top of page

Вынікі працы каманды НАУ ў 2024 годзе


Вынікі працы па прававым накірунку:

  • 2 кастрычніка Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда пачаў папярэдняе расследаванне «беларускай сітуацыі», што з'яўляецца вынікам працы НАУ, якое рыхтавала матэрыялы для перадачы ўладам Літвы. Урад Літвы накіраваў адпаведны зварот у Міжнародны крымінальны суд. Сістэма міжнароднага правасуддзя пачала сваю працу па злачынствах супраць беларусаў — і гэта важны вынік нашай працы.

  • Праведзена работа, якая дазваляе разлічваць, што ўжо ў пачатку 2025 года можа быць запушчаны адзін з механізмаў АБСЕ для маніторынгу злачынстваў у Беларусі. Вынікі бягучага года таксама дазваляюць разлічваць, што ў 2025 гаду супраць рэжыму Лукашэнкі будзе ініцыяваны спор у Міжнародным судзе ААН, які дазволіць прыцягнуць яго да адказнасці.

  • У Варшаве адбыўся арганізаваны НАУ сайд-івэнт у рамках Варшаўскай канферэнцыі па правах чалавека на тэму «Мабілізацыя Маскоўскага механізму АБСЕ для вывучэння прымусовага перамяшчэння беларусаў і іх экстратэрытарыяльнага пераследу» для прыцягнення максімальна шырокай міжнароднай увагі да злачынстваў прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі супраць беларусаў.

  • 2 снежня ў горадзе Гаага ўпершыню ў рамках сесіі Асамблеі Міжнароднага крымінальнага суда адбылося спецыяльна арганізаванае мерапрыемства, прысвечанае перспектывам разгляду ў МКС «беларускай сітуацыі»: «Беларуская сітуацыя ў МКС: юрысдыкцыя МКС і неабходнасць падтрымкі дзяржавамі-ўдзельніцамі».

  • Нацыянальная пракуратура Польшчы 4 верасня прыняла пастанову аб арышце трох грамадзян Беларусі, падазраваных у здзяйсненні злачынства, звязанага з захопам грамадзянскага самалёта Ryanair: былога дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства «Белаэранавігацыя» Леаніда Чура, начальніка змены ў авіякантрольнай службе Яўгена Цыганова і высокапастаўленага афіцэра КДБ, прозвішча якога таксама вядома.

Вынікі працы па накірунку санкцыйнага ціску:

У 2024 годзе Народнае антыкрызіснае ўпраўленне ініцыявала і падрыхтавала абгрунтаванне прыняцця шэрагу міжнародных санкцый і абмежавальных мер супраць рэжыму Лукашэнкі і яго хаўруснікаў.

  • Санкцыі супраць асабістага самалёта Аляксандра Лукашэнкі. 9 жніўня прапановы і абгрунтаванні каманды НАУ знайшлі адлюстраванне ў санкцыях ЗША супраць самалёта дыктатара №1 — Boeing 767, што завяршыла нашу працу па ўвядзенні санкцый на ўсе паветраныя судны Лукашэнкі. Сёння пад санкцыямі знаходзяцца 4 самалёты і 1 верталёт дыктатара.

  • Гарманізацыя санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі і Расіі. НАУ неаднойчы ўносіла прапановы ўвядзення ўзгодненых мер і гэтыя прапановы былі ўлічаны ў рашэнні Савета ЕС ад 29 чэрвеня 2024 года, які выключае магчымасць заробку рэжымам на абыходзе абмежаванняў, якія ўжываюцца да ВПК Расіі.

  • Абмежаванне транзіту падсанкцыйных тавараў праз Беларусь. НАУ дакументальна зафіксавала злоўжыванні транзітнымі схемамі, якія ўжываюцца рэжымам для абыходу санкцый. Нашы доказы знайшлі адлюстраванне ў прававых нормах, замацаваных рашэннем Савета ЕС ад 29 чэрвеня 2024 года, якое істотна ўскладніла выкарыстанне «ілжывых» транзітных маршрутаў.

  • Санкцыі супраць Сістэмы перадачы фінансавых паведамленняў Банка Расіі (СПФС). Наша абгрунтаванне неабходнасці санкцый супраць СПФС — сістэмы, якая выкарыстоўваецца для абыходу ўведзеных фінансавых санкцый і аплаты падсанкцыйных тавараў, неабходных ВПК РФ для агрэсіі — было ўлічана ў 14-м пакеце санкцый ЕС супраць Расіі ад 24 чэрвеня 2024 года.

Санкцыі ЕС супраць асобных прадстаўнікоў рэжыму:

На падставе дас’е, падрыхтаваных і перададзеных камандай НАУ, Еўрапейскім саюзам уведзеныя санкцыі супраць:

  • 24 суддзяў рэжыму,

  • 10 супрацоўнікаў пенітэнцыярнай сістэмы,

  • 3 вядучых прапагандыстаў.

Дадатковыя санкцыі, прынятыя саюзнікамі ЕС на падставе прапаноў НАУ і іншых дэмакратычных ініцыятыў:

  • ЗША (9 жніўня): супраць прадпрыемстваў ВПК і іх кіраўнікоў;

  • Канада (9 жніўня): супраць суддзяў, ваенных рэжыму і прадпрыемстваў ВПК;

  • Вялікабрытанія (3 кастрычніка): супраць ЗАТ «Альфа-банк»;

  • Новая Зеландыя (24 верасня): супраць кіраўніка Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, «БелОМА» і Аршанскага авіярамонтнага завода.

