top of page

Выступленне Паўла Латушкі на цырымоніі ўручэння ўзнагароды «Салідарнасць» імя Леха Валенсы


solidarnosc

18 верасня 2024 года, г. Варшава Палац Красіньскіх

Шаноўны Спадар Прэзідэнт

Шаноўны Спадар Міністр замежных спраў

Спадарыні і спадары Міністры

Ваша правасхадзіцельства

Паважаныя спадары і спадарыні,

Прымаць гэтую высокую ўзнагароду — вялікі гонар. І вялізная адказнасць. Але я ведаю, што я не адзін, што беларусы — не адны. Бо разам з адказнасцю, мы адчуваем і вялізную падтрымку.

Гэта магутная матывацыя для мяне асабіста і для ўсіх, хто змагаецца за дэмакратыю ў Беларусі.

Я дзякую Капітулу ўзнагароды Салідарнасці імя Леха Валенсы, Спадару Прэзідэнту, Міністру замежных спраў Рэспублікі Польшча, Яго Эксэленцыі Радаславу Сікорскаму за Вашую ініцыятыву прысуджэння ўзнагароды беларусу. Успрымаю гэта як важны стратэгічны сігнал аб прыярытэтнасці дэмакратычных зменаў у Беларусі для знешняй палітыкі Польшчы. Дзякую сардэчна, Спадар Міністр.

Дзякую кожнаму, хто змагаецца. У гэтай залі асабліва хачу падзякаваць былым кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Аляксандру Мілінкевічу і Уладзіміру Някляеву, выбітнаму беларускаму гісторыку Уладзіміру Арлову, прадстаўніку беларускай меншасці Польшчы Яўгену Вапу, калегам і калежанкам з маёй каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і прадстаўнікам дэмакратычных сілаў Беларусі, усім прысутным сёння на цырымоніі за тое, што разам падзелім гэту важную падзею. 

Дзякую ўсім, хто падтрымлівае барацьбу беларусаў за свабоду і дэмакратыю. Салідарнасць — гэта неверагодная сіла.

Я хацеў бы выказаць словы падтрымкі і салідарнасці з Польшчай у гэтыя цяжкія дні. З усімі палякамі, якія пацярпелі ад паводкі. Хачу таксама выказаць сваё захапленне салідарнасцю польскага народа. Нашы сэрцы з вамі.

І Польшча — прыклад таго, як сіла салідарнасці мяняе ход гісторыі. Вельмі многія беларусы чэрпаюць натхненне з руху Салідарнасці Леха Валенсы.

І для мяне вялікі гонар быць удастоеным узнагароды імя чалавека, які змяніў ход еўрапейскай гісторыі.

Перамога польскай Салідарнасці — гэта перамога для ўсёй Еўропы. Часткай якой з'яўляецца і Беларусь.

І я веру, што беларуская Салідарнасць, уздым якой мы ўсе ўбачылі ў 2020 годзе, таксама пераможа. Веру таму, што ў нас ёсць ваш прыклад і ваша падтрымка.

Польшча — стратэгічны партнёр для дэмакратычнай Беларусі. Сёння — для дэмакратычных сіл і грамадства. Заўтра — для дэмакратычнай дзяржавы. І гэта заўтра настане хутчэй, чым можа здавацца. Наша агульнае заўтра.

Дазвольце разпавесці адну асабістую гісторыю.

Калі я быў падлеткам і вучыўся ў школе, мы жылі ў адным пакоі з маім старэйшым братам, якога, на жаль, ужо няма на гэтым свеце. І ён увесь час, кожны дзень слухаў Polskie Radio, Program Pierwszy, навіны і як зараз памятаю Magazyn Muzyczny Rytm. Я памятаю тады пачуў песню «O Magdaleno». Не ведаю, хтосьці з прысутных ці памятае гэтую песню, але чаму я пра гэта гавару. Тады, калі я бачыў, што брат купляе польскія газеты – так, у той момант можна было набыць толькі «Trybunu Ludu», гэта былі 80-ыя – але тады зарадзілася маё жаданне вывучыць мову суседняй краіны. Потым культуру, гісторыю. І прыйшло разуменне таго, наколькі глыбока мы звязаны. Што Беларусь з'яўляецца часткай еўрапейскай гісторыка-культурнай спадчыны.

