Павел Паўлавіч Латушка: Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Пасол
Днямі так званы міністр эканомікі Лукашэнкі Аляксандр Чарвякоў заявіў, што распрацавана 7 стратэгічных праектаў, якія закліканы змяніць структуру эканомікі Беларусі. Сярод прапанаваных праектаў будаўніцтва новага цэлюлознага камбіната, стварэнне перапрацоўкі базальтаў, распрацоўка сумесна з Расіяй самалёта.
Аднак, напэўна, самы маштабны сярод анансаваных праектаў — гэта будаўніцтва ў Беларусі другой атамнай электрастанцыі.
Можа быць, Лукашэнка ўжо разлічыўся за першую? Можа быць, станцыя ў Астраўцы ўжо паказала сваю эканамічную эфектыўнасць і мэтазгоднасць для краіны?
Ды не. Усё адбываецца з дакладнасцю да наадварот.
Даўгі, якія павесіў на нас Лукашэнка за свае мары аб «ядзернай дзяржаве» складаюць 10 мільярдаў даляраў. Гэта значыць больш, чым па 1000 даляраў доўгу на кожнага жыхара Беларусі, без уліку працэнтаў. Уключаючы немаўлят. Нарадзіўся ў Беларусі — і з самага нараджэння ўжо павінен. Такі вось дзіцячы капітал наадварот у «ядзернай дзяржаве» Лукашэнкі.
Прычым разлічвацца па даўгах за БелАЭС перад Расіяй Лукашэнка яшчэ нават не пачынаў. А замест гэтага ён можа ўзваліць на краіну яшчэ некалькі мільярдаў новага доўгу — за новую АЭС.
А грошай няма ад слова зусім. Настолькі, што днямі Лукашэнка стаў казаць аб зрыве Расатамам тэрмінаў запуску БелАЭС у эксплуатацыю і, адпаведна, неабходнасці кампенсацыі.
Тым часам, красавік 2024 года, на які Расія перанесла старт выплат па даўгах за БелАЭС, усё бліжэй. Без уліку працэнтаў, ужо трэба дзесьці шукаць больш за 650 мільёнаў даляраў выплаты за першы год, улічваючы, што крэдыт быў выдадзены на 15 гадоў. А дзе іх шукаць, калі іх няма?
І не прадбачыцца. І пры гэтым Лукашэнка гатовы ўвязацца ў чарговую «вялікую будоўлю», відавочна, ад зусім невялікага свайго розуму.
Вар'яцтва такога пражэктарства дыктатара і ягонага атачэння дзівіць. З якога боку на гэта не паглядзі.
Па-першае, бяспека. Першая станцыя пабудавана са шматлікімі парушэннямі і інцыдэнтамі, яны нават прымудрыліся пабіць корпус ядзернага рэактара першага энергаблока пры мантажы ў 2016 годзе. У 2020 годзе — пашкодзілі танкер сістэмы аварыйнага астуджэння. У 2022 годзе былі выяўленыя расколіны ў верхніх швах корпуса рэактара першага блока. І гэта толькі тое, што вядома.
БелАЭС уяўляе сабой рэальную пагрозу для Беларусі, для нашых грамадзян, а таксама — для нашых суседзяў.
Гэта значыць Лукашэнка ўжо заклаў «атамную бомбу» запаволенага дзеяння на захадзе Беларусі, цяпер збіраецца закласці такую ж яшчэ і ва ўсходняй частцы краіны — новую АЭС плануюць узводзіць у Магілёўскай вобласці.
Другі аспект — эканамічная мэтазгоднасць. З эканамічнага пункту гледжання нават першая АЭС мела сэнс толькі пры продажы значнай часткі электраэнергіі ў краіны Балтыі, у ЕС. Але Лукашэнка сам паставіў крыж на гэтых планах.
У сваю чаргу, сама Беларусь не мае патрэбы ў такой колькасці энергіі, колькі вырабляе і можа вырабляць Астравецкая АЭС. Пры двух энергаблоках, якія працуюць, унутраны рынак проста не ў стане спажыць увесь аб'ём электраэнергіі. А экспартаваць яе няма куды. Гэта значыць аб акупляльнасці «вялікай будоўлі» Лукашэнкі казаць наогул не даводзіцца. Па падліках спецыялістаў вытворчасць незапатрабаванай энергіі на новай АЭС можа скласці каля 90%.
І няма ніякіх падставаў, што можа нешта змяніцца ў бок росту патрэбнасці ў энергіі, тым больш у такім аб'ёме. Уся сусветная эканоміка ў мэтах росту эфектыўнасці натуральна накіравана на скарачэнне энергазатратнасці. Ключавую ролю ў ёй усё больш пачынаюць гуляць энергаэканамічныя высокія тэхналогіі і сфера паслуг, а не энергазатратныя прамысловасць і сельская гаспадарка ўзроўню стогадовай даўніны, якія займаюць значную долю — гэта значыць больш за палову — толькі ў эканоміках краін трэцяга свету. Зрэшты такой жа краінай трэцяга свету мабыць бачыць Беларусь і Лукашэнка.
Па-трэцяе, атамная станцыя, як абяцалі нам Лукашэнка і яго чыноўнікі, так і не прынесла ніякага патаннення энергіі ні для грамадзян, ні для прадпрыемстваў. Наадварот, тарыфы на электраэнергію працягваюць расці. Толькі ў 2023 годзе яны павышаліся ад 6 да 13% ужо два разы запар: у пачатку і ў сярэдзіне гэтага года. Будаўніцтва новай АЭС можа прывесці да павышэння кошту электраэнергіі яшчэ прыблізна на 40%. Пры гэтым яшчэ ў 2020 годзе, эксперты ацэньвалі кошт электраэнергіі, вырабленай на Астравецкай АЭС, у 2,5 разы даражэй, чым тая, што выраблялася з газу.
