівае ўладу?» Такім пытаннем задаецца сёння практычна кожны беларус, які не змог «перагарнуць старонку» і забыць страшныя падзеі 2020 года.


Наша каманда працягвае вывучаць усе магчымасці для таго, каб прыцягнуць да крымінальнай адказнасці сілавікоў Лукашэнкі ўжо сёння, выкарыстоўваючы як інструмент універсальную юрысдыкцыю. Задача, якая стаіць перад камандай — вельмі няпростая, бо мы практычна ствараем прэцэдэнт, спрабуючы давесці кожную справу да фактычнага абвяшчэння злачынцаў у міжнародны вышук.


Анжаліка Мельнікава, каардынатар праекта: «Мы разумеем, што да змены ўлады ў Беларусі судовы працэс немагчымы. Але той мінімум, які мы здольныя зрабіць сёння — гэта дамагчыся ўнясення імёнаў злачынцаў у спісы Інтэрпола для таго, каб яны не маглі свабодна перамяшчацца цяпер, а ў свой час — хавацца ад правасуддзя».


Улічваючы складанасць прасоўвання прымянення прынцыпу універсальнай юрысдыкцыі, каманда НАУ правяла ў Варшаве круглы стол, у якім таксама прынялі ўдзел польскія юрысты — эксперты ў галіне міжнароднага крымінальнага права, а таксама юрыст офіса Святланы Ціханоўскай Крысціна Рыхтэр.


У ходзе мерапрыемства адбыўся абмен вопытам і ведамі ў галіне прымянення прынцыпу ў краінах ЕС, былi абмеркаваны магчымасці фарсіравання разгляду такіх спраў у Польшчы і прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблемы практычнага прымянення універсальнай юрысдыкцыі.


Арцём Праскаловіч, адказны за ўнутраную палітыку і дзяржаўнае кіраванне: «Cёння мы пераходзім у актыўную фазу дзеянняў, якая, як мы спадзяемся, дазволіць максімальна далёка прасунуцца ў практычным прымяненні інстытутаў універсальнай юрысдыкцыі і аб’явіць у міжнародны вышук асоб, вінаватых у гвалце на тэрыторыі Беларусі».



Мы працягнем прыкладаць нашыя намаганні для таго, каб паспешнікі рэжыму, якiя здзейснілі злачынствы супраць беларускага народу, панеслі за гэта адказнасць.

Kommentare


bottom of page