top of page

Заява Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі


Ядерные комплексы "Ярс" армии РФ
Крыніца: rg.ru

Аб супрацьстаянні пагрозам, звязаным з магчымым размяшчэннем расійскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі


Аб'яднаны Пераходны Кабінет Беларусі заяўляе аб недапушчальнасці размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі і заклікае міжнародную супольнасць да неадкладнага супрацьдзеяння рэжымам Лукашэнкі і Пуціна з мэтай недапушчэння міжнароднай катастрофы.


Поўны тэкст заявы Кабінета «Аб супрацьстаянні пагрозам, звязаным з магчымым размяшчэннем расійскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі» чытайце па спасылцы:

  1. У сувязі з заявай прэзідэнта Расійскай Федэрацыі У. Пуціна аб размяшчэнні ў Беларусі тактычнай ядзернай зброі.

  2. Нагадваючы аб незаконнасці ўтрымання Аляксандрам Лукашэнкам улады пасля яго пройгрышу на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года.

  3. Прымаючы да ўвагі агрэсію Расійскай Федэрацыі і рэжыму Лукашэнкі супраць Украіны, якая працягваецца.

  4. Пацвярджаючы імкненне беларускага народа да бяз'ядзернага статусу Беларусі, выяўленае ў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь ад 27 ліпеня 1990 года, Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ад 15 сакавіка 1994 года і Мемарандуме аб гарантыях бяспекі ад 5 снежня 1994 года (Будапешцкі мемарандум) у сувязі з далучэннем Беларусі да Дагавора аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі ад 1 ліпеня 1968 года (ДНЯЗ).

  5. Улічваючы абавязацельствы Рэспублікі Беларусь па ДНЯЗ, уключаючы тыя з іх, якія згаданыя ў Будапешцкім мемарандуме, - вывесці ўсю ядзерную зброю са сваёй тэрыторыі, а таксама вынікаючыя з іх абавязацельствы Вялікабрытаніі, Расійскай Федэрацыі і Злучаных Штатаў Амерыкі ў рамках Будапешцкага мемарандума.

  6. Улічваючы катастрафічныя рызыкі для міжнароднага міру і бяспекі, якія нясе ў сабе існаванне ядзернай зброі.

  7. Зыходзячы з імкнення сусветнай супольнасці да поўнай забароны ядзернай зброі, выказанага ў Дагаворы аб забароне ядзернай зброі ад 20 верасня 2017 года.

  8. Пацвярджаючы раней узятыя Рэспублікай Беларусь міжнародныя абавязацельствы аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі.

  9. Нагадваючы аб катастрафічных наступствах для Беларусі аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі ў 1986 годзе.

  10. Пацвярджаючы раней заяўленае патрабаванне Аб'яднанага Пераходнага Кабінета да Расійскай Федэрацыі аб неадкладным і поўным вывадзе ўсіх яе войскаў і ваенных аб'ектаў з тэрыторыі Беларусі.

Аб'яднаны Пераходны Кабінет Беларусі:

  1. Заяўляе аб недапушчальнасці размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

  2. Дэкларуе, што размяшчэнне Расійскай Федэрацыяй ядзернай зброі ў Беларусі будзе з'яўляцца абуральным актам парушэння суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, які стварае сур'ёзную пагрозу незалежнасці Рэспублікі Беларусь і падрывае міжнародны мір і бяспеку.

  3. Патрабуе ад Расійскай Федэрацыі адмовіцца ад планаў па размяшчэнні ядзернай зброі ў Беларусі і вывесці ўсе войскі і вайсковыя аб'екты з тэрыторыі Беларусі.

  4. Заклікае міжнародную супольнасць, уключаючы Еўрапейскі саюз, Злучаныя Штаты Амерыкі, Вялікабрытанію, Канаду, Японію, іншыя дзяржавы і міжнародныя арганізацыі, у мандат якіх уваходзіць падтрыманне міжнароднага міру і бяспекі, кантроль па выкананні абавязацельстваў па нераспаўсюджванні ядзернай зброі, прыняць неадкладныя меры прэвентыўнага характару па недапушчэнні размяшчэння ў Беларусі расійскай ядзернай зброі насуперак волі беларускага народа, уключаючы неадкладныя і шырокія меры санкцыйнага характару супраць рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі.

  5. Заклікае Генеральнага Сакратара ААН прыняць меры па прававой ацэнцы размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі і выкарыстання Расійскай Федэрацыяй тэрыторыі Беларусі для вядзення вайны супраць Украіны ва ўмовах незаконнага ўтрымання ўлады рэжымам Лукашэнкі.

  6. Заклікае Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі зрабіць неабходныя крокі з мэтай праверкі выканання Рэспублікай Беларусь абавязацельстваў па Дагаворы аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі ад 1 ліпеня 1968 года.

  7. У сувязі з тым, што размяшчэнне ядзернай зброі Расійскай Федэрацыі на тэрыторыі Беларусі стварае пагрозу перш за ўсё для суседніх з Беларуссю краін, звяртаецца да ўрадаў Рэспублікі Польшча, Літоўскай Рэспублікі, Латвійскай Рэспублікі, Украіны і Эстонскай Рэспублікі з прапановай сумесна выпрацаваць адзіную пазіцыю і план дзеянняў па недапушчэнні размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі.


Comments


bottom of page