Акрамя таго, дзякуючы нашым ініцыятывам, ЕС, ЗША і Канада ўвялі санкцыі ў дачыненні да Аляксея Талая і яго фонда, БРСМ, кіраўніка гэтай арганізацыі Аляксандра Лук'янава, а таксама дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Дзмітрыя Мезенцава — усе яны датычныя да ваеннага злачынства: незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі.

Таксама 8 верасня 2024 года НАУ перадало ў МУС Польшчы матэрыялы для ўвядзення нацыянальных санкцый у дачыненні да 20 сілавікоў і 26 прапагандыстаў рэжыму Лукашэнкі за развязаную міграцыйную вайну.

Вынікі працы Музея Вольнай Беларусі — праекта НАУ

У 2024 годзе працягнуў сваю дзейнасць праект каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення — Музей Вольнай Беларусі, які знаходзіцца па адрасе Варшава, ul. Foksal, 11. 


  • Праведзена больш за 150 культурна-адукацыйных мерапрыемстваў, удзельнікамі якіх сталі больш за 8,5 тысяч чалавек.

  • Аб’ём фонду музея перавысіў 300 арыгінальных экспанатаў з найноўшай гісторыі беларускага пратэсту.

  • Упершыню адбыліся экспазіцыі з уласных фондаў музея — фотапраект Сяргея і Дзмітрыя Брушко «REVISION 30» і «Несціхаючыя галасы» — праект, прысвечаны ролі жанчын у беларускім дэмакратычным руху.

  • Выйшаў у друку першы Каталог артэфактаў Музея Вольнай Беларусі.

  • Узмацніліся міжнародныя сувязі музея: устаноўлены партнёрскія стасункі музея з прадстаўнікамі амбасад больш як 20 краін свету, а таксама Сейма, Сената, Міністэрства замежных спраў, Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы, Варшаўскай мэрыі. 

  • НАУ і Музею Вольнай Беларусі ўдалося сабраць спонсарскія сродкі ў памеры звыш 2 300 еўра і выдаць кнігу аднаго з вядомых беларускіх аўтараў, які зараз жыве ў замежжы, а таксама сабраць сродкі ў памеры 12 250 еўра на пастаноўку спектакля тэатральнай трупы «Вольныя Купалаўцы», падрыхтоўка якога распачата ў снежні бягучага года.

Вынікі працы праекта «Кадравы Рэзерв»:


  • Арганізаваны 2 адукацыйныя візіты, якія дазволілі ўдзельнікам пазнаёміцца з працай дзяржадміністрацыі ў Літве і еўрапейскіх інстытуцый у Бельгіі.

  • 10 прац з канцэпцыямі будучых рэформ у Беларусі напісана ўдзельнікамі кампаніі.

  • Адбылося абмеркаванне 6 канцэпцый будучых рэформ у Беларусі, прапанаваных запрошанымі экспертамі, якое прыцягнула больш за 680 каментароў удзельнікаў кампаніі.

  • Створана Кадравая матрыца — прастора, дзе ўдзельнікі кампаніі могуць пазначыць, на якіх пасадах бачаць сябе ў Новай Беларусі.

  • Праведзена анлайн-сустрэча «Шлях да дэмакратыі: прапановы і магчымасці» для ўдзельнікаў «Кадравага Рэзерву» з прадстаўнікамі дэмакратычных сіл.

  • 7 відэа-інтэрв'ю з удзельнікамі кампаніі «Кадравы Рэзерв» аб бачанні рэформ у Новай Беларусі.

  • 2 цыклы анлайн-лекцый: з удзелам літоўскіх палітычных і грамадскіх дзеячаў; цыкл лекцый «Спецкурс: Шлях да дэмакратычнай Беларусі» з прыцягненнем выбітных беларускіх навукоўцаў і аналітыкаў.

  • Па выніках года ў Кадравым Рэзерве знаходзіцца 700 удзельнікаў, 30% з якіх знаходзяцца ў Беларусі.

Дадаткова:

  • Каманда НАУ аказала фінансавую падтрымку Беларускай асацыяцыі палітвязняў «Да Волі» ў памеры каля 2,5 тысяч злотых.

  • Чальцы НАУ Павел Латушка і Уладзімір Астапенка працягваюць падтрымку дыпламатычнага курса «Новыя кадры для Новай Беларусі» ў рамках праекта Цэнтра даследаванняў Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта. За час рэалізацыі праграмы дыпломы атрымалі 74 выпускнікі.

  • Распрацавана і прынята стратэгія дэмакратычных сіл на бязвыбары-2025, а таксама праведзены мерапрыемствы па тэматыцы транзіту ўлады: «Шляхі выхаду з палітычнага крызісу ў Беларусі на прыкладзе польскага Круглага стала» і «Ад Саюзнай дзяржавы да транзіту ўлады», у межах апошняга з якіх распрацаваны базавы дакумент па транзіце ўлады ў Беларусі.

  • Сумесна з Беларускай асацыяцыяй палітвязняў «Да Волі» ў рамках праекта «Зямля» аказана падтрымка ў атрыманні 126 віз, у тым ліку 117 гуманітарных віз для беларусаў, якіх пераследуе рэжым Лукашэнкі.

  • Прадстаўнікі НАУ сталі ўдзельнікамі працоўнай групы па пытаннях, звязаных са знаходжаннем грамадзян Беларусі ў Польшчы, паміж Міністэрствам унутраных спраў Польшчы і прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сіл; працоўнай групы па пытаннях супрацоўніцтва з няўрадавымі арганізацыямі, заснаванай Міжведамаснай працоўнай групай Польшчы па пытаннях міграцыі.

 

Далучайцеся да нас у сацыяльных сетках:

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне:

Музей Вольнай Беларусі:

 

Comentários


bottom of page