top of page

Заява да гадавіны пачатку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны


Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі лічыць падтрымку Украіны на шляху да рашучай перамогі над агрэсарам сваім стратэгічным прыярытэтам




Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі лічыць агрэсію супраць Украіны міжнародным злачынствам з боку Расіі і рэжыму Лукашэнкі і выказвае сваю салідарнасць з народам Украіны ў яго барацьбе за незалежнасць, суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць сваёй краіны.


Дэмакратычная Беларусь далучаецца да рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі ААН ад 23 лютага 2023 года аб неабходнасці найхутчэйшага дасягнення ўсеабдымнага, справядлівага і ўстойлівага міру ва Украіне згодна са Статутам ААН. Заклікаем урады ўсіх краін перадаваць Украіне усю неабходную дапамогу для абароны ад расійскіх захопнікаў, уключна з узбраеннямі.


Ад пачатку ўварвання народ Беларусі выступае супраць расійскай агрэсіі, пра што сведчаць антываенныя пратэсты, дыверсіі рэйкавых партызан, інфармаванне пра дзеянні расійскіх ваенных на тэрыторыі Беларусі, ахвяраванні, аказанне гуманітарнай дапамогі і ўдзел беларусаў у валанцёрскім руху, у тым ліку ў самой Украіне. Мы аддаем даніну павагі ўсім беларусам, якія дапамагаюць Украіне.


Беларускі народ ганарыцца беларусамі і беларускамі, якія змагаюцца супраць акупантаў у складзе Узброеных сіл Украіны, і ўшаноўвае памяць тых ваяроў, хто ахвяраваў сваім жыццём у гэтай барацьбе.


Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі лічыць падтрымку Украіны на шляху да рашучай перамогі над агрэсарам сваім стратэгічным прыярытэтам і заяўляе аб гатоўнасці выбудоўваць з украінскім урадам сумесную стратэгію дзеянняў па супрацьстаянні расійскай агрэсіі.


У змаганні за інтарэсы свабоднай Беларусі мы дбаем і пра інтарэс незалежнай Украіны. Толькі дэмакратычная і незалежная Беларусь зможа надаць гарантыі бяспекі суседнім краінам і стаць галоўным складнікам устойлівай і эфектыўнай сістэмы рэгіянальнай бяспекі. Гістарычная сувязь нашых народаў стварае аснову для моцнай кааліцыі, здольнай спыніць рэалізацыю расійскіх імперскіх амбіцый.


Слава Украіне! Жыве Беларусь!


24 лютага 2023 г. Варшава, Вільня


Comments


bottom of page