top of page

Для беларусаў важная моцная Еўропа


Напярэдадні галасавання ў Еўрапейскі парламент

Напярэдадні галасавання ў Еўрапейскі парламент

У гэтыя дні ва ўсіх краінах-сябрах Еўрапейскага саюза праходзяць выбары, якія называюць гістарычнымі, пераломнымі і вырашальнымі. Для нас, беларусаў, гэтыя выбары таксама маюць вялікае значэнне.

Беларускі народ на працягу дзесяцігоддзяў, асабліва з 2020 года, змагаецца за права жыць у дэмакратычнай і незалежнай дзяржаве, змагаецца за свабоду і датрымліванне правоў чалавека — гэта значыць змагаецца за тыя базавыя каштоўнасці, на якіх заснавана Аб'яднаная Еўропа. 

Нашы каштоўнасці — гэта еўрапейскія каштоўнасці. Гэта тое, што робіць нас еўрапейцамі, нягледзячы на вельмі цяжкую ўнутрыпалітычную і геапалітычную сітуацыю, у якой знаходзіцца Беларусь і беларускі народ. І менавіта таму мы, беларусы, зацікаўленыя ў моцнай Еўропе, у моцных інстытутах, якія будуць падтрымліваць дэмакратычныя і еўрапейскія памкненні нашага і іншых еўрапейскіх народаў. Моцная Еўропа для нас — гэта найважнейшы фактар, ад якога залежыць не толькі ваша, але і наша будучыня.

Сёння, ва ўмовах масавых рэпрэсій, калі ў турмах рэжыму Лукашэнкі тысячы палітвязняў, калі кожны дзень катуюць, арыштоўваюць людзей, кідаюць іх у турмы, калі больш за 300 тысяч беларусаў дэпартавана па палітычных прычынах, калі ствараюцца ўмовы, якія не дазваляюць жыць у краіне, беларусы найбольш востра маюць патрэбу ў саюзніку, моцным і сумленным сябры, які будзе гатовы падтрымліваць нас у барацьбе за нашу будучыню.

А калі казаць прама — у барацьбе за само наша існаванне. Існаванне Беларусі як дзяржавы. Бо менавіта цяпер пагроза для незалежнасці, для самой дзяржаўнасці Рэспублікі стаіць найбольш востра з моманту прыняцця Дэкларацыі аб незалежнасці. Расія, якая паквапілася на незалежнасць Украіны, якая спрабуе знішчыць яе сілай зброі, проста цяпер робіць тое ж самае з Беларуссю, а зброяй у яе руках выступае дыктатура Лукашэнкі. Дыктатура, якую беларусы не абіралі. Беларусы зрабілі прама супрацьлеглы выбар і ў 2020 годзе гэтым выбарам захаплялася ўся Еўропа. За гэты выбар мы змагаемся дагэтуль, нягледзячы на тую страшэнную машыну тэрору, якая на нас за яго абрынулася. Але велізарная цана, якую мы плацім за гэты выбар, вызначае яго велізарную каштоўнасць. 

Таму сёння я звяртаюся да еўрапейцаў: «Калі вы будзеце прымаць рашэнне, ісці ці не ісці на выбары, падумайце пра тое, якая гэта велізарная каштоўнасць — мець выбар, мець права выбару. Падумайце аб тых каштоўнасцях і прывілеях, якімі вы валодаеце і якія сёння могуць здавацца вам дадзенасцю, штодзённасцю, чымсьці існуючым самім па сабе. І ўспомніце пра беларускі народ, які прама зараз змагаецца і праходзіць праз найцяжэйшыя выпрабаванні дзеля таго, каб мець права выбару. Дзеля таго, каб жыць у такой жа свабоднай краіне, у якіх вы маеце шчасце жыць сёння. Нашы ахвяры — гэта прысвячэнне для будучай незалежнай, дэмакратычнай еўрапейскай Беларусі. І мы разлічваем на вас. Разлічваем на вашу падтрымку і салідарнасць».

Павел Латушка, прысуджаны да 18 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму, у дачыненні да якога распачата мінімум тры новыя крымінальныя справы, былы міністр культуры і пасол, намеснік кіраўніка Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ.

 

Commentaires


bottom of page