top of page

Дэмакратыя пачынаецца з адказнасці


У 2020 годзе беларускі народ паказаў, што гатовы і да першага, і да другога. Беларускі народ паказаў, што ён гатовы прыняць на сябе адказнасць за будучыню сваёй краіны, адказнасць вызначаць гэтую будучыню праз нацыянальны дыялог і кансэнсус. Праз ключавы інструмент дэмакратыі — выбары. Рэальныя, а не сфабрыкаваныя рэжымам вынікі выбараў 2020 года паказалі, што вынікам нацыянальнага дыялогу стала перамога дэмакратычных памкненняў беларусаў і параза шматгадовай дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі.

Беларусы дамовіліся і пераважнай большасцю галасоў зрабілі свой выбар на карысць дэмакратыі. І ўпершыню ў гісторыі электаральных кампаній у Беларусі гэта было пераканаўча даказана лічбавымі платформамі для анлайн-маніторынгу выбараў і альтэрнатыўнага падліку галасоў — «Голас» і «Зубр».

Само з'яўленне дадзеных платформ, створаных да выбараў 2020 года — прыкмета адказнасці і гатоўнасці народа змагацца за дэмакратыю і сумленна абараняць свае галасы і не дазволіць іх скрасці. Як рэжым Лукашэнкі краў іх больш за два дзясяткі гадоў да гэтага.

Выбары 2020 года ў прынцыпе сталі самай адказнай для беларусаў электаральнай кампаніяй. І самай масавай.

Гэта было бачна яшчэ падчас збору подпісаў за рэгістрацыю альтэрнатыўных кандыдатаў, калі да кропак збору выстройваліся чэргі ў некалькі сотняў метраў. Гэта было бачна, калі амаль кіламетровая, без перабольшання, чарга беларусаў стала да будынка ЦВК для масавай падачы скаргаў за неправамерную адмову рэжыму Лукашэнкі зарэгістраваць шэраг папулярных кандыдатаў. Гэта было бачна па шматлікіх акцыях салідарнасці беларусаў у адказ на несправядлівасць і рэпрэсіі, якія ў 2020 годзе пачаліся нашмат раней за 9 жніўня.

І нарэшце гэта было відавочна ў сам дзень выбараў, калі такія ж вялізарныя чэргі выстройваліся да выбарчых участкаў, абсалютна негатовых да настолькі масавай яўкі выбаршчыкаў.

Выбары 2020 года паказалі, што беларускі народ — адзін з самых цывілізаваных, адказных і гатовых да дэмакратыі ў свеце, скажу гэта шчыра.

Нягледзячы на ​​тое, што з 33 гадоў існавання незалежнай Рэспублікі Беларусь пры дэмакратыі беларусы змаглі пажыць толькі 4 гады — да 1994, калі прэзідэнтам стаў Аляксандр Лукашэнка. І гэта быў адзіны раз, калі яго сапраўды абралі. Аніводная электаральная кампанія ў Беларусі пасля гэтага не была дэмакратычнай, сумленнай і празрыстай.

Амаль кожная — выклікала пратэсты беларусаў, якія разумелі, што іх галасы кожны раз скрадалі і груба фальсіфікавалі. І амаль кожныя выбары ў Беларусі ў выніку прыводзілі да рэпрэсій нязгодных, да сілавых разгонаў акцыяў пратэсту, да з'яўлення палітвязняў. А Лукашэнка працягваў кіраваць далей. За кошт забойстваў палітычных апанентаў, хлусні, гвалту, страху.

Але падзеяў страшней, чым пасля выбараў 2020 года ў сучаснай Беларусі не было ніколі.

Памятаеце, я казаў вышэй пра вялізарныя чэргі да выбарчых участкаў у кожным горадзе і населеным пункце? Аддаўшы свае галасы, у пераважнай большасці — за Святлану Ціханоўскую, беларусы не сышлі па дамах. Яны засталіся чакаць пратаколаў. Спадзяючыся, што на гэты раз сябры выбарчых камісій проста не змогуць пярэчыць відавочнаму і пакажуць рэальныя вынікі галасавання. Што на гэты раз яны прымуць на сябе адказнасць і проста сумленна зробяць сваю працу.

Так зрабілі лічаныя адзінкі. Вывесіўшы пратаколы з рэальнымі вынікамі. Пераважная большасць выбарчых участкаў не вывесілі пратаколы зусім. Замест гэтага — яны выклікалі АМАП, каб разагнаць сваіх суграмадзян, якія проста патрабавалі выканання законаў і сваіх выбарчых правоў.

