Аўтар Міхаіл Кірылюк: юрыст НАУ. Крыніца: belsat.eu
Прыкметай часу стала з'яўленне ўсё больш ўмеранай апазіцыі. Апазіцыі рацыянальнай, зручнай, прагматычнай. Гнуткай і гатовай шмат на што. І чым даўжэй адміністрацыя Лукашэнкі і Пуціна кантралюе беларускія землі — тым больш будзе такіх ахвотных заняць месца паміж Васкрасенскім і Гайдукевічам.
Прычыны для гэтага зразумелыя.
Многія стамляюцца ад працяглай барацьбы, бо чаканне хуткай перамогі, выкліканае гістарычна максімальнай палітычнай актыўнасцю беларусаў у 2020-м, нават праз тры гады не спраўдзілася. Для гэтага ёсць аб'ектыўная прычына — вайна, якая, на жаль, закранула нашмат больш жыццяў, чым беларускія выбары.
Многія стаміліся жыць у эміграцыі і хочуць вярнуцца ў Беларусь нават коштам кампрамісу з адміністрацыямі Лукашэнкі і Пуціна.
Цяпер дэмакратычныя сілы пастаўлены перад няпростым выбарам — альбо існаваць у эміграцыі, альбо сысці з палітыкі ці сесці ў турму. Для палітыка нармальна хацець уплываць на сітуацыю ў краіне — відавочна, што ў эміграцыі для такога магчымасцяў нашмат менш. Спробы знайсці спосабы вярнуцца ў краіну — нармальныя.
Жаданне паспрабаваць перахітрыць Лукашэнку, паабяцаць нешта, каб знізіць градус рэпрэсій і вярнуцца ў тую сітуацыю, калі ў Беларусі працавалі СМІ, можна было крытыкаваць улады публічна, наведваць прыёмы ў міністэрствах і ўносіць туды прапановы (у мяне таксама была такая магчымасць), некаторыя з якіх нават прымаліся, — добра зразумелае.
Настальгія па 2018 годзе, калі ў Мінску было магчыма адкрыта хадзіць у вышыванках, наведваць курсы беларускай мовы і жыць звычайным жыццём, — нармальная. Жаданне любой цаной вызваліць палітвязняў, частка якіх павольна забіваюць у турмах, — цалкам правільнае.
Таму мы бачым, як у СМІ ўсё больш настойліва гучаць галасы прыхільнікаў «перамоваў», «кампраміснай пазіцыі», «зняцця радыкальных патрабаванняў», заклікі «рэальна глядзець на рэчы». Тон гэтых публікацый, аднак, хутчэй нагадвае заклікі да капітуляцыі. І ў нейкіх выпадках у змене дыслакацыі, змене стратэгіі і нават капітуляцыі няма нічога дрэннага — украінцы пакідаюць населеныя пункты, калі гэта адзіны спосаб зберагчы сваіх людзей.
Ілюзорна, мне здаецца, лічыць, што існуюць умовы, пры якіх такое вяртанне рэалістычна ў 2024 годзе. Што ёсць нейкая формула, якую дэмсілы могуць прапанаваць Лукашэнку, каб ён на яе пагадзіўся.
Як вы лічыце, нават калі Ціханоўская, Латушка, BYPOL, BYSOL і ўсе знакавыя фігуры ў эміграцыі звернуцца ў камісію па вяртанні са згодай на вяртанне і адмовай ад сваіх патрабаванняў з адной-адзінай умовай — выпусціць зняволеных, гэты запыт будзе пачуты? Стаўлю 10 да 1, што не. А навошта гэта Лукашэнку?
Для ўтрымання ўлады Лукашэнка з 2020 года канчаткова абапіраецца не на беларусаў, а на Расію. У Расіі ўлада лічыць войска, ядзерную зброю, нафтавыя і газавыя радовішчы крыніцай сваёй устойлівасці, а народ — крыніцай праблем.
Нават калі (фантастычны сцэнар) Лукашэнка захоча развязаць палітычны крызіс цывілізавана і выпусціць ключавыя фігуры дэмакратычных сіл, для адміністрацыі Пуціна лагічна выступаць супраць гэтага сцэнару. Бо такое развіццё падзей расхіствае ўстойлівасць улады Лукашэнкі, а значыць, ставіць пад пагрозу вайсковую прысутнасць Расіі на нашых землях, якую яны актыўна выкарыстоўваюць падчас сваёй агрэсіі.
Калі б такія гіпатэтычныя перамовы маглі адбыцца, то гучалі б наступным чынам:
Лукашэнка: Аддайце мне ўсю сваю маёмасць, адмоўцеся ад вашых палітычных поглядаў, аддайце сваіх родных і прыхільнікаў і сядайце ў турму, дзе вы, магчыма, памрэце і выйдзеце, калі я захачу, але нават пасля выхаду за вамі захаваецца кругласутачны нагляд, як за Пратасевічам.
Дэмакратычныя палітыкі (здзіўлена): А навошта гэта нам?
Лукашэнка: Ну, як хочаце
Калі б у камісію па вяртанні закладвалі нейкі сэнс, то для адміністрацыі Лукашэнкі не склала б ніякай праблемы за больш чым год яе працы прадэманстраваць «паспяховы прыклад»: вось эмігрант звяртаецца ў камісію, вось прыносіць прысягу, яго ўрачыста вызваляюць ад адказнасці на 50 гадоў па 10 «экстрэмісцкіх» артыкулах, вось ён едзе ў Беларусь, вось ён гуляе па Мінску, ездзіць на лыжах у Сілічах і посціць рылзы ў сацсетках. Але як бачым з рэальнай практыкі камісіі, ніякіх планаў, акрамя імітацыі, на яе не ўскладалі.