Акрамя таго, паўстае пытанне пра лёс ужо мадэрнізаваных раней ГРЭС, напрыклад, Лукомльскай гідраэлектрастанцыі, якая раней вырабляла да 30-35% усёй неабходнай краіне электраэнергіі. Раней на мадэрнізацыю Лукомльскай ГРЭС былі затрачаны значныя сродкі. Пасля ўвядзення ў эксплуатацыю Астравецкай АЭС, паўстала пытанне аб неабходнасці далейшай эксплуатацыі гэтай гідраэлектрастанцыі, так разам дзве электрастанцыі (лукомльская і астравецкая) вырабляюць энергіі значна больш, чым спажывае краіна. Зараз ГРЭС страхуе энергасістэму рэспублікі пры часовых адключэннях АЭС, але існаванне абедзвюх станцый пры іх адначасовай працы не мае эканамічнага сэнсу. Дык дзе тут хоць нейкая эканамічная мэтазгоднасць? Нідзе. Гэта наогул не пра Лукашэнку, бо яго разуменне эканомікі так і засталося на ўзроўні нядбайнага дырэктара адстаючага саўгаса.
Калі сусветныя цэны на газ былі вар'яцка высокімі, Беларусь купляла гэты самы газ у Расіі, цяпер жа, калі цэны на вуглевадароды істотна ўпалі, мы пераходзім з патаннелых энерганосьбітаў на атамную энергію. Ва ўгоду суседзям з усходу Лукашэнка паспяхова перасадзіў нас з расійскай нафтагазавай іголкі на тую ж расійскую, але ўжо атамную іголку. Ніякага руху ў бок энергетычнай незалежнасці — толькі яе пагаршэнне. А разам з тым — падкладанне расійскай атамнай бомбы пад нашу эканоміку. Ды што ўжо там — пад краіну ў прынцыпе.
Ёсць толькі некалькі зразумелых тлумачэнняў будаўніцтва другой АЭС. Першая традыцыйная і відавочная — гэта карупцыя. Лукашэнка і ягонае асяроддзе, відаць, знаходзяцца ў долі з расійскімі дзяржкарпарацыямі і чыноўнікамі, раз так заўзята гатовыя прапіхваць загадзя правальныя і эканамічна немэтазгодныя праекты.
Другая прычына — атамная станцыя патрэбная Расіі як інструмент ціску, нарошчвання вайсковай пагрозы ў дачыненні да Еўропы, як прылада шантажу заходніх суседзяў, а таксама замацавання свайго кантролю над Беларуссю. І Лукашэнка ў гэтым выпадку — толькі паслухмяны выканаўца волі сваіх крамлёўскіх гаспадароў.
Ну і трэцяя прычына — гэта хвароба любой адзяржаўленай эканомікі з яе цягай да мегапраектаў і экстэнсіўнага росту — гэта значыць росту колькаснаму, на шкоду інтэнсіўнаму росту — гэта значыць якаснаму. У такой эканоміцы, якую выбудаваў Лукашэнка, прадпрыемствы працуюць не дзеля прыбытку і паляпшэння якасці жыцця людзей, а дзеля выканання планавых паказчыкаў чыноўнікаў.
Замест ўдасканальвання існуючай вытворчасці ў адпаведнасці з патрэбамі попыту і выклікаў часу, у такіх сістэмах дзеля колькаснага росту аддаюць перавагу пашырэнню дзеючых вытворчасцей, нягледзячы на рэальную эканамічную патрэбнасць. Будаўніцтва другой АЭС знаходзіцца ў той жа логіцы. Да ўжо наяўнай неэфектыўнай і па сутнасці абсалютна непатрэбнай Беларусі станцыі Лукашэнка хоча дадаць яшчэ адну.
АЭС, якая будуецца, дазваляла дадаць у статыстыцы некалькі адсоткаў росту да ВУП. І цяпер, каб захаваць гэты рост дзеля росту, нелегітымныя ўлады запланавалі пабудаваць другую атамную станцыю. Так калісьці было ў СССР, дзе ва ўмовах вечнай мерзлаты, у нелюдзімай тайзе, стэпе або пустыні, з дапамогай дармовай працы камсамольцаў, салдат і зняволеных рылі каналы, будавалі дарогі, па якіх ніхто потым не ездзіў і не плаваў. Вынік такой бяздарнай эканамічнай палітыкі вядомы — савецкая эканоміка павалілася, а за ёй і сам Савецкі саюз.
Падобная сітуацыя назіралася і ў Кітаі часоў так званай «культурнай рэвалюцыі». Напрыклад, Мао Цзэдун, каб перагнаць Амерыку па выплаўленні чыгуну, прымусіў народ літаральна ў кожным двары і ў звычайных хатніх печах плавіць жалеза, нягледзячы на тое, што сама эканоміка Кітая не мела патрэбу ў такой яго колькасці, зрэшты як і не было попыту на нізкаякасны кітайскі чыгун за межамі Паднябеснай.
Пазней кітайскія камуністы зразумелі неэфектыўнасць і пагубнасць такой эканамічнай сістэмы. Лукашэнка ж падобна застаўся ў яшчэ камуністычнай эканамічнай парадыгме.
Выйсце з якой толькі адно: адмова ад загніваючага — не, не Захаду — а рэжыму Лукашэнкі, і ўжо зроблены ў 2020 годзе выбар грамадзян Беларусі на карысць свабоды, у тым ліку — свабоды эканамічнай.
Comments