25-27 траўня адбыліся першыя прамыя выбары ў Каардынацыйную Раду. Упершыню за 30 гадоў беларусы сапраўды мелі магчымасць абіраць сваіх прадстаўнікоў.
Мы можам па-рознаму ацэньваць вынікі выбараў сёння, але прэцэдэнт створаны. Гэта ўжо гістарычная падзея. І ўсе ўдзельнікі і арганізатары гэтай выбарчай кампаніі заслугоўваюць вялікай падзякі і пашаны за тое, што мы зрабілі разам.
Веру, што ўсе мы прыйшлі ў Каардынацыйную Раду працаваць у інтарэсах беларусаў і беларускага грамадства. Не дзяліць «партфелі» ці змагацца за «пасады», не гуляць у гульні пад дыванам. Мы прыйшлі працягваць барацьбу супраць рэжыму Лукашэнкі і за вызваленне Беларусі.
Таму нам важна стварыць эфектыўны прадстаўнічы орган. Нам важна ўзмацняць дэмакратычную альтэрнатыву рэжыму ўзурпатара.
Нашая галоўная мэта — вяртанне ў Беларусь. У вольную, незалежную, дэмакратычную Беларусь. І дзеля таго, каб бачыць на гарызонце менавіта такую Беларусь, нам трэба быць адказнымі і ўжо зараз прытрымлівацца базавых дэмакратычных прынцыпаў. Ісці шляхам парламентарызма, а не палітычных гульняў.
Таму важна, што мы разам: спіс «Каманда Латушкi i Рух “За Свабоду”», «Еўрапейскі Выбар», «Незалежныя Беларусы», «Воля», «Хопіць Баяцца» — прынялі агульную заяву з прапановай стварыць аргкамітэт першага працоўнага паседжання Каардынацыйнай Рады трэцяга склікання.
І мы заклікаем каардынатараў іншых выбарчых спісаў далучыцца да працы аргкамітэта па арганізацыі першага працоўнага паседжання абранай Каардынацыйнай Рады.
Мы гатовыя да канструктыўнай супрацы, мы гатовыя да дыялогу і галоўнае — мы хочам каб Каардынацыйная Рада была запатрабаванай і карыснай для беларусаў.
Мы выступаем за празрыстасць, фінансавую справаздачнасць, публічнасць пасяджэнняў, павагу да дэмакратычных прынцыпаў.
Давайце памятаць, што Каардынацыйная Рада створана беларусамі для вырашэння праблем беларусаў. Для абароны нацыянальных інтарэсаў Беларусі і беларусаў. І для барацьбы. Барацьбы за нашу агульную будучыню.
Важна, каб нас пачулі беларусы і ў Беларусі, і ў замежжы. Мы не здраджваем нашым мэтам, нашай барацьбе за тое, каб вызваліць Беларусь. Мы аб'ядноўваемся, каб не спыняцца, каб лёс беларускага народа не вырашаўся без голаса беларусаў. Мы дойдзем да вольнай Беларусі.
У мяне няма сумневаў, што Каардынацыйная Рада — гэта інстытут, які патрэбны сёння. І які будзе патрэбны заўтра — у Беларусі без Лукашэнкі. Мы павінны зрабіць усё, каб хутчэй прыйсці ў гэтае заўтра. І прыйсці ў яго моцнымі.
Мы — не апазіцыя. Мы — альтэрнатыва. Жыве Беларусь!
Comments