top of page

Еўрапарламент патрабуе вызваліць усіх палітвязняў


Сёння, 14 снежня 2023 года, Еўрапейскі парламент прыняў Рэзалюцыю, прысвечаную палітычным зняволеным Беларусі і нядаўнім рэпрэсіям у дачыненні да членаў сем'яў беларускіх палітыкаў і актывістаў.

Што неабходна сказаць пра змест Рэзалюцыі і чым важны сам факт яе прыняцця?

Нефармальна дадзеную Рэзалюцыю можна назваць «Рэзалюцыяй Мікалая Статкевіча», а ў цэлым яе можна ахарактарызаваць як спецыяльную рэзалюцыю па сітуацыі з палітычнымі зняволенымі ў нашай краіне – менавіта на гэтым рэзалюцыя робіць асаблівы акцэнт. 

Гэта вельмі важна таму, што тэма палітычных зняволеных вынесена ў асобны фокус увагі, у адрозненне ад большасці рэзалюцый, якія прысвечаны сітуацыі ў Беларусі ў больш шырокім кантэксце.

Такі фокус кажа пра тое, што сітуацыя з палітычнымі вязнямі працягвае пагаршацца, градус рэпрэсій не падае, усё больш палітвязняў аказваюцца ў статусе інкамунікадо і ізаляцыі, падвяргаюцца здзекам, паразе ў правах, такіх як права перапіскі, доступ да адвакатаў, медыцынскай дапамогі і гэтак далей. А таксама падвяргаюцца катаванням. 

Важна адзначыць, што Еўрапарламент спасылаецца на даклад Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, дзе выразна пазначана, што ўмовы ўтрымання пад вартай у Беларусі раўнасільныя жорсткаму, бесчалавечнаму і зневажальнаму годнасць абыходжанню і катаванням, што, згодна, напрыклад, артыкулу 7 Рымскага статута, можа быць вызначана як злачынства супраць чалавечнасці.

Таксама вельмі важна, што акрамя канстатацыі абуральнай сітуацыі з палітычнымі зняволенымі Беларусі, Еўрапарламент заклікае дзяржавы ЕС да прыняцця канкрэтных захадаў ціску на рэжым Лукашэнкі:

  • узмацненню санкцыйнага ціску;

  • выкліку дыпламатычных прадстаўнікоў рэжыму, якія яшчэ засталіся ў краінах ЕС, для атрымання доказаў стану і месцазнаходжання палітвязняў, пазбаўленых камунікацыі са знешнім светам;

  • дакументаванню міжнародных злачынстваў і прыцягненню вінаватых да адказнасці;

  • крымінальнаму пераследу і прымяненню санкцый у дачыненні да ўсіх, хто нясе адказнасць за парушэнні правоў чалавека і ваенныя злачынствы пры рэжыме Лукашэнкі.

Уключэнне ў тэкст рэзалюцыі гэтых мер было ініцыявана пры актыўным удзеле каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. 

Кіраўнік НАУ Павел Латушка адзначыў: 

«У сваёй рэзалюцыі Еўрапарламент выразна пазначае патрабаванне неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, іх поўнай рэабілітацыі і кампенсацыі за прычыненую ім шкоду. Гэтая пазіцыя сугучная пазіцыям, нядаўна агучаным Вярхоўным прадстаўніком ЕС па замежных справах Жазэпам Барэлем і прэс-сакратаром Дзярждэпартамента ЗША Мэцью Мілерам – ціск на рэжым Лукашэнкі і санкцыі ў дачыненні да яго не будуць аслабленыя, пакуль усе палітвязні не будуць вызвалены. 

У кантэксце прыняцця дадзенай Рэзалюцыі таксама варта адзначыць, што 1 лістапада 2023 года падчас мітынгу ў Варшаве, наша каманда выступіла з ініцыятывай прыняцця рэзалюцыі, шмат у чым сугучнай з сённяшняй Рэзалюцыяй Еўрапарламента. Рэзалюцыя на мітынгу была прынятая аднагалосна і пасля была накіраваная ўрадам краін-чальцоў ЕС, ЗША, Канады, Вялікабрытаніі і ў Еўракамісію. 

Сёння мы бачым, што голас беларусаў чуюць. І актыўнасць дыяспары ў справе барацьбы за вызваленне палітвязняў вельмі важная. Нашы сумесныя намаганні даюць вынікі. 

Мы павінны іх нарошчваць і працягваць барацьбу за вызваленне нашых людзей і прыцягненне да адказнасці тых, хто ўзяў наш народ у закладнікі. Мы не маем права здавацца. Толькі праз адказнасць, толькі праз магутны ціск мы зможам вызваліць усіх».  

Жыве Беларусь!

Comments


bottom of page