Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол
Рамонт службовага кабінета — традыцыйна гэтым пачынаецца праца кожнага новага міністра. Такая нефармальная традыцыя існуе і ў міністраў у Беларусі яшчэ з савецкіх часоў. Калі я стаў міністрам культуры, на гэтыя мэты мой папярэднік Уладзімір Мацвейчук нават пакінуў мне бюджэт — каля 11 тысяч еўра. Кабінет сапраўды патрабаваў рамонту — ён быў проста няўтульным, шафы ў ім былі яшчэ савецкімі: зношаныя, з часам яны зусім састарэлі. Шмат прадметаў інтэр’еру ў кабінеце засталіся з часоў Юрыя Міхневіча — міністра культуры БССР, які займаў гэтую пасаду амаль 20 гадоў.
У гэтым пытанні я тады прыняў прынцыповае рашэнне: я не буду пачынаць працу міністрам з рамонту кабінета, таму што рамантаваць трэба было не кабінет, а падыходы ў фінансаванні ўсёй сферы культуры — і акурат на гэта трэба было шукаць грошы. Таму рамонт быў адкладзены і адбыўся толькі праз два з паловай гады.
За гэты час мы распачалі сапраўды новае фінансаванне культуры: гэта і рэалізацыя дзяржаўнай праграмы «Замкі Беларусі» — аднаўленне больш за 30 палацаў і замкаў па ўсёй нашай Бацькаўшчыне, і рэалізацыя праграмы аднаўлення, рэканструкцыі, рамонту ўсіх (27) дзяржаўных тэатраў у краіне, пачала дзейнічаць новая дзяржпраграма «Культура Беларусі 2010-2015», якая значна павялічыла дафінансаванне культуры ў рэгіёнах. Таксама пакрылі запазычанасць перад беларускімі мастакамі, у чатыры разы павысілі дафінансаванне прэм’ерных пастановак для беларускіх дзяржаўных тэатраў, рэалізавалі шмат іншых важных праектаў.
Падчас рамонту старую мэблю, савецкія лакіраваныя шафы — акурат як у савецкіх фільмах — мы прыбралі. Утварылася велічэзная вольная прастора на сцяне — і гэтую прастору неабходна было запоўніць. Я вырашыў знайсці нешта знакавае, сімвалічнае, звязанае з нацыянальным разуменнем культуры. Я зрабіў свядомы выбар — размясціць у кабінеце міністра карціну «Кастусь Каліноўскі» (Гугель, Кудрэвіч. 1958).
Калі працу размясцілі ў кабінеце, я сказаў сваёй камандзе, што ўжо пасля такога абнаўлення тут можна годна прымаць любога амбасадара замежнай краіны. І калі яны прыходзілі ў Міністэрства, у кабінет міністра, яны сапраўды звярталі ўвагу на гэты твор. А замежных гасцей было нямала: паслы Кітая, Палесціны, Украіны, Літвы, калегі-міністры з розных краін свету, партнёры, мецэнаты.
Але памятаю, што тады ў размове з калегамі па Міністэрстве я зрабіў заўвагу: можна годна тут любога пасла замежнай краіны прымаць, але наўрад ці пасля ўстаноўкі гэтай карціны ў кабінет міністра прыйдзе амбасадар Расіі. Так і атрымалася: амбасадар Расіі сапраўды ніколі так і не пабачыў гэты твор.
Постаць Кастуся Каліноўскага — асаблівая для беларускай гісторыі і культуры. Паўстанне Кастуся Каліноўскага — гэта пацверджанне таго, што беларусы моцныя, беларусы ўмеюць адстойваць свае правы, выступаць за вольнасць і незалежнасць краіны. У гісторыі Беларусі былі складаныя моманты, але ж мы аднавілі сваю незалежнасць, сталі самастойнай краінай.
Так, гісторыя згуляла з намі злы жарт у 1994 годзе, але гэта не азначае канец, гэта азначае толькі адно — яшчэ раз беларускаму духу трэба падняцца, як ён падняўся ў 1863 годзе, але і вырашыць ужо гэтую задачу. Вырашыць назаўсёды.
Comments