top of page

Замежнікі-палітвязні ў турмах рэжыму Лукашэнкі


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

Колькі замежнікаў знаходзіцца ў турмах рэжыму Лукашэнкі? Чаму рэжым Лукашэнкі ўзяў іх у закладнікі? Навошта яны яму патрэбныя? Чаму ён імі гандлюецца? І як усё гэта звязана з санкцыямі? Сёння мы раскажам пра замежнікаў-палітвязняў у турмах рэжыму Лукашэнкі.

Пачнем з яшчэ аднаго пытання. Чаму краіны-суседкі Беларусі з боку ЕС уводзяць абмежаванні на мяжы? І на гэтае пытанне ёсць цэлы шэраг адказаў: міграцыйная вайна, якую развязаў Лукашэнка пры ўдзеле Расіі, удзел рэжыму Лукашэнкі ў агрэсіі супраць Украіны — фактычна ў вайне на межах Еўрапейскага саюза, наяўнасць у турмах тысяч палітвязняў, у тым ліку грамадзян Еўрапейскага саюза. Адказаў можа быць шмат, але ва ўсіх гэтых адказах ёсць адна агульная характэрная рыса — гэта планамерныя, мэтанакіраваныя, сістэмныя дзеянні Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў, за якія нясуць адказнасць толькі сам Лукашэнка і яго саўдзельнікі.

Ёсць і яшчэ адзін значны фактар. Як затрыманне грамадзян ЕС у Беларусі, штурм межаў краін-членаў ЕС мігрантамі пры садзейнічанні сілавікоў Лукашэнкі, так і ў рэшце рэшт забойства польскага вайскоўца на мяжы Польшчы і Беларусі — гэта ўсё таксама можна апісаць яшчэ адной агульнай характэрнай рысай. Усё гэта з'яўляецца пагрозай для нацыянальнай бяспекі краін-суседак Беларусі. Гэта дзеянні рэжыму Лукашэнкі, якія прадстаўляюць сабой пагрозу нашым суседзям.

У закладніках у рэжыму працягваюць знаходзіцца замежныя грамадзяне, у тым ліку грамадзяне краін ЕС. Сёння ў няволі застаюцца грамадзяне Польшчы, Латвіі, Літвы, Германіі, а таксама Украіны, ЗША і іншых краін. Па дадзеных праваабарончага цэнтра «Вясна», каля 25 грамадзян замежных дзяржаў утрымліваюцца цяпер у месцах пазбаўлення волі па палітычных матывах. Іх пераследуюць за ўдзел у акцыях пратэсту, каментары, перадачу інфармацыі незалежным СМІ і нават сваім сваякам за мяжу, абвінавачваючы таксама і ў «агентурнай дзейнасці» і «шпіянажы».

Беларускі інфармацыйны партал Zerkalo.io апублікаваў памятку, у якой адзначыў, да чаго варта быць гатовым тым замежнікам, якія хацелі б скарыстацца бязвізам і якія ў такіх дзеянняў могуць быць рызыкі і наступствы. Журналісты выдання адзначаюць, што ў Беларусі замежніка могуць узяць у закладнікі, каб потым шляхам гандлю рэалізаваць замежнапалітычныя мэты рэжыму Лукашэнкі — прыклад грамадзяніна Нямеччыны; замежніку давядзецца сур'ёзна перагледзець свае густы і гардэроб, бо каб трапіць у Беларусі за краты дастаткова выкарыстоўваць адзенне і аксэсуары «няправільных» колераў; у Беларусі нельга выкарыстоўваць незабароненую гістарычную сімволіку краіны; у краіне вельмі лёгка трапіць за краты за крытыку Лукашэнкі, а пасля гэтага — нават памерці ў няволі. 

Акрамя таго, у краіне забаронена выступаць супраць вайны, бо за антываенную пазіцыю таксама можна трапіць за краты, а дабрачыннасць можа лічыцца падтрымкай экстрэмізму — і за гэта можна пазбавіцца не толькі грошай, але і свабоды. 

І ўзнікае відавочнае пытанне: А ці многія замежнікі гатовыя пайсці на такія рызыкі? Ці шмат хто гатовы прыняць запрашэнне спадара Рыжанкова і трапіць у закладнікі ў Беларусі, каб вамі потым гандлявалі як таварам?

 

Comments


bottom of page