Пазней, ужо будучы міністрам культуры, я меў гонар ажыццяўляць аднаўленне Нясвіжскага палаца, Мірскага замка — былых рэзідэнцый Радзівілаў, помнікаў ЮНЕСКА. Падтрымаць стварэнне музея Чэслава Немана. Будучы паслом, ініцыяваць адкрыццё помніка Адаму Міцкевічу ў Мінску. Гэта тое, што знаходзіцца ў Беларусі і належыць да беларускай гісторыі і культуры. І гэта тое, што адначасова звязвае нас, беларусаў і палякаў.

Гэтых прыкладаў і сувязей значна больш. Мы звязаны агульнай еўрапейскай гісторыяй. Бо Беларусь — гэта еўрапейская краіна, беларусы — гэта еўрапейскі народ. Беларусь — гэта не Расія.

І наша агульная еўрапейская гісторыя павінна працягвацца.

Тым важней мець стратэгічных саюзнікаў на гэтым шляху — шляху вяртання Беларусі ў еўрапейскую прастору, у еўрапейскую сям'ю.

Я перакананы, што стратэгічнае партнёрства з Польшчай, з ЕС у цэлым будзе прыярытэтным для свабоднай дэмакратычнай Беларусі.

Яго пачатак ужо пакладзены — Польшча ўжо з'яўляецца нашым ключавым партнёрам і саюзнікам, уклад Польшчы ў падтрымку беларускіх дэмакратычных сіл і дэмакратычных памкненняў беларусаў немагчыма пераацаніць. Мы ўдзячныя польскаму ўраду і польскаму грамадству за дапамогу, якую вы аказваеце беларусам, якія вымушаны пакідаць сваю радзіму з-за масавых рэпрэсій.  І ўсё гэта вялікі задзел на будучыню, будучыню паўнавартаснага стратэгічнага партнёрства — партнёрства на ўзроўні дзяржаў.

У мяне няма сумневаў, што гэтая будучыня наступіць.

Бо я, як і мільёны беларусаў, веру ў дэмакратыю. Нават тады, калі некаторыя еўрапейскія дэмакратыі ў сабе сумняваюцца.

Мой пасыл такім краінам — будзьце вельмі асцярожныя ў сваіх сумневах.

Менавіта з сумневаў грамадства ў дэмакратычных каштоўнасьцях нараджаюцца такія як Лукашэнка. Усумніўшыся ў дэмакратыі, вы рызыкуеце вельмі хутка апынуцца пад іх уладай.

Яны забяруць у вас свабоду, правы і годнасць. На дзесяцігоддзі адкінуць вашыя краіны ў развіцці, прамяняўшы яго на залежнасць ад танных расейскіх энерганосьбітаў.

Я ведаю, што вы ўжо бачыце і чуеце такія словы. Будзьце асцярожныя. Гэта прыкметы таго, што дэмакратыя ў небяспецы. Польскі народ цудоўна ведае, як складана за яе змагацца, як складана яе набыць. Беларусы, на жаль, ведаюць, як лёгка яе згубіць. І якую цану нам даводзіцца плаціць, каб яе вярнуць.

Рэжым Лукашэнкі здзейсніў сотні тысяч (!) злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі, уключаючы забойствы, масавыя катаванні, згвалтаванні міліцэйскімі дубінкамі жанчын, мужчын, дзяцей, масавыя дэпартацыі.

Толькі за 4 гады пасля падзей 2020-га года ён пагрузіў краіну ў стан самых масавых рэпрэсій, якіх Еўропа не бачыла апошнія 50 гадоў. Гэта перманентнае рэпрэсіўнае пекла, якое не спыняецца ні на адзін дзень. Усе справаздачы праваабаронцаў гавораць аб тым, што рэпрэсіі толькі працягваюць нарастаць.

У турмах рэжыму знаходзяцца 1330 на сённяшні дзень афіцыйна прызнаных палітвязняў. Сярод іх Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, журналіст, актывіст польскай меншасці Анджэй Пачобут, былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч, лінгвістка Наталля Дуліна, грамадска-палітычная дзяячка Марыя Калеснікава. Для таго, каб пералічыць усіх спатрэбяцца гадзіны…

І гэта толькі сітуацыя ўнутры Беларусі. Але рэжым у сваіх злачынствах выйшаў далёка за яе межы. Польшча адчувае гэта на сабе. Дыверсіі. Шпіянаж. Інфармацыйная вайна і кібератакі. Рэпрэсіі польскай нацыянальнай меншасці. Міграцыйны крызіс, які працягваецца з 2021 года і які ўжо пацягнуў за сабой ахвяры з боку польскіх вайскоўцаў. Кроў забітага польскага салдата, Матэвуша Сітэка — на руках Лукашэнкі.

