top of page

Галоўны мытнік Лукашэнкі едзе ў Брусэль?


Сёння, дзякуючы BELPOL, стала вядома, што 27-29 чэрвеня 2024 года ў чарговай сэсіі Савета Сусветнай мытнай арганізацыі ў Бруселі можа прыняць удзел т. зв. старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Уладзімір Арлоўскі. 

У. Арлоўскі
У. Арлоўскі. Крыніца: sb.by

Што ж тычыцца сітуацыі на мяжы, то, відавочна, што яна ўзнікла не па віне ЕС або асобна Польшчы, Літвы, Латвіі. Яна выклікана ў першую чаргу гібрыднай агрэсіяй, сумесна арганізаванай рэжымам Лукашэнкі і Расіяй. Акрамя таго, важную ролю адыгрывае і іх сумесная ваенная агрэсія супраць Украіны. Такім чынам, пытанне аднаўлення працы пунктаў пропуску можа быць вырашана толькі пры ўмове ліквідацыі прычыны — гэта значыць спынення агрэсіі. 

У сувязі з гэтым узнікае шэраг пытанняў

Ці здольны Лукашэнка (а ў дадзеным выпадку яго галоўны мытнік) даць гарантыі па спыненні гібрыднай агрэсіі ў дачыненні да ЕС? Ці здольны даць гарантыі спынення саўдзелу ў вайне супраць Украіны? Ці гатовы хто-небудзь, а ў дадзеным выпадку Савет Сусветнай мытнай арганізацыі, паверыць у гэтыя гарантыі? 

І, нарэшце, што ў рэчаіснасці турбуе Лукашэнку і ягонага прадстаўніка: свабоднае перамяшчэнне праз мяжу з ЕС беларускіх грамадзян ці ж перамяшчэнне тавараў? Але гэтае пытанне, відавочна, рытарычнае. Як, у прынцыпе, і першыя два.

Лукашэнка — гэта марыянетка ў руках Крамля. Чыё становішча, знаходжанне ва ўладзе цалкам залежыць ад волі Масквы, ад яе гарантый і яе рэсурсаў. А таму ніякіх самастойных рашэнняў рэжым Лукашэнкі прымаць не здольны. Як і даваць якія-небудзь гарантыі.

У той жа час беларускі народ — не роўна рэжым Лукашэнкі. І мы, як беларускія дэмакратычныя сілы, выступаем за спрашчэнне магчымасцяў для перамяшчэння беларусаў, большасць з якіх выступае за дэмакратыю, супраць Лукашэнкі і супраць вайны. 

Але мы лічым абсалютна недапушчальным наладжванне гандлёвых адносін з прарасійскім дыктатарскім рэжымам, які масава рэпрэсуе беларусаў, масава здзяйсняе злачынствы супраць чалавечнасці, вядзе гібрыдную вайну супраць ЕС, удзельнічае ў агрэсіі супраць Украіны, здзяйсняе ваенныя злачынствы (дэпартацыя ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый) і ўдзельнічае ў абыходзе санкцый, накладзеных на Расію за агрэсію супраць Украіны. 

Важна разумець, што Беларусь і Расія маюць адзіную мытную прастору, а таксама аб'яднаныя ў т. зв. «Саюзную дзяржаву». Любыя тавары, якія ўязджаюць сёння ў Беларусь, бесперашкодна трапляюць у Расію.  

Таму наш падыход вельмі просты: масты для беларусаў, сцены для рэжыму.

І калі Савет Сусветнай мытнай арганізацыі гатовы прыняць прадстаўніка рэжыму Лукашэнкі, то ён прынамсі павінен прыняць да ўвагі гэтыя факты і не дазволіць увесці сябе ў зман.

 

Comments


bottom of page