top of page

Дзень залежнасці?


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

Ці можаце вы сабе ўявіць незалежную Беларусь, па сталіцы якой у Дзень незалежнасці маршыравалі б чужыя войскі? Напэўна, не. Але вось па Мінску маршыруюць расійскія салдаты з расійскімі трыкалорамі і спяваюць «За намі Расія!»

Яны што, заблукалі? Не ведаюць геаграфіі? Не разумеюць, дзе яны знаходзяцца? Не, яны ўсё выдатна разумеюць. І ніякай незалежнай Беларусі ў іх разуменні проста не існуе. 

Ну і як вам такі «Дзень незалежнасці»? Незалежнасці ад каго? Ад саміх беларусаў? І што на гэта скажа праславуты «гарант суверэнітэту» па прозвішчы Лукашэнка? Той самы, які ў Палацы Рэспублікі стаяў і распавядаў пра беларускую дзяржаўнасць, сувэрэнітэт, нацыянальную бяспеку.

Гэта значыць салдаты краіны, якая прама цяпер вядзе супраць Украіны вайну, мэтай якой з'яўляецца знішчэнне Украіны як дзяржавы — яны маршыруюць па нашай сталіцы ў інтарэсах нашай нацыянальнай бяспекі? Можа быць у інтарэсах нашай нацыянальнай бяспекі было ўварванне расійскага войска ва Украіну з Беларусі? Знішчэнне суседняй дзяржавы — у інтарэсах нашай незалежнасці? А расійская ядзерная зброя ў нас у краіне — гэта прыкмета нашага моцнага суверэнітэту? 

Дык можа быць сёлета Лукашэнка ўжо проста зменіць назву свайго свята — на «Дзень незалежнасці Саюзнай дзяржавы»? Бо інакш расійскіх жаўнераў, якія маршыруюць на беларускім парадзе пад лозунгам «За намі Расія», калоны расійскай тэхнікі з георгіеўскімі стужкамі і расійскімі трыкалорамі — яму няма чым апраўдаць. Ён кажа пра выбар беларускага народа, але беларускі народ не рабіў такога выбару. 

А праўда ў тым, што калі Лукашэнка кажа пра важнасць суверэнітэту і незалежнасці — ён хлусіць. І чым часцей ён ужывае гэтае слова, тым больш відавочнай становіцца гэтая хлусня. І тым менш гэтага самага суверэнітэту ў Беларусі застаецца.

 

Yorumlar


bottom of page