top of page

Вы можаце бяспечна выказаць свой пратэст


— Арцём Брухан, намеснік прадстаўніка па транзіце ўлады Кабінета, — да рэгіянальных чыноўнікаў Беларусі:

«На нашых вачах праходзяць так званыя "выбары" ў Беларусі — звычайная імітацыя, інструмент захавання ўлады састарэлым дыктатарам. Што адбываецца на месцах, лепш за іншых ведаеце менавіта вы, рэгіянальныя чыноўнікі.

Вы штодня сутыкаецеся з рэальнымі праблемамі людзей. І сёння, у момант, калі будучыня Беларусі стаіць перад пагрозай страты суверэнітэту, ваша роля асабліва важная. Пры гэтым чамусьці прапагандысты гавораць, што ў выпадку няўдач ва ўсіх праблемах вінаватыя вы, а не Лукашэнка.

Калі перамены прыйдуць — а яны непазбежныя, гісторыя гэта даказала шматкроць, — менавіта мясцовыя ўлады стануць ключавым звяном у працэсе аднаўлення краіны. Гэта магчымасць для вас стаць сапраўднымі лідарамі, блізкімі да людзей. Ва ўмовах транзіту ўлады і дэмакратычных перамен рэгіянальныя ўлады павінны атрымаць больш паўнамоцтваў і рэсурсаў для рэальнага вырашэння праблем на месцах.

Цяпер перад вамі стаіць выбар: застацца часткай сістэмы, якая працуе на знішчэнне даверу да інстытутаў улады і ў выніку сысці ў нябыт разам з ёй, ці ўжо сёння пачаць рыхтавацца да пабудовы Беларусі, дзе за меркаванне не саджаюць у турму і не звальняюць з працы за тое, што твой сваяк цікавіцца палітыкай, — Беларусі, дзе кожны чыноўнік працуе для людзей, а не супраць іх.

Вы можаце бяспечна выказаць свой пратэст супраць таго, што вас прызначаюць крайнімі за ўсе праблемы. Прыслухайцеся да галасоў сваіх суграмадзян. Пастаўце знак у графе «супраць усіх». А калі ў вас будзе магчымасць — зафіксуйце рэальныя вынікі для будучыні.

 

Comments


bottom of page