
Тэзісы выступлення Паўла Латушкі на ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным Дню Волі
(Варшава, 25 сакавіка 2025 г.)
Паважаная намесніца міністра замежных спраў Спадарыня Анна Радван, вашыя эксцэленцыі, прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегаты Каардынацыйнай Рады Беларусі, прадстаўнікі польскай дзяржавы, шаноўныя беларусы і беларускі!
Сёння мы разам адзначаем беларускае нацыянальнае свята — Дзень Волі. І хачу выказаць шчырую падзяку Міністэрству замежных спраў Польшчы, Яго Эксцэленцыі Спадару Міністру Радаславу Сікорскаму і асабіста Спадарыні Анне Радван за арганізацыю гэтай важнай для беларусаў падзеі, за цвёрды і паслядоўны голас у абарону нашай свабоды і незалежнасці. Мы заўсёды будзем памятаць пра вашую падтрымку ў гісторыі беларускага дэмакратычнага руху і Адроджанай Незалежнай Беларусі
Як прадстаўнік Аб’яднанага Пераходнага Кабінету і абраны чалец Каардынацыйнай Рады дзякую Польшчы, польскаму грамадству, і ўсім нашым еўрапейскім партнёрам за салідарнасць, за адкрытыя дзверы для тых, хто быў вымушаны пакінуць сваю Радзіму, за дапамогу тым, хто працягвае змагацца.
Дарагія сябры!

Сённяшні дзень — Дзень Волі — гэта сімвал нашай барацьбы, нашай незалежнасці. 25 сакавіка 1918 года была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка — першая незалежная беларуская дзяржава.
БНР ставрыла гістрычныя падставы для існавання незалежнай Рэспублікі Беларусь. Але сёння Дзень Волі мае і дадковы сэнс. Ён азначае для нас, беларусаў, барацьбу за свабоду, бо немагчыма ўявіць сапраўды незалежную Беларусь без свабоднага народа.
Рэжым Лукашэнкі – ўжо больш за 30 год спрабуе сцерці гэтую дату з нашай памяці. У гэтым годзе ён нават прызначыў сваю фальшывую «інаўгурацыю» на 25 сакавіка. Але ён марна мяркуе, што здолее скрасці ў нас гэты дзень. Бо гэта дзень належыць нацыі, гэта наша гісторыя, але гэта і наша будучыня.
У сёняшні дзень мы павінны аддаць даніну павагі, усім беларусам, якія замагаліся за волю беларускага народа: паўстанцам Кастуся Каліноўсукага, удзельнікам Слуцкага збройнага чыну, дэпутатам Вярхоўнага Савета ХІІ склікання, усім, хто вёў барацьбу з дыктатурай Лукашэнкі, хто выйшаў на пратэсты ў 2020-м, хто выходзіў супраць вайны у 2022-ім годзе, хто змагаецца за Украіну, хто пакутуе ў беларускіх турмах, хто не спыніўся, як унутры Беларусі, так і ў эміграцыі. Сёння кожнаму беларусу і беларусцы належыць сказаць «вялікі дзякуй». Як беларус, я ганаруся тым, што належу да беларускага народа.
Беларусь — гэта народ, які адновіць сваё права вырашаць свой лёс!
Рэжым хоча прымусіць нас маўчаць, хоча запалохаць. Менавіта ў гэты дзень, роўна 4 гады таму за краты быў кінуты Анджэй Пачобут. Так выглядае д’ябальскі сімбалізм ад Лукашэнкі. Разам з Анджэем за кратамі сёння знаходзяцца больш за 1200 афіцыйна прызнаных палітвязняў. А рэпрэсіі працягваюцца нават сёння, у гэтыя хвіліны.
