Сёння (10.07.2023) намеснік кіраўніка Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка сустрэўся з намеснікам дырэктара дэпартрамента гандлю і міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства развіцця і тэхналогій Польшчы Аляксандрам Сямашкам і начальнікам аддзела двухбаковага супрацоўніцтва Міністэрства развіцця і тэхналогій Польшчы Мацеем Фалькоўскім. У ходзе сустрэчы бакі абмеркавалі праблемы развіцця беларускага бізнесу ў Польшчы.
Паўлам Латушкам былі агучаныя прапановы пра:
1. Пашырэнне праграмы «Poland Business Harbor» на больш шырокае кола прадпрымальнікаў. На сённяшні дзень ужо 93% з больш чым 75 тысяч віз у рамках гэтай праграмы выданы грамадзянам Беларусі. У сваю чаргу прадстаўнікі польскага боку абяцалі разам з Міністрэрствам замежных спраў і Польскім агенцтвам інвестыцый і гандлю разгледзець пытанне спрашчэння выдачы віз для прадстаўнікоў іншых інавацыйных безнесаў у дадатак да сектара ІТ.
2. Стварэнне адукацыйнай праграмы для жадаючых распачаць сваю справу ў Польшчы ў галіне правілаў вядзення бізнесу і форм падтрымкі з боку дзяржавы, а таксама адзінага інфармацыйнага партала для беларусаў аб магчымасцях і патрабаваннях у сферы прадпрымальніцтва. Тут таксама атрымана станоўчая ацэнка прадстаўнікоў міністэрства. Такія праграмы плануецца ствараць як у рамках Польскага агенцтва развіцця прадпрымальніцтва, так і на лакальным узроўні мясцовымі арганізацыямі развіцця бізнесу і СЭЗ. Таксама будзе разгледжана пытанне стварэння беларускамоўнай версіі сайта business.gov.pl.
3. Рэлакацыі беларускага бізнэсу ў Польшчу ў рамках больш прывабнага ў параўнанні з Беларуссю падатковага рэжыму. Тут польскім бокам была агучана гатоўнасць прадастаўляць ільготы для беларускіх прадпрымальнікаў на даследаванні і развіццё, у рамках праграмы «IP box», пры працаўладкаванні моладзі і г.д. Абмеркавана пытанне дзейнасці беларускіх прадпрымальнікаў у межах існуючых у Польшчы 14 свабодных эканамічных зон.
Таксама з польскім бокам былі абмеркаваныя ідэі стварэння двухбаковай кансультацыйнай групы па пытаннях развіцця прадпрымальніцтва. Міністэрства развіцця гатова на рэгулярнай аснове ўзаемадзейнічаць з Аб'яднаным Пераходным Кабінетам і беларускімі бізнес-асацыяцыямі ў рамках двухбаковых консультацыйных сустрэч і на практыцы падтрымаць стварэнне максімальна шырокага аб'яднання беларускіх дзелавых структур.
Разгледжана магчымасць арганізацыі восенню гэтага года кансультацыйнай сустрэчы шырокага кола прадстаўнікоў беларускага (Пераходнага Кабінета і бізнес-асацыяцый) і польскага (шэрага кампетэнтных міністэрстваў, Польскага агенцтва развіцця прадпрымальніцтва, Польскага агенцтва інвестыцый і гандлю) бакоў з мэтай комплексна разгледзець праблемы дзейнасці беларускага бізнесу ў Польшчы.
Comments