Тады беларусы выйшлі на пратэсты па ўсёй краіне. Мірныя пратэсты, падкрэслена адмовіўшыся ад гвалту. У адказ у іх пачалі страляць. Закідваць гранатамі. Збіваць і калечыць. Масава затрымліваць і катаваць. Забіваць. Рэжым Лукашэнкі адключыў інтэрнэт па ўсёй краіне, каб схаваць тое, што адбываецца. Але ў яго нічога не выйшла. Беларусы ўсё роўна даведаліся, што адбывалася на вуліцах, што адбывалася ў міліцэйскіх участках і ізалятарах. Уся краіна даведалася аб беспрэцэдэнтным гвалце з боку «праваахоўнікаў», аб страшных масавых катаваннях, аб першых забойствах мірных пратэстуючых.

Гвалт не спыніў беларусаў і іх імкнення да дэмакратыі, законнасці, захавання правоў чалавека і грамадзяніна. 16 жніўня 2020 года беларусы выйшлі на самую масавую ў сучаснай гісторыі краіны акцыю пратэсту. У гэтым першым Маршы за Свабоду толькі ў Менску прынялі ўдзел каля паўмільёна чалавек.

І зноў — беларусы прынцыпова не парушалі законы, не звярталіся да гвалту, не ўчынялі пагромаў. Як і ва ўсе наступныя маршы і акцыі пратэсту. Нават калі рэжым Лукашэнкі ператварыў краіну ў плацдарм для пачатку вайны супраць Украіны. На той момант няспынныя рэпрэсіі ў Беларусі ішлі ўжо паўтара года, палітвязнямі было прызнана больш за 1000 чалавек. А беларусы ўсё роўна выйшлі пратэставаць. Супраць вайны. Супраць гвалту.

Хтосьці скажа — менавіта таму Лукашэнка ўтрымаўся ва ўладзе. Беларусам трэба было адказаць на гвалт гвалтам. Праліць за свабоду і дэмакратыю не толькі сваю, але і чужую кроў. Магчыма. Але беларусы выбралі цывілізаваны шлях. Менавіта таму ўвесь свет захапляўся пратэстамі ў Беларусі.

І так, няхай мірныя пратэсты не прывялі да скасавання дыктатуры, але менавіта гэта лепш за ўсё даказвае тое, пра што я сказаў у самым пачатку: «Дэмакратыя пачынаецца з адказнасці».

І прыняўшы на сябе адказнасць за выбар, зроблены ў 2020 годзе, выбар на карысць дэмакратыі, беларусы выбралі самы складаны шлях барацьбы за яе. І гэта па-ранейшаму варта захаплення.

А яшчэ больш гэта варта падтрымкі.

Беларусы даказалі гэта ў 2020-ым і працягваюць даказваць сёння — што яны гатовыя браць на сябе адказнасць за будучыню сваёй краіны, гатовыя да дэмакратыі, што яны, як любая цывілізаваная нацыя, выбіраюць закон і права.

Але замест гэтага беларусы ўжо тры гады нясуць адказнасць за злачынствы Лукашэнкі, які ніякай адказнасці за іх не панёс да гэтага часу.

Беларусаў кожны дзень незаконна затрымліваюць, кідаюць за краты, катуюць, выціскаюць з краіны, аб'яўляюць злачынцамі, экстрэмістамі і тэрарыстамі. Я кажу гэта вам, як чалавек, якога рэжым абвінавачвае па 8 крымінальных артыкулах, некаторыя з якіх прадуглеждваюць смяротнае пакаранне. Якога завочна прыгаварылі да 18 гадоў калоніі строгага рэжыму. Якога КДБ Лукашэнкі ўключыў у спіс асоб, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці». То-бок, атрымліваецца, што перад вамі зараз выступае крымінальны злачынца? Тэрарыст?

І гэта ж толькі мая асабістая гісторыя. Адна з многіх, бо такіх гісторый (і нашмат больш жудасных) у Беларусі зараз тысячы... І ў той жа час сапраўдны тэрарыст, злачынца супраць чалавечнасці і ваенны злачынца — Аляксандр Лукашэнка — дагэтуль такім не аб'яўлены.

Таму паўтару гэта зноў — дэмакратыя пачынаецца з адказнасці.