Так званы Следчы камітэт Лукашэнкі заяўляе пра чарговыя рэпрэсіі супраць беларусаў у выгнанні. Сотні чалавек абвешчаныя «падазраванымі», праводзяцца ператрусы, канфіскуюць маёмасць, пагражаюць родным тых, хто выходзіць на вуліцы за мяжой. Але ці атрымалася ў іх запалохаць нас? Не!
23 сакавіка мы масава выйшлі на Марш Волі ў Варшаве, сёння — на акцыі ў іншых гарадах і краінах. Нягледзячы на ўсе пагрозы, на запалохванні і рэпрэсіі. Мы паказалі, што нашая воля мацнейшая за страх!
Няма сумневу, што зараз беларусы ў Беларусі, нягледзячы на рэпрэсіі, таксама адзначаюць Дзень Волі — у сваіх дамах, у коле сяброў і родных. І я ўпэўнены, што сёння ў Беларусі гучаць словы «Жыве Беларусь!», і іх не заглушаць ані судовыя прысуды, ані турмы, ані пагрозы. Голас нашай волі гучыць і будзе гучаць — і ў Беларусі, і ў эміграцыі.
Беларусы ў замежжы — гэта не проста людзі, вымушаныя пакінуць сваю Радзіму. Мы — важная частка дэмакратычнага руху, які змагаецца за свабоду Беларусі. І рэжым баіцца нас нават тут.
Лукашэнкаўская прапаганда пагардліва называе нас «беглымі». Але чаму ж яны так баяцца нас? Чаму спрабуюць рэпрэсаваць нават за мяжой? Таму што яны ведаюць — эміграцыя можа адыграць важную ролю ў адраджэнні дзяржавы.
Мы працягваем нашу барацьбу. Мы будуем структуры грамадзянскай супольнасці, ствараем незалежныя новыя медыя, культурніцкія, адукацыйныя ініцыятывы і праекты. Дазвольце падзякаваць усім журналістам, актывістам, усім дзеячам, датычным да гэтай вялікай справы.Мы будуем палітычныя інстытуты, нашу дэмакратычную альтэрнатыву рэжыму. Прэзідэнт-элект, Аб'яднаны Пераходны Кабінет, Каардынацыйная Рада — гэта альтэрнатыва дыктатуры, гэта і аснова для будучага дэмакратычнага транзіту, для адраджэння незалежнасці Беларусі, якую значна падарвалі гады лукашызму.
Сёння мы праходзім праз гістарычны момант выпрабаванняў, пагрозаў для нашай дзяржаўнасці і незалежнасці, якія створыў прарасійскі рэжым Лукашэнкі і яго гаспадары ў Крамлі.
Калі мы разумеем пагрозу для незалежнасці, падтрымка беларускага дэмакратычнага руху, дэмакратычных памкненняў беларусаў, пабудаваных намі структур і інстытутаў, падтрымка незалежных СМІ — павінны стаць асновай стратэгіі для Беларусі.
Бо гарантам незалежнасці можа быць толькі беларускі народ, які нельга пакідаць за новым жалезным мурам. Беларусь — не Паўночная Карэя 2.0. Беларусь — гэта Еўропа. І Незалежнасць Беларусі — павінна быць нашым агульным, агульнаеўрапейскім прыярытэтам.

Шаноўныя беларусы і беларускі!
Сёння ўсе мы — частка новага этапу беларускай гісторыі. Мы прайшлі праз выпрабаванні, мы страцілі шмат, але не страцілі галоўнага — сваёй веры, сваёй волі і сваёй любові да Беларусі. Я веру, што разам мы набліжаем дзень, калі бел-чырвона-белы сцяг зноў будзе лунаць па-над нашай краінай, як дзяржаўны сцяг незалежнай і вольнай Беларусі.
Ці ж людзі сонца згасіць могуць, Згасіць, як свечку, яснасць дня? І волі ж дэспаты не змогуць, Бо воля сонейку раўня.
Янка Купала 1905-1907
Дзякуй вам за падтрымку! Za naszą i waszą wolność! Жыве Беларусь!
Comentários