top of page

Галоўнае пытанне для беларускага грамадства – ці можна прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці

Павел Латушка
Павел Латушка Фота: НАУ-медыя

Выступленне Паўла Латушкі, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намесніка кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі, на канферэнцыі "Адказнасць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасці і міграцыйны крызіс: перспектывы міжнароднага правасуддзя"

12.06.2023 Вільня

У 2020 годзе беларусы выступілі за дэмакратыю, за еўрапейскія стандарты, у якіх ёсць ключавы элемент — павага да закона і адказнасць за яго парушэнні.

У Беларусі мы маем сітуацыю, калі рэжым Лукашэнкі парушае закон кожны дзень. Пры гэтым справядлівасці для ахвяр няма. Дакладней кажучы, у Беларусі няма правасуддзя.

Усе інструменты правасуддзя знаходзяцца за межамі Беларусі, у дэмакратычных дзяржавах. Але няма ніводнага прыкладу, калі такія інструменты былі б ужытыя.

Якія наступствы ў апісанай сітуацыі? Беларусы перастаюць верыць у дэмакратыю, у яе прынцыпы, у дэмакратычныя сілы.

Як следства, ключавое пытанне цяпер – пачаць выкарыстоўваць прававыя інструменты прыцягнення вінаватых да адказнасці. Напрыклад, для пачатку гэта можа быць ордэр на арышт.

Калі беларусы не будуць бачыць, скажам так, "правасуддзя ў дзеянні", то яны прыйдуць да абгрунтаванай высновы: дэмакратычныя інстытуты неэфектыўныя.

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, якое падтрымлівае Аб'яднаны пераходны кабінет, займаецца прававым ціскам на рэжым. Гаворка ідзе аб універсальнай крымінальнай юрысдыкцыі, лабіяванні стварэння спецыяльнага міжнароднага трыбунала па злачынствах супраць чалавечнасці з выкарыстаннем інструментаў Рымскага статута Міжнароднага крымінальнага суда. Наша каманда падрыхтавала справаздачу аб ролі Лукашэнкі і Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі ў незаконным перамяшчэнні і перавыхаванні ўкраінскіх дзяцей у Беларусі. Даклад складаецца з дзвюх частак – адкрытай і закрытай — і змяшчае факты, дакументы і доказы асабістай адказнасці Лукашэнкі за незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі і арганізацыю перавыхавання дзяцей. Як новы элемент гэтых злачынстваў, мы выявілі ролю ў гэтым так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Пад эгідай Саюзнай дзяржавы і пры яго фінансавай падтрымцы адбываецца перамяшчэнне і перавыхаванне ўкраінскіх дзяцей.

Беларусы чакаюць Нюрбург для Лукашэнкі. У 2021 годзе мы правялі спецыяльную канферэнцыю ў Нюрбургу, дзе наша каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення прадставіла магчымыя сцэнары таго, як можа быць ажыццёўлена такое правасуддзе. Гэта было сімвалічна для нас і адчувальна для рэжыму.

Пытанне аб адказнасці – гэта пытанне і расколу элітаў. Гэта вельмі важна. Не ўсе ў рэжыме Лукашэнкі хочуць быць злачынцамі. Не ўсе хочуць здзяйсняць злачынствы.

У чыноўніка павінен быць выбар: застацца ў сістэме і здзяйсняць злачынствы, сысці ў адстаўку і не здзяйсняць злачынствы ці трэці варыянт — проста не ісці ў сістэму, дзе ты будзеш здзяйсняць злачынствы. Гэта паступова разбурыць сістэму. І гэта прывядзе да расколу элітаў. Гэта адна з нашых ключавых мэтаў. Крымінальны пераслед – адзін з ключавых элементаў расколу элітаў.

Comments


bottom of page