4 снежня апублікавана трагічная гісторыя 15-гадовай украінскай дзяўчынкі Арыны Яцюк і яе сям'і. Арыну і яе бацькоў забілі расійскія ваенныя падчас уварвання ва Украіну з тэрыторыі Беларусі.
Са слоў малодшай сястры, Арына была яшчэ жывая, але цяжка параненая ў сцягно, калі яе забіралі расійскія ваенныя нібыта на лячэнне ў Беларусь.
Амаль два гады блізкія шукалі інфармацыю пра лёс Арыны. Праўда адкрылася пасля перадачы па абмене цела дзяўчынкі ва Украіну, якое ўвесь гэты час знаходзілася ў моргу ў Мазыры, і правядзення аналізу ДНК. Жахлівасці гэтай трагедыі дадае паводзіны прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі, якім былі накіраваныя запыты пра лёс Арыны Яцюк. Запыты накіроўваліся і ў Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа.
Усе спробы сваякоў атрымаць інфармацыю пра лёс Арыны засталіся без адказу.
Ці варта ў чарговы раз нагадваць пра адсутнасць правоў чалавека ў Беларусі? Рэжым Лукашэнкі патаптаў права на годнасць Арыны Яцюк. Яны не правялі расследавання прычын яе смерці, нягледзячы на відавочныя прыкметы таго, што Арына загінула ў выніку незаконнага нападу на грамадзянскіх асоб. Яны не апавясцілі сваякоў Арыны, якія спадзяваліся, што дзяўчынка жывая.
Ці магчыма цяпер прыцягнуць да адказнасці вінаватых?
Па-першае, Арына, як і яе бацькі, як і многія іншыя загінулыя падчас расійскага ўварвання асобы ў Паўночнай і Цэнтральнай Украіне, з'яўляюцца ахвярамі злачынства агрэсіі Лукашэнкі і вышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцтва ягонага рэжыму. Калі б Лукашэнка не даў тэрыторыю Беларусі для расійскага ўварвання, то, хутчэй за ўсё, і Арына, і яе бацькі былі б жывыя сёння.
Адказнасць за гэтае злачынства для Лукашэнкі магчымая ў выпадку задзейнічання спецыяльнага трыбунала за злачынства агрэсіі супраць Украіны.
Па-другое, блізкія Арыны таксама з'яўляюцца ахвярамі злачынства гвалтоўнага знікнення. Асаблівасцю дадзенага злачынства з'яўляецца тое, што ахвярамі прызнаюцца блізкія, якія пазбаўленыя інфармацыі пра лёс зніклага чалавека, а само злачынства здзяйсняецца з удзелам дзяржаўных органаў. У дадзеным выпадку з удзелам менавіта дзяржаўных органаў, падкантрольных Лукашэнку.
Дадзенае злачынства можа быць кваліфікавана як злачынства супраць чалавечнасці, у дачыненні да якога маецца юрысдыкцыя Міжнароднага крымінальнага суда.
Comments