Назавем рэчы сваімі імёнамі — рэжым Лукашэнкі вядзе сапраўдную гібрыдную вайну супраць Польшчы, Літвы, Латвіі, супраць Еўрапейскага саюза. І ён пачаў разбураць сістэму рэгіянальнай бяспекі задоўга да лютага 2022 года.

А што адбылося далей? Акт агрэсіі. Так, менавіта так у тлумачэнні міжнароднага права называецца прадастаўленне рэжымам Лукашэнкі тэрыторыі і інфраструктуры для поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Разня ў Кіеўскай вобласці, уся гэтая кроў - на руках рэжыму Лукашэнкі. Больш за 800 ракетных удараў па Украіне з тэрыторыі Беларусі — на руках рэжыму Лукашэнкі. Перадача і вытворчасць зброі, аказанне Расіі дапамогі ў абыходзе санкцый, арганізацыя ваеннага злачынства: незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь - гэта тое, што робіць рэжым Лукашэнкі да гэтага часу.

Хтосьці скажа вам — «не ўсё так адназначна». А нехта пойдзе далей і скажа, што ставіцца да ўсяго гэтага трэба «прагматычна». Бо нібыта такая Realpolitik.

Але хіба нехта з прысутных рэальна гатовы пагадзіцца з тым, што ў XXI стагоддзі, у Еўропе будуецца таталітарная дыктатура, ідуць масавыя рэпрэсіі, здзяйсняюцца масавыя злачынствы супраць чалавечнасці, ваенныя злачынствы?

Упэўнены, што не ўбачу ў зале паднятых рук. А значыць сёння, з гэтай залі Лукашэнка павінен атрымаць пасланне:

Дыктатар, ты хочаш перагарнуць старонку? Не. Твая кніга ўжо скончылася.

Сёння бандыт знаходзіцца ва ўладзе ў Беларусі. Учыняе 3 з 4 самых сур'ёзных міжнародных злачынстваў. Доказаў злачынстваў Лукашэнкі — цэлыя тамы. Але інструменты ў руках нашых партнёраў у дэмакратычных краінах.

Я заклікаю задзейнічаць іх. Лукашэнка павінен быць аб'яўлены ў міжнародны крымінальны вышук. Адказнасць павінна наступіць. Трэба вярнуць веру беларусаў у справядлівасць, у эфектыўнасць дэмакратыі.

Гавораць, што суседзяў не выбіраюць. Але ж гэта не зусім так. У Аб'яднанай Еўропы ёсць гэтая магчымасць — абраць. Абраць, з якой Беларуссю вы будзеце жыць па суседстве.

Я звяртаюся да нашых еўрапейскіх партнёраў. Калі б сёння ў Мінску быў бы дэмакратычны ўрад, то поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны магло б не быць. Калі сёння купіць хлусню Лукашэнкі і пакінуць беларусаў адных у барацьбе з ягоным рэжымам, то вайна можа прыйсці ў Еўрапейскі саюз.

Рэжым Лукашэнкі — гэта перманентная пагроза для еўрапейскай бяспекі. Гэта факт. Але ключ да бяспекі ў Еўропе — таксама ляжыць у Беларусі. У дэмакратычнай Беларусі.

Большасць беларусаў не падтрымлівае вайну і не падтрымлівае Лукашэнку. Патэнцыял дэмакратычных перамен у Беларусі, патэнцыял беларускага грамадства — значна вышэйшы, чым у той жа Расіі. І мы разумеем, што будучыня Беларусі ў руках беларускага народа.

У пачатку выступу я сказаў: прымаць гэтую ўзнагароду — вялікі гонар. Але гэта і вялізная адказнасць.

Я ўдзячны за тое, што беларусам ёсць, з кім яе падзяліць. Бо наша агульная гісторыя — гэта наша агульная адказнасць. Мы пішам яе разам. Гісторыю будучыні — незалежнай, дэмакратычнай і еўрапейскай Беларусі.

Я прысвячаю гэтую ўзнагароду майму бацьку Паўлу і старэйшаму брату Андрэю Латушку, якія да апошняга дня свайго жыцця змагаліся за свабодную Беларусь. Майму стрыечнаму брату Анатолю Латушку, палітычнаму зняволенаму. Я абавязаны перад імі працягваць барацьбу. І давесці яе да перамогі.

Жыве Беларусь!

 

Comments


bottom of page