top of page

Доказы злачынстваў Лукашэнкі, сабраныя НАУ, перададзены ў МКС

Міжнародны крымінальны суд. Фота: Remko de Waal / ANP / picture alliance
Міжнародны крымінальны суд. Фота: Remko de Waal / ANP / picture alliance

Ад кастрычніка 2024 да лютага 2025 года Народнае антыкрызыснае ўпраўленне збірала, сістэматызавала і перадавала групе праваабарончых арганізацый доказы злачынстваў супраць чалавечнасці, здзейсненых прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі, для падрыхтоўкі зварота ў Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда. Гэтыя доказы ўключаюць сотні задакументаваных публічных заяў прадстаўнікоў рэжыму, інфармацыю аб колькасці ўцекачоў, у тым ліку на падставе дадзеных Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы, і іншыя неабходныя матэрыялы.

20 сакавіка 2025 года група з шасці беларускіх і міжнародных арганізацый грамадзянскай супольнасці — Цэнтр глабальнай справядлівасці і правоў чалавека «M.A.R.A.», Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH), Праваабарончы цэнтр «Вясна», Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі, Беларускі Хельсінкскі Камітэт і Human Constanta — перадала ў Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда доказы магчымых злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых прадстаўнікамі ўладаў у Беларусі.

Перадача інфармацыі ў Офіс пракурора МКС адбылася адпаведна з артыкулам 15 Рымскага Статута і з улікам распачатай працэдуры папярэдняга разгляду Офісам пракурора беларускай сітуацыі.

Нагадаем, што працэдура папярэдняга разгляду ў МКС была распачата на падставе перадачы беларускай сітуацыі Урадам Літвы 30 верасня 2024 года. У межах дадзенай сітуацыі разглядаюцца злачынствы супраць чалавечнасці, здзейсненыя прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку па-за межамі Беларусі, і на тэрыторыі краін-удзельніц Рымскага Статута. У прыватнасці, дэпартацыя і пераслед як злачынства супраць чалавечнасці.

Ахвярамі дэпартацыі патэнцыйна з’яўляюцца ўсе грамадзянскія асобы, якіх прымусілі пакінуць Беларусь у выніку стварэння атмасферы страха, тэрору і пераследу, і якія ня мелі сапраўднага выбару, каб застацца ў Беларусі.

Ахвярамі трансгранічнага пераследу з’яўляюцца асобы, якія жорстка пазбаўлены сваіх асноўных правоў, такіх як права на справядлівы суд, права на годнасць, права на бяспеку, права на ўласнасць, права на доступ да дзяржаўных паслуг, права на свабоду сходаў і асацыяцый, права на грамадзянства. Патэнцыйна ахвярамі дадзенага злачынства могуць быць усе асобы, у адносінах да якіх была прымененая так званая працэдура «спецыяльнай вытворчасці», а таксама тыя, хто фактычна пазбаўлены магчымасці афармлення натарыяльных дакументаў і абмену пашпарта грамадзяніна Беларусі.

«Народнае антыкрызіснае ўпраўленне працягне збор доказаў, якія будуць спрыяць пераходу да расследавання па сутнасці беларускай сітуацыі Офісам пракурора Міжнароднага крымінальнага суда. Мы будзем рабіць усё, што залежыць ад нас, каб адказнасць за злачынствы супраць беларускага народа наступіла», — падкрэсліў кіраўнік НАУ Павел Латушка.

 

Σχόλια


bottom of page