Спецыфіка сённяшняй канфігурацыі палітычных сіл у тым, што супрацьстаянне — гэта, бадай, адзіны працоўны варыянт для абодвух бакоў. Перш за ўсё накладвае адбітак вайна, што сур'ёзна ўплывае на інструментар палітыкаў.
Нашу сітуацыю параўноўваюць з Украінай і Ізраілем, нагадваюць, што, нягледзячы на жорсткае супрацьстаянне, Украіне ўдаецца вяртаць герояў «Азоўсталі», а Ізраіль вяртае закладнікаў, захопленых ХАМАС. Гэта сцверджанне як бы кажа нам пра тое, што нас ад такога абмену спыняе толькі недальнабачнасць лідэраў. Ёсць некаторая розніца паміж нашымі рэаліямі: у беларусаў няма належнага абменнага фонду. Мы не трымаем у закладніках такіх фігур, як Карпянкоў, Караеў або Коля Лукашэнка, як Украіна, якая арыштавала Мядведчука, празванага «кумам Пуціна». Мы пазбаўленыя магчымасці праводзіць налёты з бамбардзіроўкай Драздоў, як Ізраіль у адносінах да ХАМАС.
З інструментаў супрацьстаяння ў нашым распараджэнні ёсць санкцыі — і яны ўплываюць на процілеглы бок далёка не так разбуральна, як папярэднія прыклады.
Калі Украіна атрымлівае зброю ад Захаду і сама выбірае, як яе ўжываць, то ў выпадку з санкцыямі і выбар «зброі», і «мэты» — цалкам у руках палітыкаў ЕС і ЗША. Беларускія палітыкі могуць толькі падаваць свой аналіз сітуацыі і прапановы
З гэтай патавай сітуацыі некаторыя ўплывовыя для грамадскай думкі фігуры робяць выснову, што трэба рабіць санкцыі слабейшымі. Зніжаць градус ціску. На наш погляд, роўна наадварот. Каб выступіць годным суб'ектам перамоваў, градус ціску трэба павышаць, а не зніжаць.
Лукашэнка доўгі час спрабаваў ціснуць на ЕС пры дапамозе міграцыйнага крызісу і, у імкненні павышаць градус, дайшоў да вайсковых пагроз з боку ПВК «Вагнер». Аднак пасля таго як тры краіны адначасова паабяцалі ў выпадку ўзброеных правакацый закрыць мяжу сінхронна і цалкам — спробы эскалацыі спыніліся.
Але, можа быць, санкцыі толькі наносяць шкоду тым беларусам, у якіх самыя нізкія заробкі і якія няздольныя паўплываць на адміністрацыю Лукашэнкі?
Наадварот, гэта Лукашэнка разбурае эканоміку мацней за любыя санкцыі. Чым хутчэй Беларусь ад яго пазбавіцца і пачне пераход да здаровай эканомікі, тым хутчэй знікне прычына беднасці беларусаў.
Па назіранні калег, у Расіі пасля 2014 года ў міжнародных юрыдычных карпарацыях у сферы санкцый працавалі цэлыя дэпартаменты юрыстаў. Зараз у Расіі праводзяць юрыдычныя канферэнцыі, дзе панэлі прысвечаны фактычна абыходу санкцыйнага заканадаўства. Лукашэнка ўвёў крымінальную адказнасць за заклік да санкцый і саджае людзей за краты на дзесяцігоддзі паводле гэтага артыкула не проста так. З неіснуючай пагрозай так не змагаюцца.
Між тым у цяперашняй сітуацыі ў нас дастаткова месца для манеўру:
1) у дачыненні да РФ уведзена ў 12 разоў больш санкцый, чым супраць Беларусі. Іх сінхранізацыя ударыць па рэжыме не толькі наўпрост, замінаючы зарабляць на вайне, але і другі раз, замінаючы зарабляць на абыходзе санкцый.
2) Адкрыццё хаця б некалькіх крымінальных спраў у ЕС у дачыненні да прадстаўнікоў рэжыму, якія дапамагаюць абыходзіць санкцыі, наблізіць вызваленне палітычных зняволеных мацней, чым дзясяткі дэкларацый і рэзалюцый. Гэта той кірунак, у якім варта працаваць. Тым больш, што фактуры для крымінальнага пераследу больш чым дастаткова.
3) значная доля таго, што цяпер называюць «слабымі санкцыямі», насамрэч не санкцыі наогул. Гэта кантрафакт або кантрабанда, калі пад выглядам несанкцыянаванага тавару перамяшчаецца санкцыйны. Адсочваць нелегальныя продажы па падробленых дакументах — для гэтага не патрэбны ніякі новы закон. Патрэбна рашучасць жорстка кантраляваць тыя законы, якія ёсць ужо цяпер. Для крымінальнай адказнасці існуючага заканадаўства больш чым дастаткова.
4) Праваахоўным органам ЕС варта пачаць прыцягваць да адказнасці за змену месца прызначэння тавараў. Для гэтага таксама ёсць усе неабходныя падставы: транзіт тавараў па загадзя ілжывых дакументах — гэта злачынства ва ўсіх краінах у любы час.
Для ўсіх гэтых дзеянняў не трэба ніякіх звышнатуральных намаганняў. Але вынік — Свабодная Беларусь — можа стаць той саломінкай, што зломіць спіну пуцінскаму вярблюду.
Commentaires