І менавіта прыцягненне рэжыму Лукашэнкі да адказнасці з'яўляецца самай вялікай падтрымкай, якую цывілізаваны свет можа аказаць беларусам сёння. І самым вялікім крокам да таго, каб дэмакратыя перамагла. Каб перамаглі закон і права.

Пра якую адказнасць я кажу? У першую чаргу пра міжнародную крымінальную адказнасць.

1. Па дадзеных справаздачы Цэнтра права і дэмакратыі «Justice Hub», падрыхтаванай пры падтрымцы Народнага антыкрызіснага кіравання і копію якой я трымаю ў руках, з траўня 2020 года больш за 136 тысяч (!) беларусаў і беларусак сталі ахвярамі злачынстваў рэжыму Лукашэнкі супраць чалавечнасці, а менавіта такіх як: незаконнае пазбаўленне волі, катаванні, забойствы, згвалтаванні і іншыя цяжкія формы сэксуальнага гвалту — у тым ліку, у дачыненні да непаўналетніх, гвалтоўныя знікненні, пераследы і дэпартацыі.

Дадзеная справаздача змяшчае глыбокі прававы аналіз злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых рэжымам Лукашэнкі, і галоўнае — падрабязны алгарытм дзеянняў па задзейнічанні адпаведных механізмаў міжнароднага крымінальнага правасуддзя: юрысдыкцыі Міжнароднага крымінальнага суда, стварэнні спецыяльнага міжнароднага крымінальнага трыбунала па Беларусі і прымяненні ўніверсальнай юрысдыкцыі.

Гэта справаздача ўжо была накіравана ўсім нашым міжнародным партнёрам. Вы таксама можаце азнаёміцца ​​з ёй па QR-кодзе, які я трымаю зараз у руках.

2. Акрамя таго, камандай Народнага антыкрызіснага ўпраўлення была падрыхтавана Камунікацыя ў адпаведнасці з артыкулам 15(2) Рымскага статута аб датычнасці асабіста дыктатара Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў да ваеннага злачынства — незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый.

Першая частка гэтай камунікацыі была перададзена намі ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе 27 чэрвеня 2023 года. 7 лістапада 2023 года мы перадалі другую частку, якая змяшчае дадатковыя доказы ўчынення гэтага злачынства.

Усяго па нашых дадзеных у Беларусь было вывезена больш за 3 тысячы ўкраінскіх дзяцей, з іх больш за 2100, уключаючы дзяцей-сірот — з відавочнымі парушэннямі нормаў міжнароднага гуманітарнага права.

Каманда НАУ ўстанавіла дакладную іерархію адносін «начальнік-падпарадкаваны» паміж Лукашэнкам і датычнымі да супрацьпраўных дзеянняў службовымі і іншымі асобамі. На вяршыні гэтай іерархіі знаходзіцца самаабвешчаны прэзідэнт Лукашэнка, які незаконна ўтрымлівае ўладу ў Беларусі, а таксама з'яўляецца старшынёй Вышэйшага Дзяржаўнага Савета так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

У мяне ў руках — копіі дадзеных дакументаў. Звярніце ўвагу на іх аб'ём.

І давайце спытаем сябе — няўжо ўсяго гэтага да гэтага часу недастаткова, каб прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці?

Няўжо недастаткова паўтары тысячы толькі афіцыйна прызнаных палітвязняў, са-агрэсіі ў вайне супраць Украіны, больш за 136-ці тысяч злачынстваў супраць чалавечнасці і ваенных злачынстваў, учыненых гэтым рэжымам, каб адказнасць наступіла?

У самым пачатку я казаў пра тое, што беларусы дакладна паказалі сваю гатоўнасць вырашыць крызіс палітычна і цывілізавана. Праз нацыянальны дыялог і кансэнсус. Мы таксама выступаем за гэта — за дыялог і за круглы стол па прыкладзе Польшчы.

Але пакуль не наступіла адказнасць, пакуль Лукашэнка не знішчаны палітычна і ўсё яго атачэнне не зразумела, што нацыянальны дыялог — адзінае выйсце, ніякага дыялогу і не будзе.

Не будзе ніякага выхаду з крызісу, не будзе ніякіх дэмакратычных выбараў, як бы не заклікаў да іх Еўразвяз у сваіх заявах, не будуць вызваленыя палітычныя зняволеныя, не спыніцца гвалт. Не спыніцца міграцыйны крызіс, арганізаваны Лукашэнкам. Не спыніцца выкарыстанне Беларусі як плацдарму для вайны. Не спыніцца выкраданне ўкраінскіх дзяцей.

