Юрыст НАУ Арцём Праскаловіч у эфіры канала «Malanka Media»
Спрошчаны парадак атрымання расійскага грамадзянства для беларусаў — абсалютна не падарунак. Выснову можна зрабіць і па тых краінах, якія Расія хоча ахапіць такой ініцыятывай — Беларусь, Малдова, Казахстан — разлічваючы павялічваць свой уплыў на тэрыторыю гэтых дзяржаў. Хоць, як сведчыць статыстыка, ахвотных з Беларусі набыць грамадзянства Расіі становіцца менш.
Сёння атрымаць расійскае грамадзянства — значыць папоўніць шэрагі узброеных сіл Расійскай Федэрацыі. У сеціве ўжо з'яўляецца інфармацыя пра тое, што практычна адначасова з уступленнем у грамадзянства людзям уручаюць павестку на фронт, на вайну з Украінай.
Таксама важна адзначыць, што ў Расіі існуе крымінальная адказнасць за дыскрэдытацыю узброеных сіл, іншыя меры адказнасці і абавязкі, якія ўскладаюцца на грамадзян Расійскай Федэрацыі.
Беларусы, маючы расійскае грамадзянства, знаходзячыся ў любой кропцы свету, будуць таксама ахоплены гэтымі абавязкамі і магчымай адказнасцю. Адно неасцярожнае слова — і чалавек аказваецца ў вышуку. Трапляючы на тэрыторыю шэрагу дружалюбных Расійскай Федэрацыі краін, ён рызыкуе быць дэпартаваным у Расію для крымінальнага пераследу і адбыцця пакарання.
Ніякай эканамічнай, палітычнай ці якой-небудзь іншай карысці ад набыцця расійскага грамадзянства не відаць. Наяўнасць расійскага грамадзянства можа стаць, хутчэй, праблемай, чым якім-небудзь прывілеем.
コメント