Пад амерыканскія санкцыі трапіў шэраг фізічных і юрыдычных асоб з Беларусі
Перш за ўсё гэта прадпрыемствы ваенна-прамысловага комплексу:
Навукова-вытворчы холдынг «Планар»;
ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «ГАРЫЗОНТ»;
ААТ «ММЗ імя С. І. Вавілава — кіруючая кампанія холдынгу «БелОМА»;
ААТ «Зеніт-БелОМА»;
ААТ «Алеўкурп»;
Навукова-тэхнічны цэнтр «ЛЭМТ» БелОМА,
іх кіраўнікі (Мікалай Гайчук, Аляксандр Мароз, Аляксей Шкадарэвіч).
Таксама ў санкцыйны спіс унеслі канцэрн «Беллеспаперапрам», кіруючую кампанію холдынгу «Беларуская цэментная кампанія» і РУП «Белмытнясэрвіс» разам з гендырэктарам Вадзімам Бабарыкіным.
Акрамя таго, пад санкцыямі апынуліся некаторыя «гаманцы» Лукашэнкі і іх кампаніі: ТАА «Тытунь-інвест», яго дырэктар Віктар Пятровіч і ўладальнік Павел Тапузідзіс, а таксама ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Амкадор» і яе ўладальнік Аляксандр Шакуцін.
Таксама пад санкцыямі апынуўся Дзмітрый Шаўцоў — непрызнаны кіраўнік Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, датычны да незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.
Нягледзячы на ўзмацненне спробаў лабіравання змякчэння санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, ЗША пацвердзілі сваю прыхільнасць палітыцы ціску на парушальнікаў нормаў міжнароднага права.
Мы вітаем рашэнне ўладаў ЗША аб пашырэнні санкцый, якое з'яўляецца следствам выразнага разумення Злучанымі Штатамі злачыннага характару рэжыму Лукашэнкі, адказнага за развязванне вайны супраць Украіны, здзяйсненне такіх ваенных злачынстваў, як незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны, а таксама злачынстваў супраць чалавечнасці ў дачыненні да народа Беларусі.
Прыняцце гэтага рашэння напярэдадні Стратэгічнага дыялогу «Беларусь — ЗША» з'яўляецца важным сігналам аб тым, з кім Злучаныя Штаты гатовыя весці дыялог як з партнёрамі, на прапановы якіх (у тым ліку санкцыйныя) яны гатовыя рэагаваць. А з кім — выключна як са злачынцамі і агрэсарамі, адзінай магчымай рэакцыяй на няспынныя злачынствы якіх з'яўляецца пакаранне.
Мы перакананыя, што гаварыць з рэжымам Лукашэнкі магчыма толькі з пазіцыі сілы, а паскорыць перамены ў Рэспубліцы Беларусь магчыма толькі праз прымяненне адпаведных інструментаў. Спадзяемся, што прыкладам ЗША будуць кіравацца і нашы еўрапейскія партнёры.
Роўна як і на тое, што падчас найбліжэйшых мерапрыемстваў нам удасца пераканаць ЗША і ЕС у неабходнасці поўнай гарманізацыі эканамічных санкцый у дачыненні да Расіі і рэжыму Лукашэнкі, а таксама — ва ўжыванні механізмаў міжнароднай крымінальнай адказнасці.
Comments