top of page

Выстава Алеся Пушкіна ў Варшаве


Алесь Пушкін
Алесь Пушкін. Мiнск, 2020. Крынiца: nashaniva.com

Экспанаты, створаныя на аснове медыйных артэфактаў, дакументаў і арыгінальных відэапрац з архіва мастака Алеся Пушкіна будуць прадстаўленыя ў Варшаве ў межах выставы «Аles Pushkin. AFTERLIFE». Выстава адкрыецца ў Музеі Вольнай Беларусі — праекце Народнага антыкрызіснага ўпраўлення — у дзень нараджэння мастака, 6 жніўня.

Алесь Пушкін (1965-2023) — палітвязень, мастак, акцыяніст, які дэклараваў сваю творчасць як палітычнае мастацтва. Загінуў у засценках рэжыму Лукашэнкі, быў закатаваны ў гарадзенскай турме.

Алесь Пушкін верыў, што мастацтва змяняе свет. Ён застаецца з намі насуперак смерці, бо як мастак мае вялікі прывілей: яго думкі і ідэі прысутнічаць ў яго працах. Канцэпцыя выставы грунтуецца на акцыях і перформансах Пушкіна, якія ён праводзіў з 1989 года і тэмы якіх застаюцца актуальнымі ў сённяшні гістарычны момант: «Дзень Волі», «Падарунак прэзідэнту», «Свята і Святы», «Беларускі Рэзістанс», «Супраціў Вайне».

У экспазіцыю, большую частку якой складаюць экспанаты, створаныя на аснове медыйных артэфактаў, дакументаў і арыгінальных відэапрац з архіва мастака, таксама інтэграваны арыгінальныя творы яго сяброў, калег і паплечнікаў, тых, чыя творчасць канцэптуальна звязана з яго ідэямі. У выставе прадстаўлены працы таксама Руфіны Базловай (Stitchit), Аляксандра Васюковіча, Андрэя Дурэйкі, Іяланты Кіліян, Янака Коўзеля, Максіма Тымінько, Антося Цялежнікава, Яны Шостак, Рамана Шэлла.

Музычная частка адкрыцця будзе прадстаўлена выступам Вольнага Хора. Куратар выставы — Андрэй Дурэйка.

 

* Дата і час адкрыцця: 6 жніўня, 19:00

* Месца: Музей Вольнай Беларусі, Foksal 11, Варшава (GoogleMaps)

* Працягласць экспазіцыі: з 6 жніўня да 31 жніўня

 

Праект ладзіцца ў межах праграмы ArtPower Belarus Беларускай Рады культуры і Дацкага інстытута культуры пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза і праграмы MOST+. Партнёры выставы: Human Constanta, тэлеканал «Белсат», Беларуская асацыяцыя палітвязняў «Да Волі» і Старамейскі Дом Культуры (Варшава).

Падрабязней аб выставе і імпрэзах у яе межах — у сацыяльных сетках музея.

 

Comentarios


bottom of page