Аб'яднаны Пераходны Кабінет Беларусі
24 чэрвеня, 2023
Беларусы і беларускі!
Зараз вырашаецца лёс нашай краіны. Стаіць пытанне існавання нашай дзяржавы. Толькі ад нас з вамі залежыць ці зможам мы вызваліцца ад імперскага гнёту Расіі і пабудаваць вольную незалежную дзяржаву Рэспубліку Беларусь.
Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі звяртаецца да ўсіх беларусаў згуртавацца ў адной мэце – вызвалення ад дыктатарскага гнёту Лукашэнкі і расійскага прыгнёту.
Кабінет, створаны абранай прэзідэнткай Святланай Ціханоўскай, як адзіная легітымная ўлада ў Беларусі, бярэ на сябе адказнасць за лёс Беларусі і беларускага народа.
Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі:
абвяшчае, што рашэнні “урада” Лукашэнкі і яго Савета Бяспекі не маюць юрыдычнай сілы на тэрыторыі Беларусі і па-за яе межамі;
дэнансуе дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, аб’яўляе аб выхадзе Рэспублікі Беларусь з АДКБ, ЕАЭС і СНД;
лічыць недапушчальным удзел беларускіх вайскоўцаў ва ўзброеным канфлікце ў Расіі.
У гэтай сувязі патрабуем ад Дзяржаўнага Памежнага Камітэту Рэспублікі Беларусь неадкладна закрыць мяжу паміж Беларуссю і Расіяй, ад Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь
– забяспечыць вывад расійскіх войскаў з Беларусі, спыніць падрыхтоўку да размяшчэння ядзернай сброі на тэрыторыі Беларусі.
Кабінет прыняў рашэнне аб стварэнні Аператыўна-сітуацыйнага штабу і заклікае нацыянальна-арыентаваныя сілы Беларусі падтрымаць дадзенае рашэнне і далучыцца да Аператыўна-сітуацыйнага штабу.
Кабінет лічыць прыярытэтным далейшую падтрымку Украіны і ўкраінскага народа ў змаганні па вызваленні Украіны і перамогі над Расіяй.
Кабінет заклікае далучацца да плана “Перамога” і рыхтавацца да актыўных дзеянняў па аднаўленні законнаці і правапарадку ў краіне.
Гэта гістарычны момант для нашай дзяржавы, для кожнага беларуса і беларускі, мы верым у перамогу і будзем разам змагацца за незалежнасць Беларусі!
Кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі С.Г.Ціханоўская
24 чэрвеня 2023 г. Вільня, Варшава
Comments