11 снежня Павел Латушка сустрэўся ў Брусэлі са спецыяльным пасланнікам ЕС па санкцыях Дэвідам О'саліванам. Бакі абмеркавалі комплекс праблем санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі.
Павел Латушка прадставіў пазіцыю Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі і Народнага антыкрызіснага ўпраўлення аб неабходнасці гарманізацыі эканамічных санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі і Расіі з мэтай недапушчэння абыходу санкцый (без паслаблення абмежаванняў у дачыненні да калійных угнаенняў з Беларусі).
Акрамя таго, быў прапанаваны варыянт забароны транзіту праз Беларусь і Расію падсанкцыйных тавараў альбо ўвядзення гандлёвых квот на гэтыя тавары з трэцімі краінамі на даваенным узроўні, гэта значыць да прыняцця асноўных сектаральных санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.
Таксама была выказана пазіцыя аб неабходнасці ізаляцыі Сістэмы перадачы фінансавых паведамленняў Банка Расіі і неабходнасці накладання санкцый на ўстановы і службовых асобаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі за незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей і дзеянні па абмежаванні суверэнітэту Беларусі.
О'Саліван падтрымаў падыход пра важнасць гарманізацыі санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі і санкцый, уведзеных у дачыненні да Расіі. Бакі пагадзіліся, што адсутнасць вырашэння гэтай праблемы істотна ўплывае на эфектыўнасць санкцыйнай палітыкі ЕС. Аднак існуючыя перашкоды пакуль не дазваляюць зрабіць істотны крок у пытанні гарманізацыі санкцый, абмеркаваны прапановы пра шляхі іх пераадолення.
Таксама О'Салівану былі перададзеныя апублікаваныя ў гэты дзень незалежнымі беларускімі СМІ вынікі расследавання праекта «Бюро» пра абыход санкцый на люксавыя аўтамабілі. Дадаткова перададзеныя прапановы па ўдасканаленні санкцый таксама ад Беларускага раследвальніцкага цэнтра.
Кіраўнік НАУ таксама выступіў з просьбай звярнуць увагу на важнасць увядзення санкцый у дачыненні да Саюзнай дзяржавы як інстытута, які павялічвае залежнасць Беларусі ад Расіі з мэтай наступнай інкарпарацыі нашай краіны.
Павел Латушка ініцыяваў абмеркаванне падыходу аб стварэнні дадатковага санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі для дасягнення адной з ключавых мэтаў беларускіх дэмсілаў — вызвалення палітвязняў.
Таксама падчас сустрэчы Павел Латушка перадаў пералік асоб і арганізацый рэжыму Лукашэнкі, прапанаваных для накладання санкцый (больш за 200 фізічных і юрыдычных асоб).
Плануецца, што ў наступны санкцыйны пакет ЕС за агрэсію супраць Украіны будзе уключаны шэраг вайскоўцаў і службовых асоб рэжыму Лукашэнкі.
Comments