top of page

З Лукашэнкам знімуць санкцыі?

Пратасевіча і Сапегу адпусцілі. Ці можа зараз еўрапейская авіяцыйная супольнасць зняць санкцыі з Belavia і аднавіць авіязносіны, дазволіць Belavia зноў лятаць? Бо адно з патрабаванняў ЕС было вызваленне Пратасевіча і Сапегі.


Ключавое тут, што гэта толькі адно з патрабаванняў. І факт памілавання Пратасевіча і Сапегі не адмяняе факта ўчыненага злачынства. Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі (ICAO) у сваім дакладзе прыйшла да высновы, што службовыя асобы Беларусі ў маі 2021 года распарадзіліся перадаць заведама ілжывае паведамленне аб закладзенай бомбе на борт самалёта авіякампаніі Ryanair. Факт злачынства відавочны і ніхто ў Беларусі не прымае ніякіх мер і дзеянняў, каб прыцягнуць асоб, якія яго ўчынілі, да адказнасці.


Тым больш памілаванне не азначае факта зняцця цалкам надуманых абвінавачанняў з Пратасевіча і Сапегі, якія былі затрыманыя без якіх-небудзь рэальных юрыдычных падстаў, гэта значыць - па палітычна матываваным абвінавачанні. Пра якое зняцце санкцый, нават пры вызваленні Пратасевіча і Сапегі, у гэтых умовах можна гаварыць?


Трэба адзначыць, што Еўрапейскі саюз сапраўды пасля незаконнай пасадкі грамадзянскага самалёта Ryanair, якая стварыла пагрозу бяспецы палётаў, закрыў для ўсіх беларускіх самалётаў паветраную прастору і аэрапорты ЕС. Тым не менш Еўрапейская рада афіцыйна ўвяла санкцыі супраць той жа кампаніі "Belavia" значна пазней - 2 снежня 2021 года. Дзяржаўны авіяперавозчык трапіў пад абмежаванні не з-за справы з самалётам Ryanair, а з-за абвінавачанняў у тым, што авіякампанія садзейнічала стварэнню міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі і ЕС. І гэты крызіс працягваецца - нелегальныя мігранты з тэрыторыі Беларусі кожны дзень штурмуюць межы Польшчы, Літвы і Латвіі.


Акрамя таго, цяперашнія нелегітымныя ўлады не могуць гарантаваць бяспеку палётаў. Больш за тое, ужо пасля пачатку вайны пад авіясанкцыі патрапіла і Расея. І зараз зняць санкцыі і адкрыць авіязносіны з Беларуссю - гэта пашырыць авіязносіны з Расіяй, тым самым стварыўшы чарговую "дзірку" ў абыходзе санкцый. Грамадзяне Расіі актыўна скарыстаюцца з гэтай магчымасці і паляцяць транзітам праз Беларусь. Ва ўмовах вайны, я думаю, ніхто здымаць санкцыі не будзе і тым самым ствараць пагрозу для бяспекі грамадзян краін Захаду.

Comments


bottom of page