top of page

Другая частка камунікацыі аб дачыненні Лукашэнкі да ваеннага злачынства


7 лістапада Павел Латушка і прадстаўнікі каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення перадалі падчас сустрэчы ў офісе Пракурора Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе другую частку камунікацыі (дадатковыя матэрыялы) аб дачыненні дыктатара Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў да ваеннага злачынства — незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей.

Новыя сабраныя камандай НАУ матэрыялы дапаўняюць перададзеную 27 чэрвеня 2023 года НАУ камунікацыю ў адпаведнасці з артыкулам 15(2) Рымскага статута.

Перададзеныя ў Міжнародны крымінальны суд матэрыялы ўключаюць:

1. Дадатковыя доказы ўдзелу Лукашэнкі ў незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь. Каманда НАУ ўстанавіла іерархію адносін «начальнік-падначалены» паміж Лукашэнкам і датычнымі да супрацьпраўных дзеянняў службовымі і іншымі асобамі. На вяршыні гэтай іерархіі знаходзіцца самаабвешчаны прэзідэнт Лукашэнка, які незаконна ўтрымлівае ўладу ў Беларусі, а таксама з'яўляецца старшынёй Вышэйшага Дзяржаўнага Савета т.з. Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

Адзначаем, што 27 чэрвеня, у дзень перадачы НАУ ў МКС камунікацыі ў адпаведнасці з артыкулам 15(2) Рымскага статута, Лукашэнка зрабіў заяву, у якой фактычна прызнаў сваю ролю ў гэтых злачынствах.

Пазней, 11 жніўня, ён яшчэ раз публічна паўтарыў заявы аб сваім асабістым рашэнні аказаць усебаковую падтрымку фонду Талая ў арганізацыі вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь для т.зв. рэабілітацыі. Лукашэнка асабліва адзначыў, што выдзяленне сродкаў на гэтую дзейнасць з бюджэту г.зв. Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі было яго асабістай ініцыятывай.

2. Доказы і раней невядомыя факты датычнасці цэлага шэрагу беларускіх і расійскіх арганізацый, сярод іх «Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі» і іншых, а таксама іх кіраўнікоў і шэрагу членаў да незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь.

3. Падрабязныя сведчанні аб праграме перавыхавання, арганізаванай нелегітымнымі ўладамі Беларусі для ўкраінскіх дзяцей пад выглядам т.зв. рэабілітацыйнай праграмы ў лагеры «Дубрава» ў Беларусі, які знаходзіцца ва ўпраўленні дзяржаўнай кампаніі «Беларуськалій».

У дадатковых матэрыялах прыведзены доказы таго, што дзеці не былі дастаўлены ў лагер для лячэння або медыцынскай рэабілітацыі. Замест гэтага дзеці ўдзельнічалі ў насычанай праграме мерапрыемстваў, якая ўтрымлівала элементы палітычнага, а менавіта антыўкраінскага, пралукашэнкаўскага і пракрамлёўскага перавыхавання, а таксама мілітарызацыі ўкраінскіх дзяцей. Сюды ўваходзяць сустрэчы з прадстаўнікамі Рускай праваслаўнай царквы, мотаклубаў «Начныя валькірыі» і «Начныя ваўкі», прадстаўнікамі г.зв. Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, рэжыму Лукашэнкі, прадстаўнікамі моладзевай арганізацыі «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», прапагандыстамі, у тым ліку артыстамі, якія падтрымліваюць вайну супраць Украіны, антыўкраінскую і прарасійскую ідэалогію.

Дадатковыя доказы суправаджаюцца ўсебаковай прававой ацэнкай індывідуальнай крымінальнай адказнасці ўсіх датычных да злачынных дзеянняў асоб, а таксама асаблівай ролі і адказнасці Лукашэнкі як «начальніка, кіраўніка» ў дачыненні да падначаленых, якія рэалізуюць злачынныя дзеянні.

У матэрыялах, перададзеных у МКС, утрымліваюцца ўстаноўленыя камандай НАУ асабістыя дадзеныя 37 украінскіх дзяцей, незаконна вывезеных з тэрыторыі Украіны. Усяго па дадзеных НАУ з больш чым 20 часова акупаваных гарадоў і населеных пунктаў Украіны ў Беларусь было вывезена больш за 3 тыс. украінскіх дзяцей, з іх больш за 2100, уключаючы дзяцей-сірот, з відавочнымі парушэннямі нормаў міжнароднага гуманітарнага права.

Каманда НАУ працягвае пошук і ўстанаўленне ахвяр дадзеных ваенных злачынстваў. Перад сабой мы ставім тры ключавыя мэты:

  1. Дамагацца спынення здзяйснення злачынстваў у дачыненні да ўкраінскіх дзяцей.

  2. Спрыяць вяртанню дзяцей ва Украіну.

  3. Дамагчыся прыцягнення да адказнасці і выдачы ордэра на арышт дыктатара Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў за здзейсненыя ваенныя злачынствы.

Адначасова каманда НАУ дамагаецца прыцягнення да адказнасці Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў за здзейсненыя ў перыяд з мая 2020 года па май 2023 года злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні як мінімум 136 тысяч грамадзян і жыхароў Беларусі. Мы лічым, што ёсць усе падставы для таго, каб гэтыя злачынствы сталі прадметам разгляду ў рамках МКС.

У фокусе нашай увагі таксама знаходзяцца пытанні крымінальнага пераследу прадстаўнікоў сілавога апарата рэжыму, якія падазраюцца ў здзяйсненні катаванняў, у рамках універсальнай юрысдыкцыі ў Польшчы, Літве, Германіі, Чэхіі, Швейцарыі і іншых краінах.


Comments


bottom of page