Сумесная заява Паўла Латушкі і Юрыя Губарэвіча аб удзеле ў выбарах у Каардынацыйную раду
Павел Латушка: «Беларусы павінны мець права абіраць сваіх прадстаўнікоў. На жаль, пакуль гэта немагчыма рабіць у Беларусі, але ў нас ёсць магчымасць абраць сваіх прадстаўнікоў на выбарах у Каардынацыйную раду. Заклікаю ўсіх нас прыняць удзел у гэтых выбарах.
Як беларускі палітык, заяўляю аб удзеле ў выбарах у Каардынацыйную раду і ўдзячны ўсім, хто далучыўся да нашай каманды. Мы стварылі кааліцыю з Рухам "За Свабоду", да якой таксама далучыліся іншыя грамадскія аб’яднанні, блогеры, дыпламаты, юрысты, адвакаты, дзеячы культуры, прадпрымальнікі».
Юрый Губарэвіч: «Рух "За Свабоду" падтрымлівае заклік да беларусаў прыняць удзел у выбарах у Каардынацыйную раду. Умацаванне прадстаўнічага інстытуту дэмакратычных сіл праз выбары — гэта натуральны шлях дэмакратычнага працэсу і яго развіцця. Дзесяцігодзямі пазбаўленыя права выбару на Радзіме беларусы нарэшце атрымалі магчымасць абіраць сваіх прадстаўнікоў».
Павел Латушка: «Давайце разам прымем удзел у выбарах. Нам важна зразумець пасля 3,5 гадоў несупыннай барацьбы, што ніхто не вырашыць за нас беларусаў нашыя праблемы. Адначасова нам важна дамагацца ад міжнародных партнёраў выканання правіла — нічога пра нас без нас.
Новая Каардынацыйная рада павінна мець задачу — адстойваць нацыянальныя інтарэсы Беларусі, правы беларусаў і ўплываць на рашэнні, якія могуць датычыцца нас з вамі. Перакананы, што Каардынацыйная рада як дэмакратычна абраны інстытут таксама будзе запатрабавана і ў транзітны перыяд зменаў у Беларусі.
Нам важна вашая падтрымка! Падтрымай незалежнасць, адказнасць, свабоду! Падтрымай НАС!».
Жыве Беларусь!
Comentarios