Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол
Генеральныя дырэктары вядучых заводаў Беларусі адзін за адным выступаюць супраць Лукашэнкі. Прызнанне таксічнасці ўзаемаадносін з рэжымам стала ў іх ужо добрай традыцыяй. Падставай для гэтага сталі санкцыі, якія, са слоў рэжымнай прапаганды, толькі стымулююць эканоміку Беларусі.
Рэжым дарэмна спрабуе адстойваць тэзіс аб тым, які нязначны ўплыў аказваюць санкцыі на эканоміку Беларусі. Аднак разуменне адваротнага ёсць не толькі ў прадстаўнікоў беларускага грамадства, але і ў дырэктараў рэжымных прадпрыемстваў. Што ж думае іх кіраўніцтва пра палітыку Лукашэнкі і пра тое, як яны змагаюцца за зняцце санкцый?
Яшчэ 2 сакавіка 2022 года былі ўведзеныя сектаральныя санкцыі. Сярод іншых яны закранулі і буйныя прадпрыемствы — акцыянернае таварыства «Мастоўдрэў» і акцыянернае таварыства «Беларускі металургічны завод». Абмежаванні закранулі цэлы спектр крыніц даходу: імпарту, закупак, транспарціроўкі прадукцыі з беларускай драўніны, а таксама прадукцыі чорнай металургіі, аказання паслуг у профільных сектарах.
Зняцце «стымулюючых беларускую эканоміку» санкцый — праца не толькі лабістаў Лукашэнкі, але і юрыстаў, якія дарэмна імкнуцца падаваць пазовы ў суды з мэтай адмены санкцый. Рашэнне па адной з такіх спраў было агучана на мінулым тыдні. Суд Еўрапейскага саюза 6 сакавіка не задаволіў пазоў «Мастоўдрэва» і БМЗ і не скасаваў сектаральныя санкцыі.
Гендырэктар «Мастоўдрэва» Сяргей Асосаў і гендырэктар БМЗ Дзмітрый Корчык заявілі практычна ідэнтычныя паміж сабой патрабаванні і атрымалі падобныя рашэнні — Суд ЕС па сутнасці патрабаванняў у пазове адмовіў.
Патрабаванняў у кіраўнікоў прадпрыемстваў было два: прызнаць несапраўднымі сектаральныя санкцыі, якія закранулі іх прадпрыемствы, а таксама абавязаць ЕС аплаціць панесеныя заяўнікамі выдаткі.
Але асаблівую ўвагу прыцягваюць довады, якія падалі прадпрыемствы, а менавіта:
– «... заяўнік сцвярджае, што ён ніколі не меў ніякага дачынення да беларускага войска, не ўдзельнічаў у канфлікце ва Украіне і не атрымліваў ад яго выгады. Заяўнік сцвярджае, што ён не мае ніякага дачынення да падзей ва Украіне ці да беларускага рэжыму».
Кіраўніцтва «Мастоўдрэў» і БМЗ вырашылі зафіксаваць такім чынам сваё стаўленне як да пытання падтрымкі рэжыму Лукашэнкі — гэта значыць яны прызнаюць, што ў Беларусі ёсць рэжым? Так і да пытання фактычнай адсутнасці падтрымкі вайны ва Украіне.
У сваю чаргу Суд ЕС у сваім рашэнні даступна і падрабязна растлумачыў, што прычына ўвядзення сектаральных санкцый — удзел Рэспублікі Беларусь у непрымальнай і незаконнай ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны, што па міжнародным праве кваліфікуецца як акт агрэсіі, а Еўрапейскі саюз можа накладаць, калі палічыць гэта мэтазгодным, абмежаванні, накіраваныя на канкрэтныя сектары эканомікі.
У сваёй адмове ў заяўленых патрабаваннях суд зафіксаваў: саміх заяў прадстаўнікоў прадпрыемстваў аб тым, што дзейнасць прадпрыемстваў не звязаная з дзеяннямі беларускага ўрада ці войска, недастаткова для скасавання санкцый.
Рэжым Лукашэнкі актыўна падтрымлівае вайну супраць Украіны, парушае міжнароднае права і абавязанні нашай краіны, якія прапісаныя ў Статуце ААН. Мэтай гэтых сектаральных санкцый з'яўляецца аказанне ціску на рэжым Лукашэнкі, каб прымусіць яго ўстрымацца ад удзелу ў агрэсіі, яны накіраваныя на захаванне міру, прадухіленне канфліктаў і ўмацаванне міжнароднай бяспекі.
Усе санкцыі, абмежаванні і страты іміджу ўсёй краіны адбываюцца толькі з-за Лукашэнкі і яго паранаідальнага жадання ўтрымаць захопленую ўладу, яго гатоўнасці здзяйсняць усё новыя і новыя злачынствы і падтрымліваць вайну.
Comments