top of page

Вяршэнства права — прыярытэт знешняй палітыкі Швецыі


У межах серыі кансультацый з замежнымі дыпламатамі, акрэдытаванымі ў Варшаве, адбылася сустрэча намесніка кіраўніцы Кабінета Паўла Латушкі з амбасадарам Швецыі Андрэасам фон Бекератам па ініцыятыве кіраўніка дыпмісіі Швецыі. Падчас сустрэчы было адзначана, што Швецыя ў дачыненні да рэжыму ў Беларусі будзе зыходзіць з прынцыпу вяршэнства права (the rule of law). У сустрэчы таксама прымала ўдзел спікерка Каардынацыйнай Рады Анжаліка Мельнікава.

Павел Латушка прадставіў шведскаму боку інфармацыю аб запланаваных рэжымам «бязвыбарах», працягу і ўзмацненні рэпрэсій супраць беларусаў, падтрымцы Лукашэнкам расійскай агрэсіі супраць Украіны, а таксама аб ролі дэмакратычных інстытутаў і адзінстве большасці прадстаўнікоў дэмсіл Беларусі, якое было падкрэслена падчас канферэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні.

Асобна Павел Латушка спыніўся на прыярытэтах знешнепалітычнай стратэгіі дэмакратычных інстытутаў і стратэгіі прыцягнення да міжнароднай адказнасці прадстаўнікоў рэжыму за злачынствы супраць чалавечнасці і ваенныя злачынствы. Амбасадар Швецыі таксама быў праінфармаваны аб міжнароднай канферэнцыі «Прыцягненне да адказнасці за злачынствы і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі», якая адбудзецца 13 верасня ў Вільні.

Амбасадар запэўніў, што Швецыя і далей будзе праводзіць праактыўную палітыку па падтрымцы дэмакратычных сіл Беларусі, і гэты падыход не зменіцца з улікам прызначэння новай кіраўніцы Міністэрства замежных спраў Швецыі Марыі Мальмер Стэнергард.

Спікерка Каардынацыйнай Рады Анжаліка Мельнікава падняла пытанне аб міграцыйнай палітыцы Швецыі і магчымых кроках, каб палепшыць сітуацыю з наданнем статусу міжнароднай аховы беларускім уцекачам. Спікерка адзначыла, што гэта адзін з найважнейшых трэкаў, якім займаецца сёння Народная амбасада ў Стакгольме і міжнародная камісія Каардынацыйнай Рады. 

Анжаліка Мельнікава падкрэсліла, што Каардынацыйная Рада зацікаўлена ў пашырэнні супрацоўніцтва з парламентам Швецыі, у тым ліку з групай за свабодную і дэмакратычную Беларусь і камітэтам па замежных справах, у цесным супрацоўніцтве з Аб’яднаным Пераходным Кабінетам, Офісам Святланы Ціханоўскай і Народнай амбасадай у Стакгольме.

 

Comments


bottom of page