top of page

Дадатковыя доказы ўдзелу Лукашэнкі ў незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь


Намеснік кіраўніка НАУ Арцём Брухан аб перадачы ў офіс Пракурора Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе другой часткі камунікацыі аб датычнасці дыктатара Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў да ваеннага злачынства — незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей.

Каманда НАУ ўстанавіла іерархію адносін «начальнік-падначалены» паміж Лукашэнкам і датычнымі да супрацьпраўных дзеянняў службовымі і іншымі асобамі. На вяршыні гэтай іерархіі знаходзіцца самаабвешчаны прэзідэнт Лукашэнка, які незаконна ўтрымлівае ўладу ў Беларусі.

Дадатковыя доказы суправаджаюцца ўсебаковай прававой ацэнкай індывідуальнай крымінальнай адказнасці ўсіх датычных да злачынных дзеянняў асоб, а таксама асаблівай ролі і адказнасці Лукашэнкі як «начальніка, кіраўніка» ў дачыненні да падначаленых, якія рэалізуюць злачынныя дзеянні.

Таксама былі перададзены доказы і раней невядомыя факты датычнасці цэлага шэрагу беларускіх і расійскіх арганізацый да дадзенага ваеннага злачынства. Варта адзначыць, што у гэтых арганізацыях працаюць адныя і тыя ж людзі, але выкарыстоўваюць розныя структуры для дасягнення сваіх мэтаў, сярод якіх: перавыхаванне, індактрынацыя і мілітарызацыя украінскіх дзяцей.

Перад сабой мы ставім тры ключавыя мэты:

  1. Дамагчыся спынення здзяйснення злачынстваў у дачыненні да ўкраінскіх дзяцей.

  2. Спрыяць вяртанню дзяцей ва Украіну.

  3. Дамагчыся прыцягнення да адказнасці і выдачы ордэра на арышт дыктатара Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў за здзейсненыя ваенныя злачынствы.

Comments


bottom of page