А мы ж можам гэта спыніць. Еўразвяз можа гэта спыніць. Усё, што для гэтага трэба, усе інструменты — у вас у руках.

1. Міжнародная крымінальная адказнасць для Лукашэнкі. Выдача ў дачыненні да яго ордэра Міжнароднага крымінальнага суда. Для гэтага ёсць усе падставы ўжо зараз.

Выдача ордэра знішчыць фігуру Лукашэнкі палітычна і стане сігналам для ўсяго яго атачэння, што ад яго можна і трэба пазбавіцца, як ад таксічнага актыву. Давайце зробім гэта.

2. Прызнанне Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі пад кіраўніцтвам абранага прэзідэнта, Святланы Ціханоўскай — адзіным легітымным урадам Беларусі.

Аб такім прызнанні ўжо заявіў Міністр замежных спраў Швецыі Тобіяс Білльстром, вось яго цытата:

«We recognize only one legitimate government of Belarus and that is of course the one operated by Svetlana Tichanouskaya who was the president-elect before President Lukashenko stole the election.»

«Мы прызнаем толькі адзін легітымны ўрад Беларусі, і гэта, вядома, той, якім кіруе Святлана Ціханоўская, якая была абраным прэзідэнтам да таго, як прэзідэнт Лукашэнка скраў выбары.»

Такое прызнанне зноў жа дасць сігнал унутр сістэмы, што рэжым Лукашэнкі не зможа перавярнуць старонку ў міжнародных адносінах да таго часу, пакуль сістэма не пазбавіцца ад дыктатара і не пойдзе на дыялог з Кабінетам і дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Давайце зробім гэта.

3. Шокавыя, комплексныя санкцыі — як інструмент адказнасці за ўсе працяглыя злачынствы рэжыму Лукашэнкі і прымусу сістэмы да дыялогу.

Я кажу пра неабходнасць поўнай гарманізацыі санкцый у дачыненні да Расіі і рэжыму Лукашэнкі за ваенную агрэсію супраць Украіны, забарону на транзіт тавараў праз Беларусь, блакіруючыя санкцыі на фінансавы сектар, ліквідацыю выключэнняў з дзеючых сектаральных санкцый і максімальнае пашырэнне падсанкцыйных сектараў эканомікі, напрыклад, дрэваапрацоўка, азотныя угнаенні, машынабудаванне. І зняцце з парадку дня пытання аб паслабленні санкцый і, тым больш, адмены санкцый на калійныя ўгнаенні.

Зноў жа — сістэма павінна дакладна зразумець, што пакуль Лукашэнка ва ўладзе, ніякіх надзей на выхад з крызісу няма і не будзе. Санкцыі не будуць здымацца, а будуць пашырацца. Давайце зробім гэта.

4. Непрызнанне так званых парламенцкіх выбараў-2024 ужо зараз, не чакаючы іх правядзення. З 2020 года ў Беларусі адсутнічае легітымная ўлада, якая можа праводзіць электаральныя кампаніі. Дату правядзення парламенцкіх выбараў у Беларусі прызначае прэзідэнт, але абраным прэзідэнтам з'яўляецца Святлана Ціханоўская, а не Лукашэнка. Ён ня можа прызначаць ніякіх выбараў. Сам факт правядзення так званых парламенцкіх выбараў у 2024 годзе будзе аўтаматычна азначаць, што новы парламент будзе нелегітымным.

А значыць, дадзены «парламент» не будзе мець права прызначаць дату прэзідэнцкіх выбараў у 2025 годзе — адпаведна і яны ўжо загадзя будуць нелегітымныя.

І зноў жа — сістэма павінна зразумець, што выхаду з дадзенай сітуацыі, пакуль у яе цэнтры знаходзіцца фігура Лукашэнкі, няма і не будзе. І што скончыць крызіс можна толькі праз нацыянальны дыялог з Кабінетам і дэмакратычнымі сіламі — і без Лукашэнкі.

Дык давайце ж зробім усё гэта. Давайце распачнем гэтыя крокі — і вы ўбачыце, што яны спрацуюць.

Дэмакратыя пачынаецца з адказнасці. Беларусы — адказная нацыя і мы заўсёды зможам дамовіцца адзін з адным. А дамаўляцца з Лукашэнкам нам няма пра што. Лукашэнка павінен панесці заслужаную адказнасць за ўсе свае злачынствы.

Давайце зробім гэта. Час дзейнічаць. Жыве Беларусь!


Comments


bottom of page