Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол
Пры дыктатары наша краіна пастаянна несла і працягвае несці страты ў розных сферах і галінах, у тым ліку ў жыццёва важных для насельніцтва.
Напрыклад, яшчэ ў 1990 годзе ў Беларусі працавала 874 бальніцы, а ўжо на канец 2022 года бальніц у краіне налічвалася толькі 585, гэта значыць на 33% менш. Лукашэнка ліквідаваў, удумайцеся, 289 бальніц. Але і на гэтым ён не спыніўся — на працягу 2023 года ліквідавана яшчэ 27 бальніц. У суме — 316 бальніц было зачынена.
Таксама кожны год у нашай краіне перастаюць існаваць населеныя пункты. Толькі ў 2023 годзе спынілі існаванне 12, у 2022 годзе — 45, у 2021 — 21, а ў 2020 — 15. Гэта значыць за 4 гады ў Беларусі колькасць населеных пунктаў зменшылася на 93.
Аднак за час знаходжання ля руля ўзурпаванай улады, Лукашэнка сёе-тое павялічыў. І трэба адзначыць, што вельмі моцна.
Знешні доўг Беларусі па стане на 1994 год складаў 2 млрд даляраў ЗША. А вось па стане на 1 студзеня 2024 года — ужо 36,88 млрд даляраў ЗША. Рост больш чым у 18 разоў. Такі размах, вядома, уражвае.
І з'яўляецца слушнае пытанне — за 30 гадоў Лукашэнка павялічыў замежную запазычанасць у 18 разоў, а што было створана? Можа стала больш прадпрыемстваў? Можа павялічылася колькасць бальніц? Можа пабудаваная ў доўг атамная электрастанцыя паменшыла кошт электраэнергіі для насельніцтва? Адказы на гэтыя пытанні мы ўсе ведаем.
Гэта ўсё для таго, каб Лукашэнка і яго сям'я маглі адкрываць і валодаць шматлікімі кампаніямі ў розных краінах, будаваць рэзідэнцыі, выводзіць з краіны велізарныя грашовыя рэсурсы, скупляць нерухомасць за мяжой.
Comments