«Захаванне беларускай меншасцю ў Польшчы беларускай мовы, культуры, шанаванне сваіх каранёў — выдатны прыклад для нас усіх, беларусаў», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка сёння падчас наведвання Агульнаадукацыйнага ліцэя з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы.
У ліцэі Павел Латушка правёў сустрэчы з дырэктарам ліцэя Ігарам Лукашуком, з кіраўніцтвам Гайнаўскага павета, з настаўнікамі беларускай мовы і гісторыі, з кіраўніцтвам рады бацькоў, прадстаўнікамі Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку і арганізацый беларускай меншасці.
Падчас сустрэчы былі абмеркаваныя пытанні дзейнасці Гайнаўскага ліцэя з дадатковым навучаннем беларускай мовы, пытанні падтрымкі ліцэя з боку Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, захавання і развіцця магчымасцяў для прадстаўнікоў беларускай меншасці ў вывучэнні беларускай мовы і захаванні беларускіх традыцый.
У Гайнаўскім ліцэі беларускую мову вывучаюць больш за 300 вучняў, ліцэй з'яўляецца адным з лепшых у Падляскім ваяводстве і карыстаецца вялікай папулярнасцю для паступлення. У ліцэі дзейнічаюць беларускія музычныя і тэатральныя калектывы. Ліцэй выкарыстоўвае бел-чырвона-белую сімволіку ў аздабленні памяшканняў навучальнай установы. У 2024 годзе ліцэй адзначыў 75-годдзе з даты стварэння.
Павел Латушка наведаў Гайнаўскі ліцэй з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў тым ліку па выніках сустрэчы прадстаўнікоў Аб'яднанага Пераходнага Кабінета з міністаркай нацыянальнай адукацыі Польшчы Барбарай Навацкай, якая адбылася ў Варшаве 9 студзеня.
Commentaires